Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» звярнуўся да беларускага народу

2007 2007-04-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аргкамітэт па правядзеньню акцыі “Чырнобыльскі шлях” зьвярнуўся да беларускага народу з нагоды 21-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Нагадаем, што заяўка на правядзеньне традыцыйнай акцыі “Чарнобыльскі шлях” была пададзеная ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт. Плануецца, што акцыя пачнецца 26 красавіка ў 18.00 на плошчы Якуба Коласа. Далей – шэсце па праспекце Незалежнасьці да Нацыянальнай бібліятэкі і мітынг, паведамляе Хартыя 97.

Дарагія суайчыньнікі!

Прайшоў ужо 21 год пасьля трагічнай для Беларусі даты – 26 красавіка. Найбуйнейшая ў гісторыі тэхнагенная катастрофа нанесла непапраўныя страты нашай краіне. Прыкладна 2/3 радыеактыўных выкідаў аселі на нашай зямлі, забрудзіўшы прыкладна пятую частку тэрыторыі з 20% насельніцтва. Амаль усю Беларусь накрыла першая хваля кароткажыцьцёвых радыенуклідаў, частку якіх асаджалі на нашай тэрыторыі прымусова, каб не пайшлі на Маскву. Усё рабілася пад прыкрыцьцём злачыннай сакрэтнасьці, і людзі не маглі абараніцца ад гэтага ўдару.

Праз намаганьні дэмакратычных сілаў з канца 80-х гг. пачалі рабіцца захады дзеля зьніжэньня рызыкі для людзей і стварэньня сыстэмы рэабілітацыі:

- завоз прадуктаў з чыстых зонаў, аж да імпарту з-за мяжы;

- грашовая кампэнсацыя для закупу прадуктаў;

- апрацоўка пляцаў пад асабістымі агародамі клінаптыламітамі, што зьніжала пераход радыенуклідаў у агародніну;

- адсяленьне значнай часткі людзей;

- стварэньне практычна ва ўсіх сфэрах надзейнай сыстэмы радыяцыйнага кантролю;

- перабудова мэдычнай службы й стварэньне спэцыялізаваных установаў радыяцыйной мэдыцыны;

- забесьпячэньне мэдыкамэнтамі пацярпелага насельніцтва;

- сыстэма гуманітарнай дапамогі з-за мяжы, утварэньне фондаў дзеля аздараўленьня дзяцей у краінах Эўропы, ЗША, Канадзе.

Нарэшце, у лютым 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС".

Аднак па меры зацісканьня дэмакратыі кіраўніцтва краіны памяняла стаўленьне да нацыянальнай бяды. Асноўны развал усіх сыстэмаў абароны і рэабілітацыі людзей адбыўся пры цяперашнім кіраўніцтве дзяржавы, якому чарнобыльская праблема перашкаджае імітаваць працьвітаньне краіны.

Сваімі ўказамі А.Лукашэнка адмяніў вялікую частку артыкулаў закону, пазбавіўшы бязьвінна пацярпелых людзей усякай падтрымкі. Былі зьліквідаваныя спэцыялізаваныя мэдычныя ўстановы, уведзены дзяржаўна-бюракратычны, палітычна матываваны кантроль над гуманітарнай дапамогай, і яна спынілася. Спынілі дзейнасьць фондаў, што ажыцьцяўлялі аздараўленьне дзяцей за мяжой, каб дзеці не змаглі бачыць іншы ўзровень жыцьця і палітычны лад.

З папушчэньня вышэйшага кіраўніцтва краіны міністэрствы й ведамствы падзаконнымі актамі ўразаюць рэшткі яшчэ дзейных законаў. Міністэрства аховы здароўя ў траўні 2006 г. прыняло пастанову аб упарадкаваньні сьпісаў асобаў, падлеглых санаторно-курортнаму лячэньню, зь якога выключыла ўсе захворваньні, выкліканыя наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Тым самым пазбавілі законных правоў ліквідатараў, якія маюць ільготы па 18 артыкуле, ды інвалідаў II групы. Аналягічны “клопат” выяўляе Фонд аздараўленьня і санаторно-курортнага лячэньня насельніцтва. Сьпіс можна доўжыць да бясконцасьці.

Але больш за ўсё абураюць дзеяньні мясцовых службоўцаў, якія спрабуюць закрыць рот незадаволеным, пагражаючы ім карамі. Заканамернай рэакцыяй грамадзтва на злачынную абыякавасьць дзяржавы сталі грамадзкія ініцыятывы, скіраваныя на прыцягненьне ўвагі да праблемы й на самаабарону пацярпелых: штогадовыя “Чарнобыльскія шляхі”, ініцыятыва “Ахвяры Чарнобылю” ды інш.

Эўрапейскі Зьвяз прапанаваў Беларусі комплексную дапамогу ў вырашэньні эканамічных, энэргетычных, сацыяльных і чарнобыльскіх праблемаў, у тым ліку праз далучэньне нашай краіны да эўрапейскіх праграмаў. У якасьці перадумовы Эўразьвяз чакае ад цяперашняга кіраўніцтва спыненьня палітычных рэпрэсіяў і дэмакратызацыі жыцьця ў краіне, у тым ліку празрыстага і скіраванага на людзей выкарыстаньня дапамогі. Але кіраўніцтва дзяржавы на гэты момант не прыняло эўрапейскай прапановы.

Вынік такой палітыкі пагібельны для беларускага народу. Мы ўжо ў 1993 годзе ўступілі ў паласу дэмаграфічнай катастрофы і страцілі каля 500 тыс. насельніцтва. Паводле экспэртаў ААН, да 2020 году страта дасягне мільёна чалавек, а да 2050 году насельніцтва зьменшыцца яшчэ на 28%. Галоўнымі прычынамі гэтага ёсьць ня толькі атамны Чарнобыль, але “палітычны Чарнобыль” і пароджаны ім "сацыяльна-эканамічны Чарнобыль".

Такую палітыку можна назваць генацыдам уласнага народу.

Мы патрабуем:

1. Адмяніць усе ўказы, супярэчныя Закону "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС", і аднавіць усе правы на ільготы.

2. Аднавіць грашовую кампэнсацыю ахвярам Чарнобылю ў даляравым эквіваленце да савецкага рубля 1990 г.

3. Аднавіць усё спэцыялізаваныя мэдычныя ўстановы, у т.л. Інстытут радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі, стварыўшы яго філіі ва ўсіх абласьцях.

4. Правесьці дыспансэрызацыю ўсяго насельніцтва краіны. Аднавіць у поўным аб`ёме сыстэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчаваньня і навакольнага асяродзьдзя.

5. Правесьці атэстацыю незалежнымі экспэртнымі камісіямі ўсіх працаўнікоў сыстэмы Дзяржкамчарнобылю наконт прафэсіяналізму і добрасумленнасьці.

6. Зьвярнуцца ў адпаведныя органы ААН з просьбай разглядзець пытаньне правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з дзяржаўнай палітыкай фізычнага вынішчэньня ўласнага народу, якая тут праводзіцца.

7. Уключыць пытаньне пра чарнобыльскую кампэнсацыю для Беларусі ў парадак дня перамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй як спадкаемцай СССР.

8. Адмяніць усе абмежаваньні на гуманітарную дзейнасьць грамадзкіх аб`яднаньняў і фондаў.

9. Спыніць крымінальны і адміністрацыйны перасьлед нязгодных з палітыкай уладаў, якая парушае канстытуцыйныя правы людзей. Адмяніць дазвольны прынцып рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў і аб`яднаньняў.

10. Неадкладна даць пазытыўны адказ на прапановы Эўрапейскага Зьвязу, зрабіць канкрэтныя крокі дзеля дэмакратызацыі, пачатку сыстэмнай супрацы з Аб’яднанай Эўропай у эканамічнай, энэргетычнай, чарнобыльскай ды іншых галінах.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international