Залатая Беларусь. Нататкі з Бабруйскай калоніі

2013 2013-08-30T14:05:05+0300 2013-08-30T14:05:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hadyka.jpg
Юрый Хадыка

Юрый Хадыка

Сэсэсэраўская гаргара перабудове не падлягала. З занядбалых руінаў і зарослых пустазеллем беларускіх падмуркаў мы жадалі адрадзіць незалежную і дэмакратычную, нашую «залатую Беларусь»…

Тады яму было столькі гадоў, колькі цяпер мне, — 50, а мне, адпаведна, на 25 гадоў меней. Вось такая ў нас розніца ў часе, у чвэрць стагоддзя, у адно пакаленне.

Прачытаў у «Нашай Ніве» віншаванне з 75-гадовым юбілеем Юрыя Хадыкі. Юрыя Хадыку я ведаю даўно, чвэрць стагоддзя, з 1988 года — па супольнай працы ў арганізацыйным камітэце Беларускага Народнага Фронту.

Я з сімпатыяй і павагаю стаўлюся да Юрыя Хадыкі. Ён — беларускі інтэлектуал, адзін з найбольш выбітных дзеячаў у беларускім грамадскім жыцці, навуковец, доктар фізіка-матэматычных навук.

Навукоўцы-фізікі ў СССР вылучаліся вальнадумствам. Даволі згадаць акадэміка, бацьку савецкай вадароднай бомбы Андрэя Сахарава, які неўзабаве стаў адным з самых паслядоўных і цвёрдых дысідэнтаў у Савецкім Саюзе. Партыйныя бонзы пэўны час праз пальцы глядзелі на крытыку савецкай сістэмы навукоўцамі-фізікамі, бо важнейшай для іх была ядзерная дубіна, якую яны трымалі дзякуючы гэтым «летуценнікам».

Фізік Юрый Хадыка спрыяў стварэнню балістычных ракет, якія ўздымалі ў космас спадарожнікі і з гэткай жа лёгкасцю маглі пераносіць ядзерныя зарады ў любую кропку зямной кулі. Таму Юрыю Хадыку таксама дазвалялі маленькія, бо Мінск усё ж не Масква, вольнасці. Яму з групаю аднадумцаў ласкава дазволілі стварыць у Акадэміі Навук музей старажытнага беларускага мастацтва.

У вачах камуністычнага кіраўніцтва Беларусі гэта была немалая саступка. Афіцыйная трактоўка беларускай гісторыі сцвярджала, што толькі з усталяваннем у Беларусі савецкай улады пачыналася праўдзівая гісторыя беларускага народа. А ўсё, што існавала да гэтага часу — архітэктура, мастацтва, — не мела ніякай каштоўнасці і нават было шкодным для працэсу выхавання новага савецкага чалавека.

Вось жа Юрыю Хадыку з ягонымі аднадумцамі дазволілі ездзіць па зачыненых і закінутых цэрквах і касцёлах, шляхецкіх сядзібах ды збіраць старажытныя абразы, кнігі, скульптурныя выявы. Наўзамен за ракетныя распрацоўкі яму дазволілі ратаваць сваіх сланоў — парэшткі старажытнай еўрапейскай культуры.

З 1988 года Юрый Хадыка актыўна займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Падчас росквіту БНФ напачатку 90-х гадоў ён быў намеснікам старшыні найбуйнейшай на той час палітычнай арганізацыі, якая мела на мэце ўсталяванне незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Заставаўся ён намеснікам старшыні і ў наступныя, менш спрыяльныя для дэмакратыі ў Беларусі часы, калі палітычная актыўнасць БНФ была выціснутая са сценаў парламенту на мінскія вуліцы.

У 1996 годзе за арганізацыю Чарнобыльскага шляху, саракатысячнай акцыі пратэсту, ён быў арыштаваны і амаль месяц галадаваў. Ведаючы характар Хадыкі, я мяркую, што калі б яго тады не вызвалілі, ён бы пайшоў да канца.

Праз чвэрць стагоддзя грамадскай барацьбы свой юбілей Юры Хадыка сустрэў у ЗША, у сям’і сына, дзе ён на час дапамагае даглядаць сваіх унукаў. Ягоны сын мае добрую адукацыю спецыяліста-міжнародніка, але сёння ён не можа знайсці працу па спецыяльнасці на Радзіме, два гады таму як выехаў у Амерыку і працуе там кіроўцам.

Мне хацелася б асабіста павіншаваць Юрася Хадыку. Мне заўсёды падабаліся ягоная ўнутраная энергія, свабода, філасофскі склад мыслення, упартасць і паслядоўнасць у адстойванні сваіх поглядаў. Ды я не магу гэта зрабіць. І я на зоне, і Юры Хадыка ў Амерыцы.

А быў жа час, 15 гадоў таму, калі мы разам з прафесарам Хадыкам адсядзелі дзесяць сутак адміністратыўнага арышту ў адной камеры. Нас судзілі за арганізацыю праваабарончай антыфашысцкай дэманстрацыі. У камеры было пяцёра. Трое дэманстрантаў і двое падсадных інфарматараў.

Мы ляжалі на агульных драўляных «палацях» упокат, без прасцінаў, матрацаў і падушак, у адзенні. Дзе елі, там і спалі. Спаў у асноўным я, а Юрась Хадыка распавядаў правакатарам лекцыі з гісторыі бібліістыкі. Прафесар Хадыка выдатна ведаў Біблію, нягледзячы на тое, што фізік, быў вернікам і адмыслоўцам у беларускай старажытнай сацыяльнай культуры. Ён умеў чытаць схаваную сімволіку беларускіх іконаў-абразоў.

Я слухаў спакойны, добразычлівы, крыху аднастайны голас Юрася Хадыкі. Ён распавядаў пра дабро і зло, пра першародны грэх і выкупленне Хрыстом. Я не мог утрымацца. Вейкі мае зліпаліся, і я засынаў лёгкім і светлым сном, праз які чуў голас барадатага Хадыкі. Ён, як біблейскі апостал, настаўляў стукачоў-грэшнікаў на шлях праўды. Такая сонная тэрапія для мяне і навучанне вераю ды праўдаю для нашых сукамернікаў працягвалася ўсе дзесяць дзён.

Я запісваю гэтыя радкі 3 ліпеня. Беларуская гісторыя сёння сціснулася яшчэ болей, чым высушаная скура, і свой адлік змушана бярэ з дня вызвалення Мінску, якое адбылося 3 ліпеня 1944 года. А за год перад тым, 70 гадоў таму, 4 ліпеня 1943 года венгерска-нацысцкія вайскоўцы выпалілі палову вёсак у Нараўлянскім раёне. Згарэла і сядзіба, у якой жыла сям’я маёй маці. Яна, сямігадовая дзяўчынка, ляжала на ўзлеску ў разоры і глядзела, як палае іхняя хата. Гэта былі самыя яркія ўспаміны яе дзяцінства. Людзі, папярэджаныя кімсьці са сваіх паліцэйскіх, своечасова схаваліся ў лесе, і мадзяры забілі толькі двух старых, якія вырашылі паміраць дома.

За вакном на тэнісным стале цокае пластмасавы мячык, на калідоры чуюцца святочныя гукі маршу. Я выходжу ў калідор і іду на ПВР, у агульны атрадны пакой, дзе стаіць тэлевізар, акварыум, моцныя лакіраваныя лавы ды ляжыць падшыўка газеты «Звязда». Па тэлевізары паказваюць святочны парад. Праўдзівым Днём Незалежнасці я лічу 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. 3 ліпеня застанецца для мяне днём вызвалення Мінска ад фашыстаў.

Я яшчэ чамусьці думаю, што, калі пачалася вайна, у чэрвені 1941 года зняволеных у мінскіх турмах, і ўжо асуджаных, і яшчэ не асуджаных, каго не паспелі эвакуяваць, у прымежных Берасці, Гародні, Глыбокім, калоны вязняў, якія далёка не адышлі ад Менска, расстралялі. Лічбы і даты, даты і лічбы, нікуды ад іх не падзецца.

А потым я згадваю, што ўсё ж аднойчы хадзіў 3 ліпеня на парад. Гадоў з сем таму ў Мінск прыехаў мой сябра, старшыня Саюза беларусаў у Польшчы, гісторык і журналіст Яўген Вапа. Яму заманілася паглядзець парад. Мы пайшлі з ім з праспекту Перамогі на праспект Пераможцаў, былы Машэрава… Там ён убачыў калоны камбайнаў, трактароў і МАЗаў, парадныя шыхты спартовых чэмпіёнаў розных гадоў — і быў шакаваны. Ён атрымаў эмацыйны ўдар. Але найбольш уразіла яго вялізная шматпавярховая кветка, зробленая з дзяўчынак-пялёсткаў, якія зладжана выгіналіся, прысядалі, пацягваліся і ўздымалі рукі з насаджанымі на кісткі букетамі, ад чаго ўся дзявочая кветка бесперастанку варушылася і змянялася. Мабыць, дзяўчынкі былі гімнасткамі.

«Такога не ўбачыш нідзе! — у захапленні казаў Яўген, — гэта падобна на гістарычную рэканструкцыю парадаў, якія праходзілі тут, у Мінску, 80 гадоў таму». «Гэта не гістарычная рэканструкцыя, — сумна запярэчыў я. — Гэта нашае рэальнае жыццё».

А яшчэ мне хацелася б пры сустрэчы з Юрасём Хадыкам запытацца ў яго, ці задаволены ён пражытым жыццём? Юры Хадыка — амбітны чалавек. І мяне цікавіць: на ягоную думку, ці спраўдзілася галоўная мара ў ягоным жыцці? Пэўна ж, у кожнага чалавека, не прыбітага ўшчэнт жыццём, ёсць такая мара.

Юрыю Хадыку — 75, мне — 50, майму сыну — 24. Я і сам не заўважыў, як прыйшоў час, калі мой сын таксама ўжо можа задаць мне такое самае пытанне…

Працягваю пісаць далей. Я не веру ў магію лічбаў. Сёння — 4 ліпеня 2013 года, 23 месяцы, як я ў зняволенні. І што я адчуваю, углядаючыся ў гэтыя лічбы? Ды нічога. Прабыты ў зняволенні час я лічу месяцамі. Усяго па выраку суда ў мяне іх 54. Некаторыя вязні, каму да свабоды, «да званка» застаецца менш за год, лічаць днямі. А вось нядаўна «заехаў» у атрад новы «пасажыр» і «прывёз» з сабой больш за 20 гадоў. Яму, мабыць, давядзецца лічыць адбыты час гадамі.

Лічбы маюць для мяне іншую прывабнасць. Ад іх можна адштурхнуцца, як ад рачнога берага падчас купання, як ад чагосьці пэўнага і трывалага, каб паплыць на хвалях сваёй памяці, каб паразважаць.

Мне было столькі ж гадоў, колькі цяпер майму сыну, калі мы стварылі Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Пісьменнік і інтэлектуал Сяргей Дубавец у сваёй кнізе, прысвечанай беларускаму моладзеваму дэмакратычнаму руху 80-х гадоў ХХ стагоддзя, назваў з’яўленне гэтага руху «гісторыяй аднаго цуду». Я не веру ў цуды па-за верай, але гэтым разам згодны з ім. Сапраўды, узнікненне непадкантрольных Саветам моладзевых суполак у 80-я гады мінулага стагоддзя можна лічыць за цуд. Бо перад намі, а я быў далучаны да нацыянальна-дэмакратычнай дзейнасці ў 1981 годзе, сапраўды не было амаль нічога. Камуністы ўпэўнена кантралявалі ўсе праявы грамадзянскага жыцця. Недабітыя сталіншчынай, зацкаваныя ў паслясталінскую эпоху, зацугляныя інтэлектуалы, мастакі, пісьменнікі былі пад пільным кантролем спецслужбаў, партыйных камітэтаў і сядзелі ў глыбокім падполлі.

Здавалася, што мы з’явіліся знянацку, ніадкуль, як россып пралесак, якія нечакана растапілі сваім калівам глыбокі снег, што надзейна пакрываў зямлю, — і пацягнуліся да вольнага веснавога сонца.

Праўда, мабыць, можна казаць, што гэты цуд усё ж быў наканаваны. Бо існавала ценькая сувязь паміж рознымі пакаленнямі свядомых беларусаў, а ў 1980-м годзе ў суседняй Польшчы выбухнула «Салідарнасць». Дэманстрацыі, акцыі пратэсту, легендарныя лідары (якія не баяліся ахвяраваць сабой ды ішлі ў турму, глухі грукат за жалезнай сцяною), падпольны самвыдат з Польшчы, гэтак званыя «бібуны», якія траплялі ў нашыя рукі, — усё гэта бурапеніла нашую кроў.

Неўзабаве і ў Савецкім Саюзе загучала нязвыклае дасюль слова «перестройка». Камуністы збіраліся перабудоўваць тое, што пабудавалі за 70 гадоў панавання, тое, што безнадзейна састарэла, забуксавала, засклізгатала і не жадала каціцца далей. Але ж мы збіраліся адраджаць! Сэсэсэраўская гаргара перабудове не падлягала. З занядбалых руінаў і зарослых пустазеллем беларускіх падмуркаў мы жадалі адрадзіць незалежную і дэмакратычную, нашую «залатую Беларусь»…

Алесь Бяляцкі

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international