Бабруйскаму блогеру пагражаюць крымінальнай справай

2013 2013-09-09T17:55:32+0300 2013-09-09T17:56:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhalnou.jpg
Алег Жалноў, блогер з Бабруйска. Фота: baj.by

Алег Жалноў, блогер з Бабруйска. Фота: baj.by

Службе маніторынгу ГА “БАЖ” стала вядома пра выпадак, які адбыўся 4 верасня ў Бабруйску з удзелам вядомага мясцовага блогера Алега Жалнова.

Зафіксаваныя пры дапамозе аўдыё- і відэатэхнікі парушэнні ён змясціў у блогу.

4 верасня сп. Жалноў з сынам каля будынка мясцовага ДАІ (вул. Лынькова, 6) знялі на відэа парушэнне правіл дарожнага руху – няправільную паркоўку машын на тратуары. Па словах Жалнова, машыны належалі супрацоўнікам аддзела наркакантролю, які месціцца ў тым жа будынку.

Блогер звярнуўся з вуснай заявай з гэтай нагоды да інспектара ДАІ Аляксандра Бутоўскага, які таксама заехаў у той час на тратуар. Інспектар заявіў, што яго працоўны дзень скончаны, і выклікаў па мабільным тэлефоне іншых работнікаў міліцыі.

Супрацоўнікі ДАІ, што прыбылі на месца (Аляксандр Аляксандраў, Віталь Падута, Яўген Сераштанаў), спрабавалі забараніць відэаздымкі, а пасля затрымалі абодвух Жалновых, звінаваціўшы ў парушэнні п. 35 правілаў дарожнага руху (неабгрунтаванае стварэнне першкодаў руху транспартнага сродку).

З прымяненнем сілы абодвух зацягнулі ў будынак і павалілі на падлогу, надзеўшы кайданкі. Затым даставілі ў міліцыю, дзе правялі асабісты дагляд і забралі некаторыя рэчы: тэлефоны, відэакамеру, смартфон, банкаўскія карткі, пропуск на працу, пашпарты.

Затрыманых адпусцілі праз тры гадзіны, пасля таго, як следчы ўзяў з іх тлумачэнні. Рэчы вярнулі вечарам наступнага дня, але відэакасету і карту памяці смартфона, дзе былі зафіксаваныя падзеі каля будынка ДАІ, так і не аддалі.

Жалноў кажа, што ў ДАІ яго пагражалі “пасадзіць” па крымінальнай справе – нібыта за непадпарадкаванне і нанясенне цялесных пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі.

Па словах Жалнова, у часе затрымання з імі абыходзіліся настолькі брутальна, што яму пасля давялося выклікаць хуткую. А пасля вызвалення ён звярнуўся ў паліклініку да неўролага, які зафіксаваў пашкоджанне падскурнага нерва на правай руцэ. Прайшоў ён таксама судова-медыцынскую экспертызу і падаў заявы ў пракуратуру і на імя міністра ўнутраных спраў.

Раней у аб'ектыў блогера таксама не раз траплялі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Яны тройчы спрабавалі прыцягнуць яго да адказнасці па адміністратыўных справах. Двойчы бабруйскі суд выносіў рашэнні на карысць Жалнова, а на трэці раз супрацоўнікі УУС самі адмовіліся ад прэтэнзій.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international