viasna on patreon

У Астраўцы праходзяць слуханні наконт беларускай АЭС

2013 2013-08-19T12:23:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aes_astravec1.jpg
фота vialejka.org

фота vialejka.org

Абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) Беларускай АЭС з удзелам літоўскіх грамадзян праходзіць 17 жніўня ў Астраўцы (Гродзенская вобласць), дзе ўзводзіцца атамная станцыя.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве афіцыйна зарэгістраваліся 190 чалавек, у тым ліку 102 зацікаўленыя грамадзяніны з Літвы, а таксама літоўскія і беларускія спецыялісты і журналісты. Аднак, як растлумачылі ў сакратарыяце, не ўсе прысутныя, галоўным чынам мясцовыя жыхары, праходзілі працэдуру рэгістрацыі.

У той жа час зала, якая змяшчае больш як 400 чалавек, запоўненая практычна цалкам.

У слуханнях, якія пачаліся каля 13 гадзін, таксама бяруць удзел першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Віталь Кулік, намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, дырэктар РУП «Белндпіэнергапрам» Андрэй Рыкаў, загадчык лабараторыі радыяцыйнай бяспекі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Якаў Кенігсберг, а таксама начальнік аддзела рэактарных аддзяленняў ААТ «НДАЭП» Сяргей Гурэеў і намеснік кіраўніка Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла.

На адкрыцці грамадскіх абмеркаванняў Віталь Кулік заявіў, што да гэтага часу Беларусь правяла ўсе працэдуры па Канвенцыі Эспаа з суседнімі краінамі, якія хацелі ўдзельнічаць у працэдурах, звязаных з АУНА. «У 2010 годзе ў Вільнюсе адбыліся грамадскія абмеркаванні па папярэдняй справаздачы АУНА, у іх узялі ўдзел 83 чалавекі. Пасля правялі кансультацыі па дапрацаванай справаздачы, складзенай з улікам абмеркавання, у Мінску. Такім чынам, мы прайшлі ўсе працэдуры з Канвенцыяй Эспаа», — сказаў ён.

Аднак, нагадаў чыноўнік, Літва заявіла ў камітэт па выкананні Канвенцыі Эспаа, што Беларусь абмеркавала толькі папярэднюю, але не канчатковую АУНА, чым парушыла абавязацельствы. Камітэт парэкамендаваў афіцыйнаму Мінску давесці да грамадскасці Літвы сутнасць канчатковай справаздачы. Намеснік міністра адзначыў, што некалькі разоў Беларусь спрабавала давесці да літоўскай грамадскасці сутнасць канчатковай АУНА, аднак гэтага не адбылося — Літва спасылалася на сваю занятасць у сувязі са старшынствам у Еўрасаюзе.

На працягу трох гадзін удзельнікі абмеркавання заслухаюць некалькі дакладаў ад стваральнікаў АУНА, пасля чаго адбудзецца дыскусія.

Характэрна, што літоўскія грамадскія арганізацыі, у тым ліку экалагічныя, прынялі рашэнне байкатаваць слуханні па беларускай атамнай станцыі.

Сярод іх — вядучыя літоўскія грамадскія арганізацыі: Рух зялёных Літвы, «Атгая», Цэнтр моладзі Літвы, Асацыяцыя ZALI.LT, а таксама партыя «Літоўскі саюз сялян і зялёных». Яны заявілі, што не плануюць удзельнічаць у «інсцэніроўцы грамадскіх абмеркаванняў» і звярнуліся да беларускага ўрада з патрабаваннем спачатку спыніць будаўніцтва АЭС і толькі затым правесці працэдуру ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, як гэтага патрабуе Канвенцыя Эспаа.

У сярэдзіне ліпеня гэтага года пасольства Беларусі ў Літве абвясціла аб правядзенні 17 жніўня ў Астраўцы слуханняў па абмеркаванні АУНА будучай АЭС з удзелам беларускіх спецыялістаў і прадстаўнікоў літоўскай грамадскасці ў адпаведнасці з рэкамендацыямі камітэта па выкананні Канвенцыі Эспаа. Аднак прадстаўнікі Літвы заявілі, што дыскусія па справаздачы адбыцца не можа, бо згодна з гэтай канвенцыяй такія публічныя спрэчкі могуць праводзіцца толькі тады, калі з дакументамі поўнасцю азнаёмяцца эксперты зацікаўленых бакоў. Беларускі бок, у сваю чаргу, вінаваціць Літву ў негатовасці да канструктыўнага ўзаемадзеяння і сцвярджае, што дала літоўцам вычарпальныя адказы на зададзеныя імі пытанні. 13 жніўня міністр па пытаннях навакольнага асяроддзя Літвы Валенцінас Мазураніс заявіў, што Беларусь спрабуе навязаць літоўскаму боку «дыскусію нямога з глухім».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства