Дзейнасьць па вызваленьні палітвязьняў - першачарговая задача ў поствыбарчы перыяд

2013 2013-09-03T11:21:55+0300 2013-09-12T13:08:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

 

2 верасьня 2012, Бабруйск

Пасьля візіту “масак” уранку 20-га сьнежня 2010 году мы ўжо не разьяжджаліся. Я патэлефанаваў дадому, што жывы, здаровы і на свабодзе, патэлефанаваў Уладзю, папярэдзіў, што яго шукалі невядомыя госьці, папрасіў, каб ён прыхаваўся і не мільгаў на людзях. З аднаго боку, не было прычынаў яго арыштоўваць, усю выбарчую кампанію ён, як і ўсе мы, адпрацаваў у назіраньні, і чаму тады шукалі і пыталіся пра яго, а не мяне ці Валянціна Стэфановіча. Але ён яшчэ сакратарнічаў у Фронце, і, хто яго ведае, можа яго вырашылі падхапіць як ахвярную авечку ад БНФ. І хаця Костусева выпусьцілі, але хто іх ведае, гэтых вырашальнікаў лёсу многіх людзей у такі нярвовы час.

Ужо мы ведалі пра хвалю арыштаў, якая пракацілася па кандыдатах у прэзідэнты і кіраўнікоў іхніх выбарчых штабоў. З больніцы на коўдры ў “амерыканку” пацягнулі У. Някляева, былі арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты М. Статкевіч, А. Міхалевіч, В. Рымашэўскі, А. Саньнікаў. Зьява нечуваная! Каб на наступны дзень пасьля выбараў пяцёра з дзесяці кандыдатаў апынуліся арыштаванымі. Гэта хіба што сусьветны рэкорд у гісторыі прэзідэнцкіх выбараў. Вартым жалю глядзеўся выступ па БТ кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Яго псіхалагічна зламалі і паказалі народу, як паказвалі відных камуністаў — “ворагаў народу” у 30-я гады.

Гэта ўсё было адной суцэльнай няпраўдаю, жахлівым трызьненьнем, з якім трэба было неадкладна штосьці рабіць.

На офіс прыйшлі і нашыя замежныя сябры. Яны былі надзвычай устрывожаныя і ўсхваляваныя. “Чым мы можам дапамагчы?”— пыталіся Берыт і Роберт. “Будзьце з намі, — адказаў я, — нічым канкрэтным вы зараз не дапаможаце, але вашая прысутнасьць не зашкодзіць”. Па іх заклапочаных тварах было відаць як блізка да сэрца яны прынялі ўбачанае учора і ў дадатак пачутае пра нашыя начныя прыгоды.

У офісе стаяў лёгкі вэрхал. Валяліся ў ворах скінутыя кампутарныя драты, на стале было вываленае ўначы падчас агляду зьмесьціва шуфлядак.

Нашая прэс-канфэрэнцыя прайшла спакойна і без эмоцыяў. Спакой быў мёртва-прыгнечаным, а эмоцыяў пасьля бурнай ночы і крытычнай раніцы ўжо не было. Выбары мы ахарактарызавалі як непразрыстыя, зачыненыя. Афіцыйныя вынікі, хоць і не былі яшчэ абвешчаныя, не выклікалі ніякага даверу. Нашым назіральнікам амаль на ўсіх участках, дзе яны назіралі, не далі ўбачыць за каго ж насамрэч былі бюлетэні. Пры такім падліку галасоў, які праводзілі кантралюемыя выканаўчымі ўладамі камісіі, за кандыдата-фаварыта можна было атрымаць любыя працэнты “падтрымкі”. Падкрэсьліваю — любыя!

Праз дзьве гадзіны пасьля нашай сваю прэс-канфэрэнцыю правяла місія міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ. Іхнія высновы практычна супадалі з нашымі.

Усё, што мы рабілі ў наступныя дні, тыдні і месяцы апісаць немагчыма, бо гэта можа нашкодзіць працы праваабаронцаў у будучыні, таму спынюся толькі на некаторых эпізодах. Скажу толькі адно, што мы ўсе свае намаганьні, сувязі і ўплывы накіравалі на вызваленьне палітычных зьняволеных. Усе іншыя нашыя планы і праекты, у тым ліку і спадзяваньне на пасьлявыбарчы адпачынак пасьля напружанай працы ў назіраньні, адыйшлі на задні план. Бо нішто так не прыгнятае грамадзкую атмасферу як наяўнасьць у краіне палітзьняволеных. Як мы не імкнуліся ў папярэднія два гады, пасьля выпуску з зоны Аляксандра Казуліна, умацаваць гэтую сітуацыю адноснай адсутнасьці палітычных зьняволеных, усё лопнула ўмомант. Грамадзка-палітычная адліга ў краіне аказалася мыльнай бурбалкаю.

Дэманстранты былі абвінавачаныя ў спробе гвалтоўнага захопу ўлады. Па дзяржаўных тэлеканалах быў паказаны правакацыйны фільм “Жалезам па шклу”. У падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту абвінавачвалася большасьць кандыдатаў у прэзідэнты, у чым ім дапамагала Германія і Польшча.

Брыдкаю была і публікацыя “За кулісамі адной змовы” (ад 15.01.2011) у газеце “Советская Белоруссия”, афіцыйным рупары уладаў. Напрыканцы ў гэтай публікацыі, сюжэтна аніяк не прывязаны, згадваўся і Праваабарончы Цэнтр “Вясна”. А менавіта, цытавалася вытрымка з скайпавай размовы мяне і аднаго з нашых польскіх сяброў. І калі праўдападобнасьць гэтай размовы выклікала сумнеў, то фотаздымкі дамовы аб супрацоўніцтве “Вясны” са шведскай арганізацыяй “Абаронцы грамадзянскіх правоў”, а таксама адной распіскі аб атрыманьні дапамогі адным з аштрафаваных уладамі актывістаў, моцна насьцярожыла нас. Адразу прыгадаўся ўзлом невядомымі шуфлядак у нашым офісе. Гэтая распіска акурат і ляжала ў шуфлядцы. Прыгледзеўшыся да здымка, можна было зразумець, што зроблены ён быў уначы, бо збоку ад здымка быў выразна бачны цень ад абажуру настольнай лямпы. Відавочна, гэтыя “кампраметуючыя” здымкі ўставілі ў матэрыял чыста для постраху, бо яны зусім ня мелі ніякага дачыненьня, як і вынятка са скайпавай размовы, ні да выбараў, ні да дзейнасьці кандыдатаў у прэзідэнты. Відаць, што прынесьлі адпаведныя службы, тое і паставілі. Але ў любым выпадку гэта быў чарговы трывожны званок, які сьведчыў пра тое, што ўсе папярэднія месяцы адпаведныя службы вельмі ўважліва назіралі і адсочвалі дзейнасьць праваабаронцаў. Без сумневу, усе апошнія гады мы былі, як кажуць, пад каўпаком. Вялікага сюрпрызу ў гэтым не было. Але стала ясна і зразумела, што мы апынуліся ў прыярытэтных аб’ектах для адсочваньня і ўвагі, як гэта было і з праваабаронцамі ў СССР. У мяне было такое адчуваньне, што гісторыя павярнула назад. Але мы ня мелі ніякага права спыняцца, сьцішвацца. Мы проста павінныя былі ісьці далей.

Дзейнасьць па вызваленьні палітзьняволеных падзялялася на дзьве вялікія часткі. Першая — гэта тое, што рабілася ў самой краіне, і другое — што рабілася за яе межамі. Наш досьвед папярэдняй працы паказваў, што часта зьнешнія намаганьні былі больш эфэктыўныя за ўнутраныя. Цяжка было дамагчыся разуменьня ў сваёй роднай краіне, дзе ўлады ўспрымалі любыя прапановы і меркаваньні праваабаронцаў як варожыя і небясьпечныя для самой улады.

Адразу пасьля Калядаў і Новага году, як толькі скончыліся сьвяты, мы ініцыявалі сустрэчу беларускіх праваабарончых арганізацыяў і нашых замежных сяброў праваабаронцаў. На пачатку мы распавялі пра агульную сітуацыю ў Беларусі пасьля выбараў. Карціна была сумная. Сядзелі і кандыдаты ў прэзідэнты, і актывісты іхніх штабоў, і лідэры палітычных партыяў. Іх абвінавацілі ў “масавых беспарадках”, што было крыху лягчэй за “падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту”, але ўсё-роўна, арганізатарам пагражала ад пяці да пятнаццаці гадоў зьняволеньня. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў краіне было паралізаванае. Панавалі разгубленасьць і песімізм. Па вопыту папярэдніх выбараў я ведаў, што пасьлявыбарчы час, калі правядзеньне выбарчых кампаній прыводзіла да чарговай палітычнай паразы, наступаў час упадку і паняверкі. І цягнуўся ён, звычайна, некалькі месяцаў, пакуль загойваліся раны, зьяўлялася новая актыўнасьць у дзеяньнях грамадзкіх актывістаў. Але мы, праваабаронцы, не маглі сабе дазволіць апусьціць рукі. Пасьля брутальнага разгрому дэмакратычных палітычных сілаў менавіта праваабаронцы і дэмакратычныя журналісты апынуліся на пярэднім краі змаганьня за правы чалавека і дэмакратычныя правы ў нашай краіне. Зараз, калі палітычная воля дэмакратычных актывістаў была паралізаваная, на першы план мусілі выйсьці шырокія грамадзкія дзеяньні падтрымкі і салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў.

Ад нашых замежных сяброў мы прасілі як мага хутчэй давесьці інфармацыю пра масавае парушэньне правоў чалавека ў Беларусі да сваіх грамадзтваў і ўладаў краінаў. На наш погляд рэакцыя дэмакратычных краінаў мусіла быць хуткай і жорсткай. Мы меркавалі, што толькі такая рэакцыя магла быць эфэктыўным сродкам для вызваленьня палітзьняволеных. З нашага боку мы паабяцалі быць увесь час у кантакце і даваць усю неабходную інфармацыю па тым, як далей будуць разьвівацца падзеі.

На той сустрэчы мне запомнілася атмасфера спагады, заклапочанасьці і цеплыні. Моцна адчуваўся міжнародны кантэкст нашай працы. Мы былі сярод сяброў, размаўлялі з сябрамі, я пераканаўся, што мы не застанемся з нашым клопатам сам насам.

Мяне заўсёды ўражвала гэтая шчырая чалавечая адданасьць ідэям правоў чалавека ад людзей праваабаронцаў з багатых і забясьпечаных краінаў. Можна зразумець, чаму грамадзкія актывісты у такіх краінах як Беларусь, Азербайджан, Куба займаюцца правамі чалавека, бо нам баліць за нашыя народы, за нашыя краіны, зблытаныя путамі карупцыі і няволі. Мы хочам, мы дабіваемся, каб жыцьцё ў нашых краінах было больш адкрытым, свабодным і справядлівым. А што змушае суперажываць беларусам, бірманцам, узбекам людзей, якія маглі б спакойна жыць, рабіць пасьпяховыя кар’еры ў сваіх заможных і рацыянальна арганізаваных грамадзтвах?

Некалі я спытаўся ў майго знаёмага праваабаронцы са Швецыі, хаця там пра гэта і не прынята пытацца, а колькі ты, як юрыст, атрымліваў бы калі б працаваў не ў праваабарончай арганізацыі, а ў фірме? Значна, значна болей, адказаў ён. Мае аднагрупнікі, працягнуў ён, з кім я вучыўся, амаль усе вельмі забясьпечаныя людзі.

Але кожны выбірае ў жыцьці сваю ўласную дарогу. Стан суперажываньня, жаданьне дапамагчы ў цяжкую хвіліну, такія натуральныя і простыя пачуцьці, закладзеныя ў аснову працы праваабарончых арганізацыяў. Дзесяткі і сотні тысячаў чалавек працуюць у іх валанцёрамі, бясплатна ахвяруюць сваім асабістым часам, нервамі і грашыма. Гэтую людзкую салідарнасьць зараз я адчуваю на сабе ў выглядзе дзесяткаў пікетаў, іншых акцыяў па ўсім сьвеце, у выглядзе лістоў і паштовак, якія пішуць мне самыя розныя незнаёмыя людзі з Францыі, Швецыі, Польшчы і Амерыкі. Штосьці ж закранула іх у маім лёсе, што прымусіла адарвацца ад штодзённых справаў, ад працы, сямейных клопатаў, адпачынку, узяцца за асадку і напісаць некалькі цёплых словаў. Сапраўды гэта так — чалавечая спагада і дабрыня ня мае межаў.

На другую частку віленскага спатканьня праваабаронцаў засталіся толькі беларусы. Мы пагаварылі пра свае абсягі працы. Трэба было неадкладна заняцца інфармаваньнем беларускага грамадзтв, давесьці да людзей наш пункт погляду на тое, што адбылося. Дзяржаўныя тэлеканалы і газэты лупілі з усіх калібраў па “злачынцах”, якія арганізавалі і ўдзельнічалі ў “масавых беспарадках”. Мы мусілі давесьці сваё бачаньне, сыходзячы з канстытуцыйных правоў і міжнародных нормаў. Тое, што адбылося 19 сьнежня і пасьля выбараў, не укладалася ні ў якія рамкі, меркавалі мы, і зьяўлялася грубейшым парушэньнем як беларускага, так і міжнароднага заканадаўства.

Трэба было арганізаваць дапамогу рэпрэсаваным. На Управе Фронту пачаўся стыхійны збор рэчаў: грошай для “сутачнікаў”, бо былі затрыманыя і асуджаныя некалькі сотняў чалавек, а таксама для некалькіх дзесяткаў “крымінальшчыкаў”. Дзеля таго, каб аддаць грошы і рэчы сядзельцам, ва ўправу некалькі дзён стаяла чарга людзей. На дапамогу былі сабраныя дзесяткі мільёнаў рублёў, эквівалентныя дзесяткам тысячам даляраў. Гэта быў добры знак. Урэшце лёс палітычных зьняволеных станавіўся ня толькі клопатам іхніх сваякоў ды праваабаронцаў, да падтрымкі далучыліся тысячы людзей.

Трэба было забясьпечыць юрыдычную дапамогу, дапамагчы наколькі магчыма, маральна і псіхалагічна сваякам. Трэба было сабраць матэрыялы і сьведчаньні, датычныя падзеяў падчас маніфэстацыі 19 сьнежня, якія маглі б скласьці аб’ектыўную карціну таго, што адбывалася ў той вечар у цэнтры Менску.

Мы вызначылі гэтыя дзеяньні і падзялілі, хто за што адказвае і хто чым будзе займацца.

Стасункі паміж рознымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі даўно ўжо моцна падмацаваныя сумеснай дзейнасьцю. Няма большага паразуменьня і яднаньня, якое ўзьнікае ў выніку супрацы. Мы разам працавалі ў дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсіяў, у праваабарончай адукацыі, на міжнародных сустрэчах і форумах, у арганізацыі супольных грамадзянскіх кампаніяў, такіх як “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, у назіраньні за выбарамі. Таму асабліва кагосьці ў чымсьці пераконваць не прыходзілася. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова.

Як ехалі ўжо дадому, у Менск, я спрабаваў уладкаваць у галаве ўсё пачутае і намечанае. Урэшце, стомлены, падумаў, што добра, што хоць увосень знайшоў час і пасьпеў пасадзіць купленыя ў Вільні цыбуліны кветак. Што б там ні было, а ўвесну дзівосныя галандскія тульпаны і нарцысы расквітнеюць на маёй ракаўскай клумбе.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international