Рэпрэсіі ўладаў падчас кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

2007 2007-04-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Крымінальны перасьлед па палітычных матывах

 Для Беларусі 2006 год характэрызаваўся рэзкім павелічэньнем колькасьці палітычна-матываваных крымінальных справаў і падазраваных па іх асобаў, а таксама колькасьці палітзьняволеных.

У месцах пазбаўленьня волі працягвалі знаходзіцца палітык Мікалай Статкевіч, моладзевы лідэр Павал Севярынец, асуджаныя ў 2005 годзе да двух гадоў абмежаваньня волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак) за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў і рэспубліканскага рэферэндуму 2004 году. 25 жніўня П. Севярынцу было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні ў сувязі з тым, што зьняволены “ ня стаў на шлях выпраўленьня”. 26 верасьня Мікалаю Статкевічу было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні на тых жа падставах.

Разам з тым, на працягу году з беларускіх турмаў былі вызваленыя чатыры палітзьняволеныя, асуджаныя ў папярэднія гады.

14 красавіка па рашэньні суда аб умоўна-датэрміновым вызваленьні з аршанскай калоніі быў вызвалены экс-міністр зьнешнеэканамічных сувязяў, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь Міхаіл Марыніч, які правёў у зьняволеньні два гады. М. Марыніч быў асуджаны 30 сьнежня 2004 г. на пяць гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці паводле ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэксу па абвінавачваньні ў прысваеньні кампутараў, якія належалі амбасадзе ЗША. Пазьней тэрмін зьняволеньня М. Марыніча быў скарочаны да трох з паловай гадоў і ўжытая амністыя.

15 траўня з калоніі “Воўчыя норы” Івацэвічскага раёну быў вызвалены лідэр прадпрымальніцкага руху з Гародні Валеры Леванеўскі, асуджаны 7 верасьня 2004 году да двух гадоў пазбаўленьня волі па ч. 2  арт.  368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). В. Леванеўскі цалкам адбыў увесь тэрмін пакараньня.

15 лістапада  пасьля адбыцьця году і шасьці месяцаў пакараньня з калоніі “Віцьба” Віцебскай вобласьці выйшаў на волю экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Скрабец. Палітык з траўня 2005 году знаходзіўся пад вартай; 14 лютага 2006 – быў асуджаны на два з паловай гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 13 (падрыхтоўка да злачынства) і ч. 2 арт. 431 КК РБ (дача хабару), а так сама па абвінавачаньні ў выманьваньні крэдытаў і незаконнай прапрымальніцкай дзейнасьці. У кастрычніку Сяргей Скрабец быў амніставаны, і тэрмін яго пакараньня скараціўся на адзін год.

22 сьнежня ў сувязі з адбыцьцём пакараньня (год і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі) са сьпецкамендатуры ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну быў вызвалены палітзьняволены Андрэй Клімаў. Палітык быў асуджаны 10 чэрвеня 2005 году па арт. 342 Крымінальнага кодэксу за арганізацыю мірнай дэманстрацыі ў Менску 25 сакавіка таго ж году.

Крымінальныя справы па палітычных матывах вяліся супраць 41 грамадзка-палітычнага актывіста, 21 з якіх былі асуджаныя да розных відаў пакараньня ад штрафаў да арыштаў, абмежаваньня і пазбаўленьня волі. Адносна 12 чалавек справы былі спыненыя на этапе папярэдняга сьледзтва ў сувязі з адсутнасьцю ў іх дзеяньнях складу крымінальнага злачынства. Да канца 2006 году працягваліся сьледчыя дзеяньні, а таксама  не былі вынесеныя рашэньні па крымінальных справах у адносінах да 9 актывістаў дэмакратычнага руху. 

Своеасаблівы рэкорд крымінальнага перасьледу па палітычных матывах у вялікай ступені быў зьвязаны з правядзеньнем кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі, і як сьледзтва – ростам палітычнай і грамадзкай актыўнасьці грамадзянаў.

Выбары былі абвешчаныя паводле Пастановы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад 16 сьнежня 2005 году, а напярэдадні, 15 сьнежня, Палата прадстаўнікоў амаль адзінагалосна прыняла Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясеньні дадаткаў і зьменаў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаньнях узмацненьня адказнасьці за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі”. Гэтыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс сталі прававой асновай для разгортаваньня маштабнай кампаніі палітычных рэпрэсіяў супраць апанентаў дзеючага рэжыму. Названыя зьмены ўступілі ў дзеяньне з 1 студзеня 2006 году, і ўжо праз месяц была распачатая першая крымінальная справа па адным з новых артыкулаў.

Улады таксама актыўна выкарыстоўвалі і іншыя артыкулы Крымінальнага кодэксу ў палітычных мэтах, асабліва ў дачыненьні да актывістаў моладзевых рухаў. Вельмі часта напісаньне палітычных графіці на будынках кваліфікавалася як хуліганства ці злоснае хуліганства. Пры гэтым улады, па-першае, атрымлівалі магчымасьць кваліфікаваць дзеяньні апазіцыйных актывістаў па больш жорсткіх артыкулах Крымінальнага кодэксу і ўтрымліваць абвінавачаных пад вартай да суда, а па-другое, прадставіць іх у вачах грамадзкасьці не палітычнымі вязьнямі, а дробнымі крымінальнікамі, якія ня маюць нічога агульнага з палітычнай дзейнасьцю.

Атрымала свой далейшы працяг практыка выкарыстаньня артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за абразу і паклёп у адносінах да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых службовых асобаў краіны. Нават карыкатуры і сатырычныя мультфільмы пра кіраўніка краіны і іншых службовых асобаў у шэрагу выпадкаў кваліфікаваліся як абраза.

Улады неаднаразова ўжывалі разнастайныя правакацыі ў мэтах далейшага крымінальнага перасьледу па палітычных матывах. Яскравымі пракладамі зьяўляюцца справы, узбуджаныя нібыта за распаўсюд наркотыкаў, фальшывых грошай, спробы абвінаваціць моладзевых актывістаў у датычнасьці да арганізацыі тэрарыстычных актаў, выбухаў, серыйных забойстваў і згвалтаваньняў. Паказальнай у гэтым сэнсе зьяўлялася справа актывістаў незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Партнёрства”, якія публічна, праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, былі абвінавачаныя ў арганізацыі тэрарыстычных актаў і іншых мерапрыемстваў, скіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне падчас выбараў прэзідэнта. Аднак гэтыя абвінавачаньні нават не разглядаліся ні падчас папярэдняга сьледзтва, ні падчас судовага разгляду справы.   

 

1. Крымінальная справа супраць Аляксандра Казакова і Зьміцера Зубро.

Актывісты руху “Зубр” Аляксандр Казакоў і Зьміцер Зубро былі затрыманыя ў ноч на 28 сьнежня 2005 году за палітычныя графіці (напісаньне лічбы “16”, якая заклікае да ўдзелу ў Дні салідарнасьці з палітзьняволенымі). Маладыя людзі правялі больш за двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня і былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе. Ім  было прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (аказаньне супраціўленьня супрацоўніку міліцыі). 7 красавіка судзьдзя суда Цэнтральнага р-ну г. Менску Валеры Есьман асудзіў Аляксандра Казакова і Зьміцера Зубро да 2 гадоў абмежаваньня волі. Моладзевыя актывісты зьехалі за межы Рэспублікі Беларусь.

 

2. Крымінальныя  справы супраць Паўла Красоўскага.

Напачатку 2006 году ў г. Жодзіна была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (публічная абраза службовых асобаў) у адносінах да актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Паўла Красоўскага за публікацыю ў бюлетэні “Назіральнік” сатырычных карыкатураў на кіраўніцтва гораду. Карыкатуры былі знойдзеныя падчас вобыску ў кватэры Паўла Красоўскага ў сьнежні 2005 г. Дадзеная справа была спыненая, аднак у далейшым супраць моладзевага актывіста былі высунутыя новыя крымінальныя абвінавачаньні.

4 кастрычніка ў кватэры Паўла Красоўскага зноў адбыўся ператрус, падчас якога быў канфіскаваны кампутарны блок, дыскі і друкаваная прадукцыя. Затым Красоўскага на міліцэйскай машыне даставілі ў Віцебск, дзе дапытвалі па справе аб выбухах у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году. Сьледчыя заявілі, што моладзевы актывіст падобны на фотаробат злачынцы. У выніку ён быў прызнаны падазраваным у падрыхтоўцы злачынства, скіраванага на забойства асабліва небясьпечным спосабам у адпаведнасьці з артыкулам 139 ч.2 Крымінальнага кодэксу. У гэты ж дзень Красоўскага накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня г. Віцебску. 11 кастрычніка галоўны сьледчы Рэспубліканскай пракуратуры па асабліва важных справах Аляксандр Расолька дадаткова вынес пастанову аб прызнаньні Паўла Красоўскага падазраваным ва ўчыненьні шэрагу згвалтаваньняў і забойстваў няпоўнагадовых дзяўчынак у розных гарадах Беларусі ў 1999 годзе. Паколькі 15 кастрычніка  скончыўся тэрмін утрыманьня Красоўскага пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня, а доказаў, якія б сьведчылі пра ягоную датычнасьць да названых злачынстваў не было выяўлена, малады чалавек быў выпушчаны з ізалятару часовага ўтрыманьня. Пазьней крымінальная справа адносна датычнасьці Красоўскага да забойстваў і згвалтаваньняў непаўнагадовых дзяўчат была спыненая, а па справе, узбуджанай у сувязі з выбухамі ў Віцебску, ён працягвае праходзіць у якасьці падазраванага, аднак актыўных сьледчых мерапрыемстваў у дачыненьні да яго не праводзіцца.

 

3. Крымінальная справа супраць Зьміцера Касьпяровіча

Крымінальная справа супраць актывіста Партыі БНФ Зьміцера Касьпяровіча, затрыманага ў ноч з 17 на 18 студзеня, была ўзбуджаная па падазрэньні ў зьнявазе дзяржаўных сімвалаў. З.Касьпяровіч спрабаваў зьняць афіцыйны сьцяг з будынку Менгарвыканкаму, бо лічыць яго сталінскім. Па арт. 370 Крымінальнага кодэксу “Зьнявага дзяржаўных сімвалаў” не прадугледжваецца пазбаўленьне волі (максімальнае пакараньне -- 1 год абмежаваньня волі), а таксама ўтрыманьне пад вартай да суда. Аднак абвінавачваньне З. Касьпяровічу было прад’яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), і пакараньне, прадугледжанае па гэтым артыкуле -- 3 гады пазбаўленьня волі. Мерай стрыманьня пракуратура абрала ўтрыманьне пад вартай, да суда Зьміцер Касьпяровіч знаходзіўся ў СІЗА г. Менску.

Затрыманыя ў межах гэтай справы Павел Батуеў і Зьміцер Гаўрусік пасьля праведзеных сьледчых дзеяньняў (допыты, вобыскі) былі адпушчаныя на свабоду без прад’яўленьня абвінавачаньня, справа супраць іх была спыненая.

27 лютага суд Маскоўскага раёну Менску вынес рашэньне па справе Зьмітра Касьпяровіча -- арышт тэрмінам на пяць месяцаў. Актывіст не пагадзіўся з абвінавачваньнем і заявіў, што гатовы адказваць за зьнявагу дзяржаўнага сьцягу, але не за хуліганства. Прысуд быў абскарджаны адвакатам у касацыйным парадку ў судовай калегіі па крымінальных справах Менскага гарадзкога суда, аднак скарга была пакінутая без задавальненьня, а прысуд бяз зьменаў.

Пакараньне З. Касьпяровіч адбываў у турме г. Жодзіна. 28 красавіка быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.

 

4. Крымінальная справа супраць Артура Фінькевіча.

Актывіст “Маладога Фронту” Артур Фінькевіча быў затрыманы ўначы 30 студзеня ў Менску за напісаньне палітычных графіці. Крымінальная справа супраць яго была ўзбуджаная па ч.2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства), і абвінавачваньне прад`яўленае менавіта па гэтым артыкуле. Сьледчыя органы наўмысна кваліфікавалі напісаньне палітычных графіці як злоснае хуліганства, паколькі гэтая кваліфікацыя дазваляе пазбаўляць моладзевых актывістаў волі і зьмяшчаць у СІЗА; адказнасьць па дадзеным артыкуле прадугледжаная да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Пазьней у справе нечакана зьявілася эксьпертыза шкоды, якую Артур Фінькевіч нібыта нанёс будынкам. Сума шкоды паводле гэтай эксьпертызы склала 35 мільёнаў 196 тысячаў 970 рублёў. А.Фінькевічу дадаткова было прад’яўленае абвінавачваньне па ч. 3 арт. 218 КК РБ (наўмыснае прычыненьне стратаў ці псаваньне маёмасьці, якое пацягнула за сабой шкоду ў асабліва буйным памеры), за што прадугледжанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам ад 7 да 12 гадоў. Аднак падчас судовага паседжаньня абвінавачваньні па дадзеным артыкуле было зьнятае, паколькі сума шкоды паменшылася да 2 мільёнаў 207 тысячаў рублёў.

10 траўня судом Першамайскага раёну Менску Артур Фінькевіч быў асуджаны па абвінавачаньні ў злосным хуліганстве да году і шасьці месяцаў абмежаваньня волі. З 29 чэрвеня моладзевы лідэр накіраваны адбываць пакараньне ў магілёўскую сьпецкамендатуру № 43.

 

5. Крымінальная справа супраць Уладзіміра Хоміча і Максіма Кокарава

2 сакавіка ў Нясьвіжы за графіці “Мы хочам новага!” і “Достал!” мясцовы РАУС узбудзіў крымінальную справу ў дачыненьні да актывістаў “Маладога Фронту” Уладзіміра Хоміча і Максіма Кокарава па арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці).

На этапе папярэдняга сьледства моладзевыя актывісты знаходзіліся пад падпіскай аб нявыездзе. Справа адносна Уладзіміра Хоміча і Максіма Кокарава была спыненая.

 

6. Крымінальная справа супраць Сяргея Ляшкевіча.

2 сакавіка ў Шчучыне адбыліся ператрусы ў кватэрах мясцовых актывістаў Васіля Бязьмена і Сяргея Ляшкевіча. У абодвух пасьля вышуку былі забраныя кампутарныя носьбіты інфармацыі, а таксама некаторыя друкаваныя выданьні, паперы з асабістага архіву. Сяргей Ляшкевіч быў затрыманы і некалькі дзён знаходзіўся ў Шчучынскім сьледчым ізалятары. Супраць яго была заведзеная крымінальная справа па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ (масавыя беспарадкі).

Падчас судовага працэсу паказаньні супраць С.Ляшкевіча даваў раней нікому невядомы грамадзянін, якія знаходзіўся пад вартай за крадзёж маёмасьці. Паводле ягоных паказаньняў, Ляшкевіч нібыта дэманстраваў яму фільмы, у якіх паказвалася, як дэманстранты супрацьдзейнічаюць міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў. Сьведка адзначаў, што такім чынам актыівст рыхтаваў яго да ўдзелу ў пасьлявыбарчых дэманстрацыях (гэта былі кадры з дакументальнага фільму Ю. Хашчавацкага “Звычайны прэзідэнт”). Шчучынскі раённы суд палічыў віну Сяргея Ляшкевіча даказанай, паклаўшы ў асновы прысуду гэтыя цьмяныя і сумнеўныя доказы, і 29 траўня асудзіў 28-гадовага актывіста на 5 месяцаў пазбаўленьня волі.

27 ліпеня Сяргей Ляшкевіч быў вызвалены з Глыбоцкай турмы ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня.

 

7. Крымінальныя справы супраць Аляксандра Казуліна -- кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

1 сакавіка супраць кандыдата ў прэзідэнты, лідэра Беларускай сацыял-дмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу РБ (злоснае хуліганства) у сувязі з інцыдэнтам 17 лютага. У той дзень А. Казуліна разам з ягонымі прыхільнікамі без тлумачэньня прычынаў не пусьцілі ў будынак Нацыянальнага прэс-цэнтру, дзе была прызначаная прэс-канфэрэнцыя кандыдата ў прэзідэнты. Пры спробе прайсьці ў будынак, каб даведацца прычыны адмовы, супраць Казуліна была ўжытая фізічная сіла, аднак у выніку ён сам быў абвінавачаны ў “абразе і ўжываньні фізічнага гвалту адносна супрацоўнікаў аховы канцэртнай залы “Менск” і супрацоўніка міліцыі”.

Другая справа была распачатая ў сувязі з паводзінамі Аляксандра Казуліна 2 сакавіка, калі ён з групай прыхільнікаў спрабаваў зарэгістравацца ў якасьці дэлегата Усебеларускага народнага сходу, але быў затрыманы і жорстка зьбіты прадстаўнікамі сьпецслужбаў і асабіста камандзірам СОБРу палкоўнікам Д. Паўлічэнкам. Пасьля затрыманьня Аляксандр Казулін быў дастаўлены ў РУУС Кастрычніцкага р-ну сталіцы, дзе разьбіў партрэт А. Лукашэнкі. Крымінальная па гэтым эпізодзе была ўзбуджаная паводле ч. 1 арт. 339 КК РБ (хуліганства).

25 сакавіка Аляксандр Казулін быў затрыманы падчас сьвяткаваньня Дня Волі, калі ён з групай дэмантрантаў накіроўваўся да Менскага сьпецпрыёмніка-разьмеркавальніка, каб выказаць падтрымку зьняволеным удзельнікам пасьлявыбарчых акцыяў пратэсту. Да суда А. Казулін знаходзіўся пад вартай ў СІЗА г. Жодзіна.

30 сакавіка экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну было прад’яўленае абвінавачаньне па трох эпізодах: па падзеях ў Менску 17 лютага і 2 сакавіка – арт. 339 ч. 2 КК РБ (злоснае хуліганства); па падзеях 25 сакавіка – арт. 342 КК РБ (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады ці якія пацягнулі парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацыяў, альбо актыўны удзел у такіх дзеяньнях пры адстутнасьці прыкметаў больш цяжкага злачынства). 

13 ліпеня судзьдзя суда Маскоўскага р-ну г. Менску Аляксей Рыбакоў прызнаў Аляксандра Казуліна вінаватым па вылучаных абвінавачаньнях і асудзіў да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі агульнага рэжыму. 19 верасьня калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суда разгледзела касацыйную скаргу палітыка і пакінула яе без задавальненьня, а прысуд суда Маскоўскага р-ну г. Менску бяз зьменаў.

Аляксандр Казулін накіраваны адбываць пакараньне ў калоніі агульнага рэжыму “Віцьба-3” Віцебскай вобласьці.

 

8. Крымінальная справа супраць Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайкі, Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай

22 лютага былі затрыманыя  Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка, актывісты Грамадзянскай ініцыятывы “Партнёрства”, якая праводзіла назіраньне за выбарамі прэзідэнта. Супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў офісах арганізацыі ў Менску і рэгіёнах, а таксама у кватэрах актывістаў, канфіскаваўшы ўсе носьбіты інфармацыі. Фармальнай падставай для сьледчых дзеяньняў і затрымньняў зьяўлялася нібыта датычнайсьць актывістаў да распаўсюду сатырычных мультфільмаў на палітычныя тэмы, па факце чаго раней ўжо была ўзбуджаная крымінальная справа.

1 сакавіка старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што апазіцыя запланавала шэраг правакацыяў на дзень выбараў, каардынаваць якія меліся арыштаваныя сябры арганізацыі “Партнёрства”. Паводле С.Сухарэнкі, падчас апазіцыйнага мітынгу запланаваныя некалькі выбухаў, “зьяўленьне крыві і ахвяраў разьвязвае рукі арганізатарам акцыі пратэсту, пасьля чаго пачынаецца захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў, перагароджваюцца чыгуначныя каляіны з мэтай поўнага спыненьня функцыянаваньня краіны”. Акрамя таго, “Партнёрства” нібыта падрыхтавала фальшывыя пратаколы “экзіт-полаў”, паводле якіх перамогу на выбарах атрымаў апазіцыйны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч.

2 сакавіка Цімафею Дранчуку, Міколу Астрэйку, Эніры Браніцкай і Аляксандру Шалайку было прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 193 Крымінальнага кодэксу РБ (арганізацыя ці кіраваньне дзейнасьцю грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў). Усе чацьвёра актывістаў “Партнёрства” падчас сьледзтва знаходзіліся ў сьледчым ізалятары КДБ, а затым былі пераведзеныя ў СІЗА МУС у  Менску.

4 жніўня падчас судовага разьбіральніцтва ў судзе Цэнтральнага р-ну г. Менску абвінавачаньні па ч. 2 арт. 193 КК РБ былі зьнятыя, а прысуд судзьдзя Леанід Ясіновіч вынес па арт. 193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду ці ўдзел у іх дзейнасьці): Мікола Астрэйка быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калоніі агульнага рэжыму, Цімафей Дранчук да аднаго году пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калоніі агульнага рэжыму, Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая да шасьці месяцаў арышту.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На яго не дапускаліся ні сваякі абвінавачаных, ні журналісты і прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў.

21 жніўня Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка былі вызваленыя, паколькі скончыўся тэрмін іхняга арышту.

Мікола Астрэйка быў вызвалены ў лістападзе ў сувязі з заменай вынесенага пакараньня на больш мяккае – папраўчыя работы.

Цімафей Дранчук быў вызвалены 26 сьнежня ўмоўна-датэрмінова, адбыўшы 9 месяцаў у зьняволеньні.

 

9. Крымінальная справа супраць Яўгена Суворава

Яўген Сувораў быў затрыманы міліцыяй 14 лютага ў Магілёве за вывешваньне расьцяжкі з заклікам узяць удзел у Дні беларускай салідарнасьці. Спачатку ён быў абвінавачаны ў парушэньні арт. 156 Адміністратыўнага кодэксу (дробнае хуліганства), аднак затрыманьне было выкарыстанае толькі як нагода для ўтрыманьня маладога чалавека пад вартай. Адміністратыўны пратакол пры гэтым нават не разглядаўся.

Супраць Яўгена Суворава была ўзбуджаная справа па арт. 435 ч.1 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад мерапрыемстваў, зьвязаных з усеагульным вайсковым абавязкам). Крымінальны перасьлед зьяўляўся толькі падставай дзеля заключэньня актыўнага маладога чалавека пад варту. Гэта пацьвярджаецца тым, што па заключэньні прызыўной камісіі Яўген Сувораў прызнаны непрыдатным да праходжаньня страявой вайсковай службы ў мірны час з-за праблемаў са зрокам. Хлопец ніколі не хаваўся ад уладаў, зьяўляўся па позвах у ваенкамат.

На працягу ўсяго папярэдняга сьледзтва Яўген Сувораў утрымліваўся Магілёўскім СІЗА. У выніку судовага разгляду справы Яўген Сувораў быў прыгавораны да штрафу ў памеры 20 базавых адзінак.

 

10. Крымінальная справа супраць Анастасіі Азаркі

Крымінальная справа супраць Анастасіі Азаркі была ўзбуджаная УУС Менаблвыканкаму 5 сакавіка па арт. 193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб`яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Дзяўчыну падазравалі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”.

Крымінальная справа была спыненая.

 

11. Крымінальная справа супраць Сяргея Марчыка

10 красавіка супраць моладзевага актывіста з Баранавічаў Сяргея Марчыка была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193-1 КК РБ -- дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. 13 красавіка на кватэрах Сяргея Марчыка і ягоных паплечнікаў Андрэя Юруця і Віктара Кісьлюка сьледчыя органы правялі ператрусы, канфіскавалі маладафронтаўскія матэрыялы і выданьні дэмакратычнага руху, а таксама прыватную аргтэхніку. Крымінальная справа была заведзеная  толькі супраць Сяржука Марчыка, астатнія праходзяць па ёй у якасьці сьведкаў.

Сяргея Марчык з’ехаў за межы Беларусі.

 

12. Крымінальная справа супраць Юрыя Радзівіла

Юры Радзівіл, кіроўца кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна, быў затрыманы асобамі ў цывільным 2 сакавіка. Машына Юрыя Радзівіла, з якой вяліся відэаздымкі масавага затрыманьня і збіцьця  журналістаў і людзей ля РУУС Кастрычніцкага р-ну Мінска, была абстраляная супрацоўнікамі сьпецпадразьдзяленьня МУС па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” (камандзір – палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў). Юры Радзівіл накіраваў заяву пракурору гораду Менску Н. Н. Куліку з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу ў адносінах да неўстаноўленых цывільных асобаў, якія выкарысталі супраць яго вогнестрэльную зброю, аднак пракурор даў згоду на ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць яго самога.

Супраць Юрыя Радзівіла было вылучае абвінавачаньне па ч.2 арт. 363 КК РБ (супраціўленьне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). На працягу ўсяго часу правядзеньня папярэдняга сьледзтва па справе  ён знаходзіўся ў СІЗА г. Менску.

18 траўня Юры Радзівіл быў асуджаны судом Маскоўскага р-ну г. Менску да трох месяцаў арышту. 2 ліпеня ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня ён быў вызвалены.

 

 13. Крымінальная справа супраць Івана Крука

Актывіст АГП і праваабаронца Іван Крук зьяўляўся кіраўніком Астравецкага раённага штабу кандыдата ў прэзідэнты РБ Аляксандра Мілінкевіча. Крымінальная справа супраць яго была ўзбуджаная 3 лютага сьледчым пракуратуры Астравецкага р-ну паводле абвінавачаньня ў гвалтоўных дзеяньнях ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі -- ч. 2 арт. 363 КК (супраціўленьне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). Падставай для абвінавачаньня стал тое, што Іван Крук падчас вобыску, які праводзіўся без законных падставаў у ягонай кватэры, разьбіў уласны кампутар аб падлогу.

15 траўня судом Астравецкага р-ну Іван Крук быў прыгавораны да 6 месяцаў арышту. Накіраваны адбываць пакараньне ў калонію г. Глыбокае Віцебскай вобласьці.

 

14. Крымінальная справа супраць старшыні РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Тацяны Процькі

1 сакавіка Дэпартамент фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю аднавіў крымінальную справу адносна РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” па ч. 2 арт. 243 КК РБ (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў). Абвінавачанай у справе была прызнаная старшыня БХК Тацяна Процька, якая, паводле падатковай інсьпекцыі, падазравалася ва ўхіленьні ад выплаты каля 70 тысячаў даляраў падаткаў.

Справа датычыць падаткаў за грашовую дапамогу, атрыманую паводле праграмаў Еўрасаюзу ТАСІS. Гэтая дапамога аказвалася Беларусі пры ўмове, што ня будзе абкладацца падаткамі. Вышэйшы гаспадарчы суд спачатку стаў на бок праваабаронцаў, але напачатку году адмяніў сваё рашэньне.

28 сакавіка крымінальная справа была спыненая ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях Т. Процькі грамадзка небясьпечнага дзеяньня.

 

15. Крымінальная справа супраць Андрэя Панасіка

Крымінальная справа супраць грамадзкага актывіста з г. Масты Гарадзенскай вобласьці Андрэя Панасіка была ўзбуджаная 11 сакавіка згодна з арт. 193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб`яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці) па падозраньні ў датычнасьці да незарэгістраванай Грамадзянскай ініцыятывы “Партнёрства”.

Справа была спынененая.

 

16. Крымінальная справа супраць Мікіты Сасіма

14 сакавіка каардынатара моладзевага руху “Зубр” Мікіту Сасіма разам з Наталяй Ушко, Нікай Лазоўскай і Нікітам Шуцянковым увечары без усялякай прычыны затрымалі каля станцыі метро “Пушкінская” ў Менску і даставілі ў Фрунзенскі РУУС.

З міліцэйскага патарунку Мікіта Сасім трапіў у 9-ю клінічную бальніцу сталіцы з абвастрэньнем апендыцыту, яму зрабілі аперацыю. 16 сакавіка ў бальніцу да Сасіма прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і, прад`явіўшы пастанову Баранавіцкага гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў, даставілі ў Баранавіцкі ГАУС, а затым у баранавіцкую гарадзкую бальніцу. Там быў праведзены допыт моладзевага актывіста па факце ўзбуджэньня крымінальнай справы па арт. 435 ч.1 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад мерапрыемстваў, зьвязаных з усеагульным вайсковым абавязкам). Гэта ўжо другая спроба ўзбуджэньня крымінальнай справы ў дачыненьні да М. Сасіма па падобным абвінавачаньні, прычым першы раз Баранавіцкі ГАУС адмовіў ваенкамату ва ўзбуджэньні справы толькі 5 сьнежня 2005 году, паколькі не знайшоў аб’ектыўных дадзеных, якія б сьведчылі аб ухіленьні маладога чалавека ад вайсковай службы.

Да суда Мікіта Сасім утрымліваўся пад вартай у СІЗА г. Баранавічы. 12 траўня суд г. Баранавічы вынес прысуд – 3 месяцы арышту. 16 чэрвеня Мікіта Сасім быў вызвалены з-пад варты ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня.

 

17. Крымінальная справа супраць Эдварда Зелянкова

Моладзевы актывіст са Жлобіну Эдуард Зелянкоў быў затрыманы 13 сакавіка за нанясеньне графіці. Крымінальная справа супраць яго была ўзбуджаная па артыкулах 193.1 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) і 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу. Следзтва вялося аддзелам унутраных справаў Цэнтральнага раёну г. Гомеля.

На пачатку чэрвеня абвінавачаньне ў хуліганстве з Зелянкова было зьнятае за адсутнасьцю складу злачынства і пакінутае абвінавачаньне ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. Паводле рашэньня суда Жлобінскага р-ну, Эдвард Зелянкоў быў асуджаны да штрафу.

 

18. Крымінальная справа супраць Мікалая Разумава

14 сакавіка пракуратура г. Оршы ўзбудзіла крымінальную справу супраць колішняга лідэра рабочага руху Мікалая Разумава па арт. 367 КК РБ (паклёп у дачыненьні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Справа датычылася выказваньняў М. Разумава 24 лютага, падчас сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдата ў прэзідэнты А. Мілінкевіча, адносна датычнасьці А. Лукашэнкі да забойства Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. Да суда М. Разумаў знаходзіўся пад вартай у СІЗА, яму была зробленая псіхіятрычная эксьпертыза.   

16 чэрвеня судзьдзя Аршанскага суда Тацяна Рыбакова прызнала Мікалая Разумава вінаватым і прыгаварыла яго да 3 гадоў абмежаваньня волі. У сувязі з тым, што М. Разумаву МРЭК была ўстаноўленая непрацоўная група інваліднасьці, абмежаваньне волі было замененае на больш мяккае пакараньне.

 

19. Крымінальная справа супраць Юліі Касьпер

Крымінальная справа супраць актывісткі Юліі Касьпер была ўзбуджаная 20 лютага пракуратурай Ленінскага р-ну г. Гародні па арт. 192 КК РБ (парушэньне заканадаўства аб выбарах) па фактах нібыта зьдзяйсьненьня падлогу ў падпісных лістах па збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Казуліна.

1 ліпеня была вынесеная пастанова аб спыненьні крымінальнай справы.

 

20. Крымінальная справа супраць Зьміцера Дашкевіча

Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны 15 верасьня па падазрэньні ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” у межах крымінальнай справы, узбуджанай згодна з арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу. Моладзевага актывіста выклікалі на допыт у пракуратуру, дзе азнаёмілі з пастановай аб абраньні меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту, а затым адразу ж адвезьлі ў ізалятар. Арышт З. Дашкевіча быў санкцыянаваны Генеральным пракурорам Беларусі П. Міклашэвічам.

Крымінальную справу супраць актывістаў “Маладога Фронту” распачалі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэньнем КДБ, у межах справы дапыталі дзясяткі людзей ў якасьці сьведкаў. У сьпіс падазраваных, апроч Зьмітра Дашкевіча, трапілі Сяржук Лісічонак, Алег Корбан і Барыс Гарэцкі, аднак пазьней справы супраць гэтых моладзевых актывістаў былі спыненыя.

1 лістапада судзьдзя суда Кастрычніцкага р-на г. Менску Ала Булаш прызнала Зьміцера Дашкевіча вінаватым і прыгаварыла яго да году і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі. Суд насіў закрыты характар. Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу Дашкевіча і пакінуў прысуд суда першай інстанцыі без зьменаў.

Яшчэ да ўступленьня прысуду ў законную сілу Зьміцер Дашкевіч быў накіраваны ў Шклоўскую калонію Магілёўскай восласьці, дзе і адбывае пакараньне.

 

21. Крымінальная справа супраць Вадзіма Логінава і Аляксея Крывінцова

Крымінальная справа супраць гарадзенцаў Вадзіма Логінава і Аляксея Крывінцова  была ўзбуджаная па факце напісаньня 22 верасьня графіці супраць БРСМ па арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасьці) паводле пастановы начальніка РАУС адміністрацыі Ленінскага раёну г. Гародні падпалкоўніка міліцыі А.Н. Зіновіка.

Матэрыяльныя страты дазнавальнік міліцыі старэйшы лейтэнант Д.Н. Шкулепа ацаніў у суму 51 420 і 300 000 беларускіх рублёў. Выдаткі на рамонт сьценаў маладымі людзьмі былі выплачаныя.

Паводле прысуду суда Ленінскага р-на г. Гародні  Вадзіму Логінаву і Аляксею Крывінцову вынесеныя штрафы.

 

22. Крымінальная справа супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой

Крымінальная справа супраць Тацяны Елавой з Менску і Дзяніса Дзянісава з Віцебску была ўзбуджаная па арт. 342 ч.1 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» у выніку падзеяў 18-га чэрвеня, калі ў Віцебску заявіла пра сябе новая ініцыятыва “Бунт” і ў абласным цэнтры зьявілася мноства апазіцыйных графіці, а над летнім амфітэатрам быў узьняты бела-чырвона-белы сьцяг.

Паводле афіцыйнага міліцэйскага паведамленьня, «дадзеныя грамадзяне падрыхтавалі, спланавалі і арганізавалі правядзеньне на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну г. Віцебску групавой несанкцыянаванай акцыі, накіраванай на грубае парушэньне грамадзкага парадку і зрыў культурна-масавых мерапрыемстваў». Падазраваных разам з іншымі ўдзельнікамі віцебскіх падзеяў неаднаразова выклікалі на допыты па гэтай справе (на допытах па гэтай справе пабывала больш за 80 асобаў), у кватэры Тацьцяны Елавой і кватэрах іншых актывістаў арганізацыі былі праведзеныя вобыскі.

Тацьцяна Елавая здолела пакінуць тэрыторыю Беларусі, супраць Дзяніса Дзянісава сьледчыя дзеяньні працягваюцца.

 

23. Крымінальная справа супраць Мікалая Аўтуховіча

7 ліпеня ў Кастрычніцкім раённым судзе Гародні на тры гады і шэсьць месяцаў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці быў асуджаны ваўкавыскі прадпрымальнік, адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Гарадзеншчыны Мікалай Аўтуховіч. Ён прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу – ухіленьні ад выплаты падаткаў, што нанесла страты ў асабліва буйным памеры.

Пакараньне накіраваны адбываць у калонію г. Менску.

 

24. Крымінальная справа супраць Андрэя Абозава, Паўла Марозава, Алега Мініча

Сябры грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Алег Мініч, Андрэй Абозаў і Павел Марозаў падазраюцца ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. З 16 жніўня 2005 г. менская пракуратура сумесна з КДБ вядуць крымінальную справу згодна з арт. 368 КК РБ.  Падставай для крымінальнай справы сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на інтэрнэт-сайце арганізацыі. 20 лістапада  сьледчы менскай пракуратуры азнаёміў Паўла Марозава з пастановай аб прызнаньні яго падазраваным у зьдзяйсьненьні дадазенага крымінальнага злачынства.

Актывісты арганізацыі “Трэці шлях” пакінулі тэрыторыю Беларусі.

 

25. Крымінальная справа супраць Кацярыны Садоўскай

Сябра беларускага аддзяленьня Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага аб’яднаньня “Вечэ” 60-гадовую Кацярыну Садоўскую затрымалі 25 ліпеня паводле крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 368 КК РБ (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Спачатку яе трымалі ў псіхіятрычным шпіталі, а потым перавялі ў сьледчы ізалятар.

Падставай дзеля крымінальнай справы стаў неадпраўлены ліст, знойдзены падчас ператрусу ў кватэры К.Садоўскай, у якім жанчына абвінаваціла кіраўніка дзяржавы ў крымінальных злачынствах і назвала яго “монстрам”. Лінгвістычная эксьпертыза пастанавіла, што ўжытае слова зьяўляецца параўнаньнем з жывёлай і абражае асобу.

24 кастрычніка судзьдзя Ленінскага раённага суда г.Менску Тацяна Жулкоўская пакарала Кацярыну Садоўскую на два гады зьняволеньня ў калоніі агульнага рэжыму. Кацярына Садоўская накіраваная адбываць пакараньне ў Гомельскую жаночую калонію. 22 сьнежня Менскі гарадзкі суд пакінуў прысуд бяз зьменаў.

 

26. Крымінальная справа супраць Мечыслава Яскевіча

Актывіст “Саюзу палякаў на Беларусі” Мечыслаў Яскевіч абвінавачваецца ў парушэньні арт. 399 Крымінальнага кодэксу РБ – “хуліганства” нібыта за бойку на прыпынку. 5 лістапада ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і зьмешчаны ў сьпецпрыёмнік Кастрычніцкага РАУС Гародні. 7 лістапада Яскевіча вызвалілі з-пад варты. Матэрыялы крымінальнай справа перададзеныя для разгляду ў суд Кастрычніцкага раёну Гародні.

Гэта ня першы выпадак правакацыяў і крымінальнага перасьледу актывістаў “Саюзу палякаў на Беларусі”. 29 кастрычніка на мяжы з Літвой былі затрыманыя старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс і некалькі актывістаў на падставе выяўленага ў  аўтамабілі пакеціку з невядомым парашком, які аказаўся амфетамінам. Гарадзенская рэгіянальная мытня ўзбудзіла крымінальную справу па факце кантрабанды наркотыкаў. Актывісты “Саюзу палякаў на Беларусі” называюць падобныя дзеяньні «правакацыяй беларускіх праваахоўных органаў».

 

27. Крымінальная справа супраць Канстанціна Лукашова

19 сьнежня па месцы працы ў Інстытуце геахіміі і геафізікі Нацыянальнай Акадэміі навук супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы Канстанцін Лукашоў. 20 сьнежня ён быў узяты пад варту ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 364 КК РБ (гвалт ці пагроза прымяненьня гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі), узбуджанай па падзеях 28 сакавіка. 

У той дзень Канстанцін Лукашоў на машыне вывез са шпіталю свайго брата Вячаслава Сіўчыка, які быў дастаўлены туды са сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку ў выніку пагаршэньня стану здароўя. Па меркаваньні сьледзтва, у той дзень Канстанцін Лукашоў нібыта ўчыніў наўмысны наезд на супрацоўніка міліцыі, які выконваў свае службовыя абавязкі.

К. Лукашоў быў узяты пад варту ў СІЗА з матывіроўкай, што ён нібыта хаваўся ад сьледзтва і быў у вышуку, пры гэтым ён кожны дзень хадзіў на працу і вёў актыўную перапіску з органамі пракуратуры і іншымі дзяржаўнымі органамі.

Да канца 2006 году Канстанцін Лукашоў працягваў знаходзіцца пад вартай у СІЗА г. Менску.

 

Адміністратыўны перасьлед па палітычных матывах

ВЫБАРЫ 2006: АДМІНІСТРАТЫЎНЫЯ АРЫШТЫ І ЗАТРЫМАНЬНІ


     1. Мяцеліца Алег (Зубр) - асуджаны 17 лютага -- 15 сутак, Ленінскі суд г.Мінска. арт.156 Адміністратыўнага кодэксу

     2. Корбан Алег - (Малады фронт) - асуджаны 17 лютага - 10 сутак, суд Цэнтральнага р-ну г.Мінска. Суддзя Бычко А.

      арт.156 Адміністратыўнага кодэксу

     3. Фігурын Павел - (Малады фронт) - асуджаны 17 лютага - 10 сутак, суд Цэнтральнага р-ну г.Мінска. Суддзя Бычко А. арт.156 Адміністратыўнага кодэксу

     4. Гарэцкі Барыс -- (Малады фронт) - асуджаны 17 лютага - 10 сутак, суд Цэнтральнага р-ну г.Мінска. Суддзя Бычко А. арт.156 Адміністратыўнага кодэксу

     5. Токараў Улад - (сябры ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча) - Віцебск, (арт.167-3 (парушэньне арганізацыі выбараў).

     6. Перагуда Канстанцін - Віцебск, арт.167-3 (парушэньне арганізацыі выбараў).

     7. Глушакоў Юры - Гомель, затрыманы 19 лютага, складзены пратакол па арт.172 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд друкаванй прадукцыі). Штраф 290 000 руб.

     8. Радчыкаў Яўген - затрыманы 23 лютага, Наваполацк, арт143 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу (расклейка аб'яваў ва неўстаноўленых месцах).

     9. Рамановіч Ануфры - асуджаны 21 лютага, Мінск, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, штраф 145 000 руб. - абвінавачаны ў датэрміновай агітацыі і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходзячых дадзеных.

     10. Гундар Уладзімір, Баранавічы, -- асуджаны 21 лютага, рэдактар "Незалежнай баранавічкай газеты&". Арт.172 ч.1 (распаўсюд друкаванай прадукцыі з парушэньнем устаноўленага парадку). Штраф - 145 000 руб.

     11. Шаламаў Сьвятаслаў, Гомель - асуджаны 23 лютага. Штраф 290 000 руб. За перавоз карыкатурных малюнкаў на Лукашэнку.

     12. Броўка Віталь, Віцебск, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, складзеныя пратаколы 23 лютага па арт.143 ч.3 (антысанітарыя).

     13. Караткевіч Зьміцер, Віцебск, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, складзеныя пратаколы 23 лютага па арт.143 ч.3 (антысанітарыя).

     14. Трыфанаў Сяргей, затрыманы 25 лютага, агітатар за А.Мілінкевіча, Гомель, абвінавачаны ў парушэньні арганізацыі выбараў.

     15. Удовенка Леанід, затрыманы 25 лютага, агітатар за А.Мілінкевіча, Гомель, абвінавачаны ў парушэньні арганізацыі выбараў.

     16. Хадасевіч Уладзімір, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, Рагачоў, затрыманы 26 лютага, складзены пратакол па арт.167 ч.3 (парушэньне парадку арганізацыі выбраў).

     17. Тамковіч Уладзімір, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, Рагачоў, затрыманы 26 лютага, складзены пратакол па арт.167 ч.3 (парушэньне парадку арганізацыі выбараў).

     18. Захаранка Юры, затрыманы 26 лютага, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, Гомель, складзены пратакол па арт.167 ч.3 (парушэньне парадку арганізацыі выбараў).

     19. Гаўрыленка Кацярына, затрыманая 26 лютага, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, Гомель, складзены пратакол па арт.167 ч.3 (парушэньне парадку арганізацыі выбараў).

     20. Тужык Леанід, затрыманы 26 лютага, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, Гомель, складзены пратакол па арт.167 ч.3 (парушэньне парадку арганізацыі выбараў).

     21. Толчын Андрэй, затрыманы 26 лютага, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, Гомель, складзены пратакол па арт.167 ч.3 (парушэньне парадку арганізацыі выбараў).

     22. Трубкін Аляксей, асуджаны 23 лютага па арт.172 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд друкаванай прадукцыі з парушэньнем устаноўленага парадку) на 145 000 руб. штрафу, член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, Наваполацк.

     23. Маневіч Аляксей, затрыманы 27 лютага, складзены пратакол па па арт.172 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд друкаванай прадукцыі з парушэньнем устаноўленага парадку) , г.Калінкавічы

     24. Рабянок Дзяніс, затрыманы 27 лютага, па арт.172 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд друкаванай прадукцыі з парушэньнем устаноўленага парадку) г.Калінкавічы,

     25. Вырвіч Барыс, затрыманы па арт. 156 Адміністратыўнага кодэксу (дробнае худіганства), рэдактар бялыніцкай газеты "Паходня", Бялынічы.

     26. Кучынскі Станіслаў, затрыманы 20 лютага, па арт. 172 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд друкаванай прадукцыі з парушэньнем устаноўленага парадку), непаўнагадовы, Кобрын.

     27. Чувак Канстанцін, асуджаны 24 лютага па арт. 172 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд друкаванай прадукцыі з парушэньнем устаноўленага парадку) да штрафу ў 29 000 руб. член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, г.Пінск.

     28. Казека Уладзімір, 27 лютага складзены пратакол па арт. 172 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд друкаванай прадукцыі з парушэньнем устаноўленага парадку), г. Драгічын.

     29. Аўсеенка Аляксандр, 28 лютага аштрафаваны на 4 базавыя вялічыні за парушэньне выбарчага заканадаўства. член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, г.Пінск.

     30. Саранчукоў Вадзім, 2 сакавіка, асуджаны на 5 сутак па арт.156 (дробнае хуліганства), член ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, г.Гродна.

     31. Дарашкевіч Юлія, затрымана 2 сакавіка, фотакарэспандэнт газеты "Наша Ніва", г.Мінск

     32. Грыц Сяргей, затрыманы 2 сакавіка, фотакарэспандэнт агенцтва "Асашыэйтэд прэс". г.Мінск

     33. Фядосенка Васіль, затрыманы 2 сакавіка, журналіст агенцтва "Рэйтэр" г.Мінск.

     34. Брушко Дзьмітры, затрыманы 2 сакавіка, фотакарэспандэнт "Белорусской газеты". г.Мінск

     35. Лабачоў Іван, затрыманы 2 сакавіка, член ініцыятыўнай групы каманды А.Казуліна. Мінск.

     36. Севярын Уладзімір, затрыманы 2 сакавіка, член ініцыятыўнай групы каманды А.Казуліна. Мінск.

     37. Улевіч Алег, зьбіты і затрыманы 2 сакавіка, карэспандэнт "Камсамольскай праўды". Мінск

     38. Максімаў Андрэй, затрыманы 2 сакавіка, , член ініцыятыўнай групы каманды А.Казуліна. Мінск.

     39. Казулін Аяксандр, затрыманы 2 сакавіка, каныдат у прэзідэнты.

     40. Мадорскі Зьміцер, журналіст інфармацыйнага агенцтва "Рэйтэр", зьбіты 2 сакавіка.

     41. Трыфанаў Сяргей, затрыманы 1 сакавіка, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, па арт.167 ч.3 (парушэньне арганізацыі выбараў), Гомель.

     42. Паплаўны Анатоль, затрыманы 1 сакавіка, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, па арт.167 ч.3 (парушэньне арганізацыі выбараў), Гомель.

     43. Хаманееў Уладзімір, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, затрыманы1 сакавіка па арт 143 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу (расклейка аб'яваў ва неўстаноўленых месцах). г. Лунінец.

     44. Мяцеліца Алег, актывіст Зубра, 3 сакавіка асуджаны на 15 сутак арышту па арт.156 (дробнае хуліганства), г.Бялынічы.

     45. Богдан Вадзім, 2 сакавіка асуджаны па арт.156 адміністратыўнага кодэксу за "дробнае хуліганства" . г.Сьветлагорск.

     46. Чыж Вераніка, затрыманая 5 сакавіка, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, за распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных (арт.172 Адміністратыўнага кодэксу), г.Віцебск.

     47. Кузьняцова Любоў, затрыманая 5 сакавіка, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, за распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных (арт.172 Адміністратыўнага кодэксу), г.Віцебск.

     48. Парсюкевіч Сяргей, затрыманы 5 сакавіка, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, за распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных (арт.172 Адміністратыўнага кодэксу), г.Віцебск.

     49. Лябедзька Анатоль, затрыманы 7 сакавіка па арт.166 Адміністратыўнага кодэксу (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням работнікаў міліцыі) і 167.1 і аштрафаваны на 50 базавых вялічынь.

     50. Шанцаў Уладзімір, асуджаны 7 сакавіка па арт.166 Адміністратыўнага кодэксу (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням работнікаў міліцыі) на 15 сутак арышту. г.Магілёў.

     51. Зялко Аляксандр, асуджаны 9 сакавіка па арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным сходзе) Партызанскім судом г.Мінска на 15 сутак арышту.

     52. Літвінка Арцём, асуджаны 9 сакавіка па арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным сходзе) Партызанскім судом г.Мінска на 15 сутак арышту.

     53. Лянцэвіч Сяргей, асуджаны 9 сакавіка па арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным сходзе) Партызанскім судом г.Мінска на 15 сутак арышту.

     54. Кудраўцаў Дзьмітры, асуджаны 9 сакавіка па арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным сходзе) Партызанскім судом г.Мінска на 15 сутак арышту.

     55. Толар Пётр, асуджаны 9 сакавіка па арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным сходзе) Маскоўскім судом г.Мінска на 15 сутак арышту.

     56. Грыдзін Уладзімір, асуджаны 9 сакавіка па арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным сходзе) Маскоўскім судом г.Мінска на 15 сутак арышту.

     57. Паўлоўскі Аляксандр, асуджаны 9 сакавіка па арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным сходзе) Маскоўскім судом г.Мінска на 15 сутак арышту.

  &

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international