Віцебскаму незалежнаму журналісту абвешчана папярэджанне

2013 2013-09-03T13:44:33+0300 2013-09-03T13:44:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhygulou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Незалежны журналіст Уладзімір Жыгулоў (Віцебск)

Незалежны журналіст Уладзімір Жыгулоў (Віцебск)

Незалежны журналіст Уладзімір Жыгулоў атрымаў афіцыйнае папярэджанне, падпісанае намеснікам пракурора Віцебскай вобласці Георгіем Каранько. Спадара Жыгулова вінавацяць у працы без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі – газету "Витебский курьер", зарэгістраваную ў Смаленску.

Пракурор Павел Зайцаў, да якога быў выкліканы незалежны журналіст, збіраўся ўзяць тлумачэнні адносна прэцэдэнту ў абласным псыхіятрычным шпіталі. 21 жніўня Уладзімір Жыгулоў прыехаў туды па запрашэнні галоўнага лекара Алены Мартынавай, якая пагадзілася на інтэрв'ю пра працу гэтай установы і пра стан Ігара Пастнова, змешчанага сюды на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.

Аднак, як  раней, ад  гутаркі з журналістам А.Мартынава адмовілася, спаслаўшыся на занятасць. А намеснік Ігар Свіркуноў, да якога накіравала Уладзіміра Жыгулова, размаўляць з журналістам не стаў увогуле. Ен заявіў, што газета "Витебский курьер", дзе падрабязна выкладаецца гісторыя  Ігара Пастнова,  не зарэгістравана ў Беларусі.

На думку Уладзіміра Жыгулова, менавіта  інтарэс грамадскасці да справы Пастнова стаў падставай для "пільнасці" пракуратуры:

"Мне паказалі некалькі старых газет, за 2011, 2010 гады. Але тады пракуратура маўчала! Цяпер у матэрыялах па маёй справе ёсць рапарт супрацоўнікаў міліцыі і падрабязныя паказанні намесніка галоўнага псіхіятрычнага шпіталя  Ігара Свіркунова. Інтэв'ю з ім, між іншым, так і не адбылося, бо ён не стаў са мной размаўляць. Канешне, яно не было нідзе надрукавана, бо я нічога і не пісаў. Але пракуратура палічыла, што дастаткова факту маёй сустрэчы са Свіркуновым. Увогуле ж газета "Витебский курьер" у друкаваным выглядзе ўжо досыць даўно не выходзіць. Я лічу, што пракуратуры была патрэбная любая фармальная падстава, каб прымусіць мяне "замаўчаць", але я на гэта не паддамся".

Праваабаронца Павел Левінаў, які прысутнічаў у пракуратуры як грамадскі прадстаўнік Жыгулова, звяртае ўвагу на тое, што папярэджанне было падрыхтавана загадзя:

"Жыгулоў адмовіўся даваць тлумачэнні, скарыстаўшыся правам, дадзеным артыкулам 27 Канстытуцыі – што чалавек можа не сведчыць супраць сябе. Але ніякія тлумачэнні пракуратуру не цікавілі: пракурор Павел Зайцаў прыйшоў на гутарку з Жыгуловым з ужо гатовым папярэджаннем. Так што скажы ён нешта ў сваю абарону ці не – гэта нічога б не змяніла…"

Уладзімір Жыгулоў збіраецца абскардзіць папярэджанне пракуратуры. Ен лічыць, што яно вынесена незаконна, і  што нават падчас сустрэчы з пракурорам Зайцавым закон парушаўся. Ужо не кажучы пра парушэнне права кожнага чалавека на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, якое парушыла віцебская абласная пракуратура.  

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international