Светлагорскі СК не жадае прызнаваць віну супрацоўнікаў міліцыі ў смерці Аляксандра Акуліча

2013 2013-09-05T19:23:00+0300 2013-09-05T12:26:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sk-emblema.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Светлагорска Валянціна Акуліч атрымала з Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта чарговую пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе сына Аляксандра Акуліча ў ІЧУ Светлагорскага РАУС у траўні мінулага года.

Папярэднюю пастанову жанчына абскардзіла з дапамогай юрыстаў ПЦ "Вясна". У ліпені бягучага года яна накіравала падрыхтаваную праваабаронцамі скаргу аб нязгодзе з вынесенай пастановай у раённую пракуратуру і раённы аддзел СК. У сувязі з гэтай скаргай 1 жніўня начальнік Светлагорскага РАСК Аляксандр Прыкалоцін адмяніў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ад 9 чэрвеня 2013 года, была адноўлена даследчая праверка. Таксама па хадайніцтве Валянціны Акуліч была прызначаная дадатковая судова-медыцынская экспертыза.

Маці Аляксандра Акуліча прасіла прызначыць дадатковую экспертызу для вырашэння пытання аб тым , ці мелася прамая прычынна-следчая сувязь паміж смерцю яе сына і несвоечасова аказанай медыцынскай дапамогай з боку супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС Бачко А.А. і Сцешанкова Р.В., якія дзяжурылі ў той злашчасны дзень па ІЧУ. Але, у чарговы раз адмаўляючы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы "за адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі складу злачынства", следчы Вячаслаў Петачэнка не дае ацэнкі іх дзеянням. Сваю пастанову ён выносіць 10 жніўня, не чакаючы вынікаў экспертызы, якая была скончана 21 жніўня.

Між тым, звярнуць увагу ёсць на што. У адпаведнасці з матэрыяламі праверкі, апытаная фельчар станцыі хуткай дапамогі патлумачыла, што 26 траўня 2012 года выклік з РАУС (пра тое, што неабходна медыцынская дапамога аднаму затрыманаму, бо яму стала дрэнна і ён неадэкватна сябе паводзіць) паступіў у 01:05, а прыбыўшы ў РАУС у 01:10, яна ўбачыла мужчыну, які ляжаў у калідоры камернага блока ІЧУ ўжо мёртвым. Апытаны дзяжурны па ІЧУ РАУС Сцешанкоў растлумачыў, што са сваім напарнікам Бачко яны прынялі рашэнне вывесці Акуліча з камеры "з той мэтай, каб завесці ў следчы пакой і ў выпадку неабходнасці выклікаць хуткую дапамогу, бо паводзіны апошняга былі характэрны алкагольнаму псіхозу" . Таксама імі было прынятае рашэнне прымяніць да Акуліча фізічную сілу. І адбывалася ўсё гэта, са слоў Сцешанкова, каля 01:00. Гэта значыць , за 5-10 хвілін да смерці затрыманага. Але! У матэрыялах праверкі таксама паказваецца, што, паводле запісаў у журнале прымянення фізічнай сілы і спецсродкаў, ужываліся яны да затрыманага Акуліча з 00:30. Што хаваецца за такім разыходжаннем ў часе? Верагодна, той факт, што Сцешанкоў і Бачко на працягу паўгадзіны збівалі чалавека, які знаходзіўся ў хваравітым стане - замест своечасовага аказання яму медыцынскай дапамогі. Цікава, што маці памерлага і праваабаронцы ўказалі на гэтую акалічнасць у сваёй скарзе, але ні следчы Петачэнка, ні супрацоўнікі РАУС, якія давалі тлумачэнні ў ходзе праверкі, не надалі гэтаму сваёй увагі.

У заяве аб нязгодзе з адмовай ва ўзбуджэнні крымінальнай справы Валянціна Акуліч прасіла паставіць перад дадатковай экспертызай канкрэтныя пытанні:

1. Ці своечасова аказана медыцынская дапамога Акулічу А.А.? Калі не, то якія былі наступствы несвоечасовага аказання меддапамогі?
2. Ці была магчымасць у дадзеных умовах пазбегнуць устаноўленага ў Акуліча А.А. захворвання (або яго абвастрэння)?
3.
Якая неадкладная медыцынская дапамога была неабходная Акулічу А.А. у перыяд з 22:00 25.05.2012?
4. Ці магла такая неадкладная дапамога быць аказана Акулічу А.А. брыгадай хуткай дапамогі, у стацыянарн
ай медыцынскай установе?
5.
Ці была смерць Акуліча А.А. непазбежнай пры своечасова аказанай медыцынскай дапамогі?
6. Ці былі ў Акуліча А.А. супрацьпаказанні да лячэння?

Варта адзначыць, што ў выкладзе сваіх высноваў экспертная камісія прадэманстравала вялікую цынічнасць. На першае пытанне аб своечасовасці меддапамогі супрацоўнікі дзяржкамітэта судовых экспертыз адказваюць: "Якой-небудзь медыцынскай дапамогі Акулічу А.А. не аказвалася ў сувязі з тым, што па прыездзе ўжо была канстатавана яго біялагічная смерць". А ў адказ на астатнія пытанні эксперты абмежаваліся заўвагай: "Судова - медыцынская экспертная камісія не займаецца якімі-небудзь прагнозамі, а ацэньвае толькі аб'ектыўна устаноўленыя факты, у сувязі з гэтым адказаць на гэтыя пытанні не ўяўляецца магчымым".

Гэтая справа застаецца ў поле зроку праваабаронцаў "Вясны", якія і надалей будуць дапамагаць Валянціне Акуліч дамагацца ўстанаўлення ісціны ў сітуацыі са смерцю яе сына.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international