viasna on patreon

Пікет прафсаюзу РЭП у Віцебску – пад забаронай

2013 2013-09-05T11:51:38+0300 2013-09-05T11:55:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zabarona1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валерый Міснікаў, прававы інспектар прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці па Віцебскай вобласці, атрымаў адмову на сваю заяўку на правядзенне пікету, прысвечанага сацыяльным праблемам працоўных. Адміністрацыя Чыгуначнага раёну забараніла акцыю.

Паводле спадара Місьнікава, пікет планаваўся на нядзелю, 8 верасня. Колькасць удзельнікаў – адзін чалавек, а мэта - пратэст супраць прынятай Пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2013 г. № 569 «Аб мерах па рэалізацыі Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”.

"Я лічу, што пастанова пра дзяржаўную дапамогу мае дыскрымінацыйны характар. Яна пагаршае ўмовы жыцця пэўных сацыяльных катэгорыяў асобаў. Прыкладам, тых, хто працуе меньш за паўгода. Тлумачу: раней сярэдні заробак для атрымання грошай падчас знаходжання на бюлетэні разлічваўся за апошнія тры месяцы, а цяпер – за шэсць. А калі чалавек уладкаваўся на працу два месяцы таму і захварэў? Заробак за два месяцы цяпер падзеляць на шэсць, а раней дзялілі на тры. Атрымлівалася болей, а цяпер стала меней.  Або такія змены: раней за першыя шэсць дзён на бюлетэні плацілі 80% заробку, з сёмага – ужо 100%. А цяпер 80% будуць на працягу 12 дзён. Для дзяржаўнага бюджэту атрымліваецца эканомія, а людзі – пацерпяць".

Патлумачыць жыхарам Віцебску гэтую простую арыфметыку праваабаронцу не дазволілі. З адміністрацыі Чыгуначнага раёну напісалі, што забараняюць акцыю на падставе рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб арганізацыі і правядзенні масавых акцый".

Гэтае рашэнне на працягу апошніх трох гадоў з'яўляецца для ўладаў "законнай прычынай" для парушэння права асобы на свабоду сходаў і публічнае выказванне сваіх меркаванняў. Прыняты  ў ліпені 2009 года стварылі нарматыўны акт "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску" № 881, які прад'яўляе дадатковыя і, як выявілася, практычна невыканальныя патрабаванні да арганізатараў масавых мерапрыемстваў, які ладзяцца без удзелу дзяржавы.

Паводле рашэння гарвыканкама, пры падачы заяўкі на правядзенне мерапрыемства да яе неабходна прыкласці дамовы на абслугоўванне з міліцыяй, камунальшчыкамі і паліклінікай. Аднак гэтыя структуры адмаўляюцца заключаць дамовы, пакуль не атрыманы дазвол уладаў на правядзенне акцыі.

І хаця рашэнне Віцебскага гарвыканкаму супярэчыць частцы 4 артыкула 6 Закона "Аб масавых мерапрыемствах", артыкулу 35 Канстытуцыі і артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах,  гарадскія чыноўнікі ў гэтым праблемы не бачаць. Яны не пагаджаюцца змяніць сваё рашэнне, колькі гэтага не дамагаюцца мясцовыя актывісты і праваабаронцы. Праз гэта на працягу ўжо некалькіх год у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі, ініцыяванай прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадскасці.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства