viasna on patreon

У Барані патрабуюць грамадскага абмеркавання

2013 2013-08-24T23:30:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baran-tec-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Побач з дзеючай газавай ЦЭЦ у Барані (Аршанскі раён) будуюць міні-ЦЭС на мясцовых відах паліва. Бараньцы патрабуюць арганізаваць грамадскае абмеркаванне, бо іх не задавальняе ні маршрут падвозу тарфяной крошкі праз цэнтр гораду, ні таямнічасць вакол экалагічнай бяспекі новага аб’екта.

Жыхары Барані хацелі б ведаць, наколькі эканамічна апраўдана новае будаўніцтва, калі старая ЦЭЦ дзейнічае, і спыняць яе не збіраюцца. Навошта гораду, дзе зараз жывуць каля 12 тысяч чалавек, другая цеплаэлектрастанцыя, ніхто ўцямнага адказу не дае.

“Былі артыкулы ў мясцовых газетах, дзе пісалася, што ад новай станцыі будзе вялікая эканомія. Маўляў, мясцовыя віды паліва таннейшыя за газ. Але няма інфармацыі пра такія падлікі, а самі па сабе высновы сумнёўныя: тарфяную крошку, прыкладам, збіраюцца вазіць з-пад пасёлка Коханава, гэта ў суседнім Талачынскім раёне, 50 кіламетраў адсюль. Гэта – выгадна?”- разважае дэпутат мясцовага гарсавету Віктар Міхасёў.

Да яго звярталіся аўтары двух калектыўных лістоў, дасланых у Бараньскі гарвыканкам і ў Адміністрацыю прэзідэнта.  У старшыні гарвыканкаму людзі пыталіся, ці праводзілася экалагічная экспертыза будаўніцтва новай ЦЭС,  ці не будзе шкоды здароўю гараджан ад спальвання тарфяной крошкі, бо насупраць міні-ЦЭС – некалькі шматкватэрных дамоў, дзіцячы сад у двары, а таксама прыватны сектар уздоўж усёй вуліцы Зарэчнай.

Але адказ быў атрыманы стандартны: нічога не сказана наконт зададзеных пытанняў, толькі завярэнні, што усё “адпавядае нормам”. Прынамсі, так прадугледжана праектам, а як будзе на справе – ніхто не ведае.

“Спачатку меркавалі, што паліва будуць падвозіць у аб’езд горада. А потым скакзалі, што можна сэканоміць, калі вазіць па цэнтральнай вуліцы Аршанскай, а потым  сюды, на Зарэчную. Так што тарфавозы – вялікія грузавыя машыны – будуць катацца па горадзе. Да ўсяго ад спальвання торфу ўтвараецца больш за 23 працэнты залы, яе трэба неяк утылізаваць. Як – пакуль дакладна не вядома, наколькі будзе забруджвацца паветра,  мы сказаць не можам”, -- на ўмовах ананімнасці падзяліўся работнік з будаўніцтва.

Апрача як у гарвыканкам, жыхары Барані даслалі калектыўны ліст і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Там яны пішуць, што патрабуюць арганізаваць грамадскія слуханні.  І абураюцца, што з імі ніхто не раіўся – проста паставілі перад фактам, і ўсё.

Бараньская міні-ЦЭС узводзіцца ў межах праграмы 2007 года, калі было прынята рашэнне пра будаўніцтва адразу некалькіх станцый на мясцовым паліве. Сітуацыя за гэтыя гады магла карэнным чынам змяніцца, але кіраўніцтва энергетычнай галіны выкарыстоўвае не эканамічную логіку, а бюракратычную, лічыць бараньцы. Міні-ЦЭС мяркуюць здаць сёлета – з тэрмінам уводу ў дзеянне ўжо, дарэчы, спазняюцца.

Жыхары Барані вельмі шкадуюць, што не распачалі пратэставаць раней. Але, кажуць, што проста не ведалі дэталяў пра будаўніцтва – ад іх па-ранейшаму прыхоўваюць інфармацыю, ухіляючыся ад адказаў на галоўнае пытанне: чаму ТЭС будуюць, не гарантуючы людзям бяспеку для іхнага здароўя.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства