Захоп офісу "Вясны"

2013 2013-08-22T23:36:00+0300 2013-09-12T13:09:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу Алеся Бяляцкага на сайце «Белорусский партизан».

25 жніўня 2012, Бабруйск

На офіс “Вясны” мы прыйшлі ўсёй сваёй інтэрнацыянальнай кампаніяй. Настрой ва ўсіх быў змрочны і падаўлены. Нягледзячы на прадчуваньні і перасьцярогі, усё ж у гэты год і гэтым разам хацелася верыць, што розум і логіка жыцьця ў краіне возьме гару. Хай не адразу, няхай праз галаву, але ж мы будзем рухацца ў бок цывілізаванага сьвету.

Наіўныя спадзяваньні. Колькі разоў ужо за апошнія шаснаццаць гадоў жыцьцё сурова вучыла і жорстка правучвала. І кожны раз расчараваньне і паняверка ахоплівалі душу. Мы не складаем рукі, мы не апускаем галовы, бо верым у няўхільную перамогу дэмакратыі. Мы верым, што ў перспектыве мы мусім выйграць у гэтай зацягнутай у часе барацьбе. Мы вымотваем сілы апанентаў. Мы спрабуем рэалізавацца ў неспрыяльных умовах. Мы не зьяжджаем, не затойваемся, мы не прыстасоўваемся і не капітулюем. Мы ствараем, наладжваем, аберагаем і разьвіваем. Мы жэнімся і абжываемся. Мы нараджаем і выхоўваем дзяцей. Мы ходзім на канцэрты, сварымся, разводзімся і нават паміраем, не дажыўшы да іншага часу. Мы жывём у эпосе, якая, верагодна, будзе менавацца прозьвішчам аднаго чалавека, яе галоўнага архітэктара, кансерватара і рэтраграда, толькі з іншым канчаткам: -ізм. А зараз 16 гадоў нейкіх тактычных паразаў і адступленьняў, чарговых нястомных чапляньняў за наноў вырытыя акопы, умацаваныя рубяжы і фарты, і чарговае метадычнае іхняе зьнішчэньне і разбурэньне непрыяцелем.

На офісе ўсе былі прыбітыя і ўражаныя падзеямі, якія адбыліся каля Дому Ўрада. Уладзя Лабковіч таксама дабраўся без прыгодаў. А вось Алегу Гулаку пакінуць плошчу самастойна не ўдалося. Дакладней сказаць, з плошчы то ён адступіў, дайшоў да сваёй машыны, прыпаркаванай за пару кварталаў ад плошчы, і тут вось яго і ўзялі пад белыя ручкі “таптуны” – хлопцы ў цывільнай вопратцы, якія адсачылі яго і вырашылі затрымаць.

Нягледзячы на настрой, работа кіпела. Інфармацыя пра вынікі назіраньня ішла ад нашых назіральнікаў з усяе краіны. І калі патрэбныя для аналізу лічбы рахавала падрыхтаваная загадзя кампутарная праграма, то факты парушэньняў, важныя і цікавыя эпізоды і выпадкі, зафіксаваныя назіральнікамі, апрацоўваліся ўручную і адразу выстаўляліся ў інтэрнэт. Туды ж, паралельна выбарчай інфармацыі, мы пачалі выстаўляць інфармацыю, датычную зьбіцьця дэманстрантаў ды іх затрыманьня. Тэлефон на офісе зьвінеў не змаўкаючы, сьпісы затрыманых папаўняліся і папаўняліся. Былі зьбітыя і затрыманыя кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Костусеў, найбольшая колькасьць людзей затрымлівалася ўжо пасьля разгону мітынгу на прылеглых вуліцах, на прыпынках, на вакзале.

Аказалася, што мы яшчэ шчасьліва пакінулі плошчу і выйшлі з эпіцэнтру затрыманьняў па вуліцы Карла Маркса.

У 1997 годзе мне пашанцавала меней. Тады пасьля дэманстрацыі, якая прайшла па праспекце і была спыненая амапам перад плошчай Незалежнасьці, я таксама “адступіў” па Карла Маркса і быў затрыманы ў раёне беларускага гуманітарнага ліцэю, зараз будынку суда Цэнтральнага раёну. І хоць я паспрабаваў прыкінуцца выпадковым мінаком, але мне не паверылі. А на дэманстрацыю тады я выйшаў з васьмігадовым сынам Адасём, бо жонка зьехала на навучаньне, і, шчыра кажучы, зьбіраўся трохі пабыць і сысьці. Але не атрымалася. Адася я пакінуў “на гадзінку” пад апеку Паліны, маёй сяброўкі, а сам пачаў актыўнічаць. У выніку, ноч я правёў у апорным пункце на вуліцы Леніна, у знакамітым доме, абвешаным памятнымі дошкамі, у якім месьціцца музей Пятруся Броўкі. А Адась – у цёткі Паліны.

А гэтым разам вось абыйшлося. Мы сядзелі на варыўні, пілі гарбату, мае замежныя сябры без перапынку перамаўляліся па тэлефонах. Журналісты са Швецыі і Нарвегіі тэлефанавалі ім, каб даведацца навіны з першых рук. Нядоўгаю была “адліга”. На вачох у дзесяткаў замежных назіральнікаў і журналістаў мірная дэманстрацыя была разагнаная, многія людзі зьбітыя і затрыманыя, арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты. Маскі згоды і міралюбства скінутыя, спалі лядашчыя белыя адзеньні, а пад імі аказаліся бліскучыя латы і грозна клацнулі ваўчыныя зубы. А што яшчэ будзе.

Так мы прасядзелі з дзьве гадзіны. Урэшце стомленыя госьці пачалі зьбірацца ў гатэль. Перад ад’ездам Берыт спыталася ў мяне: “Алесь, чым я магу дапамагчы?” “Зараз нічым, — адказаў я. — Ідзі спаць, хутка і мы пойдзем, бо заўтра ж прэс-канфэрэнцыя”. “Я перанесла вылет на два дні”, — сказала Берыт. “Добра, — ухваліў я. — Твая прысутнасьць тут важная”. Я бачыў, як яна была ўзрушаная і ўсхваляваная. Яна вельмі хацела нечым дапамагчы, але чым тут можна дапамагчы, ня ведала ні яна, ні я. Берыт выклікала таксі, і нашыя госьці зьехалі.

Берыт была прыяжджала і на выбары ў 2006 годзе. Усе дні і ночы, пакуль стаяў намётавы лагер на плошчы Каліноўскага, яна была ў Менску. Яна затэлефанавала мне на сотавы пад ранак і сказала мёртвым голасам: “Алесь, намёты акружыла міліцыя. Яны ўсіх пагрузілі ў машыны. Лагеру больш няма”. Я тады падскочыў на ложку, як працяты токам. І ўжо так і не паклаўся спаць. Тады за плошчаю спынялі і Берыт. Але таптуноў уразіў яе нарвежскі пашпарт, і яе адпусьцілі.

Неўзабаве пасьля ад’езду сяброў мне патэлефанавала Валянціна Палевікова, былая старшыня жаночай партыі “Надзея”. Яна роспачліва крычала, што невядомыя ў масках ломяцца ў кватэру да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. “Я жыву побач, жонка Анатоля патэлефанавала мне. Я зараз стаю тут, каля пад’езду, што рабіць, Алесь?!” — лямантавала яна ў слухаўку. Што я мог дзельнага параіць ёй? Я быў бясьсільны. “Супакойцеся, Валянціна”, — сказаў я. А з нявыключанага тэлефону чуў: “Што вы робіце!? Сволачы! Фашысы!”. “Што там, Валянціна?” — спытаўся я. “Яго вывалаклі з заламанымі рукамі і закінулі ў машыну”, — галосячы адказала яна. “Трымайцеся”, — сказаў я. Маё пажаданьне прагучала банальна і глупа. “Добра, Алесь, дзякуй,” — усхліпваючы адказала Палевікова і адключыла тэлефон.

Бліжэй да трох ночы дзяўчыны-вясноўкі таксама выбраліся на таксі дадому. Зьбіраліся сыходзіць і мы, сёньняшні ўжо дзень абяцаўся быць ня менш напружаным і цяжкім. Я сядзеў на варыўні, у кожным з двух пакояў нашага офісу працавалі вясноўцы, як раптам у калідоры-вітальні пачуўся нейкі грукат і тупат. “Міліцыя!” — пачулася адтуль. Я выляцеў з варыўні, толькі гэтага не хапала. Аказалася, што выходзячы з офісу стомленыя і затлумленыя працаю дзяўчыны нікога не папярэдзілі, і ўваходныя дзьверы ў наш офіс-кватэру былі незамкнутыя. Міліцыянты, якія, мабыць, чакалі пад вокнамі, безперашкодна ўвайшлі ў памяшканьне. Хлопцы павыскоквалі з пакояў. “Што вам тут трэба?” — пачулася, і міліцыянтаў пачалі выпіхваць з вітальні ва ўваходныя дзьверы. Тыя былі аж разгубіліся ад такога нахабства, але затым упёрліся і націск вытрымалі: “Хто гаспадар кватэры?” — узьвінчаным голасам, сапучы пытаўся адзін з іх. “Я”, — адказаў я. “Вось пастанова на агляд кватэры!” — ён дастаў з папкі паперку. “Якая пастанова? Пофіг нам вашая пастанова!” — узарваўся яшчэ не астылы ад штурханіны адзін з маіх калегаў. Ён выхапіў паперку ў міліцыянта, падраў яе і кінуў на падлогу. Ізноў хлопцы закрычалі: “Вы хто такія?” “Міліцыя! А вы хто такія?” “Хто вам дазволіў сюды увайсьці?” “У нас дазвол начальніка раённай міліцыі на агляд памяшканьня!” “Дзе? Які дазвол? Пакажыце яго!”. “Дык вы ж яго падралі!”. Енкі і лямант стаялі працяглы час. Але міліцыянтаў у вітальні станавілася усё болей і болей, іх набілася і ў форме, і ў цывільным, і нарад з аўтаматамі, у касках і бронекамізэльках, чалавек з дзесяць. Стала зразумела, што ні выпхнуць, ні адгаварыцца ад іх не атрымаецца. Пачаліся перамовы.

Урэшце ў кватэры на час агляду застаўся я і Валянціна Сьвяцкая, а 12 чалавек павезьлі “для ўдакладненьня асабістых дадзеных” у РУУС. Дзеля агляду прыйшлі панятыя: суседка з другога пад’езду, якую здолелі ўзьняць у такое раньне, з нашага пад’езду ніхто з суседзяў не пагадзіўся. І юрыст з гарвыканкаму, з прапітым тварам, як аказалася, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, былы калега па ВС Сямдзянавай Галіны, якая актыўна назірала ў нашай грамадзянскай кампаніі.

І вось агляд распачаўся, ён нічым не адрозьніваўся ад вобшуку. Нягледзячы на мае пратэсты, міліцыянты палезьлі і па шафах, і па скрынях, і па шуфлядках. Яны метадычна, адзін за другім пераглядалі, ператрушвалі ўсе пакоі. Найбольш іх цікавілі носьбіты інфармацыі: паперы, ноўтбукі, кампутары, дыскеты, флэшкі. У першым пакоі залезьлі яны і пад канапу, куды, калі барукаліся і цягаліся з імі ў вітальні, адзін з нашых калегаў пасьпеў засунуць два ноўтбукі, і дасталі іх адтуль. Затым міліцыянты перайшлі ў іншы пакой і пакуль ад’ядноўвалі і запісвалі нумары працэсараў, я вярнуўся ў першы пакой, шкода было знойдзеных пад канапаю ноўтбукаў, тым больш што яны былі яшчэ не запісаныя, схапіў адзін з ноўтбукаў і ізноў сунуў яго пад канапу. Затым я вярнуўся ў пакой, дзе праходзіў агляд, паклаў у кішэню сотавы тэлефон, забыты ў сьпешцы адным з калегаў, сказаў, што гэта мой, таксама засунуў у кішэню 3G-мадэм і флэшку. Усё іншае міліцыянты апісалі, запакавалі ў кардонныя скрынкі, у якіх у нас ляжалі ўлёткі з напісам “Не сьмяротнаму пакараньню!”, вынесьлі і павезьлі ў РУУС. Усяго атрымалася, што забралі 17 кампутараў. Вынесьлі і відэарахіў, відэакасеты, якія я прынёс на офіс, каб іх перапісаць на дыскі. Забралі міліцыянты таксама і ворах малазначных папераў, якія валяліся ў нас па шуфлядках.

Агляд праходзіў каля дзьвюх гадзінаў. Валянціна таксама пасьпела прыхаваць свой нэтбук у торбе, з якой звычайна хадзіла, міліцыянты не даглядалі асабістыя рэчы. Было зразумела, што прыход міліцыянтаў быў зьвязаны і з назіраньнем, якое мы праводзілі, і з разгонам дэманстрацыі, які адбыўся 19 сьнежня. Пэўна што загад правесьці гэты агляд, канфіскаваць кампутары і дакументы аддавалі з таго самага цэнтру, які меў дачыненьне да разгрому дэманстрацыі.

І гэта быў яшчэ адзін кепскі знак. У нашым офісе на гэтай кватэры мы знаходзіліся ўжо дзесяць гадоў і ні разу справы не даходзілі да ўварваньня міліцыі і да канфіскацыі кампутараў. Былі трывожныя часы ў 2007 і 2008 годзе, калі па дзяржаўнай тэлевізіі паказвалі зьнятыя відэакамерай вокны нашай кватэры і “журналісты” паведамлялі: у гэтай кватэры знаходзіцца офіс незарэгістраванай арганізацыі, куды глядзяць праваахоўныя органы. Гэта быў фактычна данос. Але і тады справы не даходзілі да ўварваньня ў кватэру.

Як толькі скончыўся агляд кватэры, нашых калегаў адпусьцілі. Нягледзячы на ўзрушанасьць, мы вырашылі разьехацца па хатах і трохі адпачыць перад прэс-канфэрэнцыяй. Арганізатары агляду і канфіскацыяў ня ведалі, што апрацоўка дадзеных нашых назіральнікаў праводзіцца зусім у іншым месцы і што яшчэ да пачатку вобшуку-агляду апрацоўка дадзеных была ў асноўным ужо скончаная.

Тры чалавекі з затрыманых дванаццаці вярнуліся на офіс, бо вырашылі не матацца туды-сюды і паспаць на офісных канапах. Як толькі яны прыехалі з РУУСу, я адразу паехаў дадому.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international