viasna on patreon

БАЖ: Рэйтынг закрытасці. Частка 1

2013 2013-08-09T12:18:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” распачынае цыкл матэрыялаў пра самыя закрытыя для журналістаў беларускія арганізацыі: міністэрствы, ведамствы, установы, грамадскія аб'яднанні і г.д.

Мы высвятляем у калег, якія з устаноў найбольш часта адмаўляюць незалежным журналістам у доступе да інфармацыі. Адметна, што некаторыя з суразмоўцаў згаджаюцца на гутарку толькі інкогніта – каб яшчэ больш не ўскладніць доступу да пэўных ведамстваў.

Па выніках плануецца скласці своеасаблівы “рэйтынг закрытасці” – зыходзячы з таго, наколькі часта тое ці іншае ведамства будзе ўзгадвацца журналістамі. 

 Зміцер Лукашук, “Еўрарадыё”:

– Найбольш закрытыя беларускія ўстановы – гэта міністэрствы. І самае цікавае, што міністэрствы не сілавыя. Атрымаць інфармацыю ў МУС ці ў Следчым камітэце не складае звычайна ніякай праблемы. А вось даведацца нешта ў Міністэрстве аховы здароўя альбо ў Міністэрстве юстыцыі амаль нерэальна.

З найбольш абсурдных выпадкаў – сітуацыя з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Па-першае, мы ўжо каторы год не можам атрымаць туды сталую акрэдытацыю. А па-другое, прэс-служба Палаты не пускае нас нават на прэс-канферэнцыі, якія праходзяць у будынку Парламента.

Кіраўнік прэс-службы ППНС мне прамым тэкстам казаў, што няма чаго мне хадзіць на гэтыя прэс-канферэнцыі. Вось такое стаўленне да зарэгістраванага сродку масавай інфармацыі.

 Уплывовы журналіст вядомага СМІ:

– Прэс-служба Мінздароўя проста мёртвая. Прэс-сакратар Вольга Бортман або нічога не ведае, або просіць ператэлефанаваць пазней, каб у яе быў час удакладніць інфармацыю, а потым проста не здымае слухаўку.

У прэс-службе КДБ пры Аляксандру Антановічу (цяпер прэс-сакратар там змяніўся, з новым яшчэ не было нагоды для стасункаў) была амаль тая ж сітуацыя — альбо “не каментуем нічога”, альбо не адказваем на тэлефанаванні. Вельмі рэдка здаралася атрымаць у яго нейкі каментар, і то толькі ў тых выпадках, калі, мабыць, начальства давала адмашку штосьці сказаць журналістам.

Яшчэ адзін яскравы прыклад – прэс-служба Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У сітуацыі з афрыканскай чумой свінняў яны наогул занялі “кругавую абарону”, асабліва ў першыя дні, і проста адмаўлялася штосьці казаць. Наогул,  пазіцыя “мы нічога не ведаем, нічога не каментуем, значыць, у краіне ўсё добра” ўласцівая, па-мойму, большасці прэс-службаў у дзяржаўных органах.

Прэс-служба Міністэрства замежных спраў, на мой погляд, – адна з нешматлікіх, якая рэгулярна абнаўляе сайт і хутка выстаўляе навіны. Прэс-сакратар даступны, гатовы мець стасункі з журналістамі, даваць каментары. Хоць часам яго заносіць — калі зададзена нейкае вельмі нязручнае пытанне, лічыць неабходным прачытаць лекцыю пра тонкасці дыпламатычнай працы і пра тое, што журналісты сваімі нязручнымі пытаннямі прыцягваюць непатрэбную ўвагу і замінаюць дыпламатам працаваць.

Асабліва адзначу прэс-сакратара Міністэрства надзвычайных сітуацый Віталя Навіцкага. Гэта, на мой погляд, найлепшы прэс-сакратар сярод усіх кіраўнікоў прэс-службаў беларускіх міністэрстваў. З ім ніколі не ўзнікала ніякіх праблем.

Сяргей Макарэвіч, газета “Наша Ніва”

– Менавіта ў мае абавязкі па працы ўваходзіць перапіска з рознымі беларускімі міністэрствамі і ведамствамі. Па ідэі, менавіта яны павінныя быць для журналістаў асноўнымі крыніцамі інфармацыі, фактаў, каментароў і гд.

З досведу працы магу сказаць, што самыя лепшыя прэс-службы ў Следчага камітэта, Вярхоўнага суда і Генеральнай пракуратуры. З КДБ ж на нашы запыты ні разу не адказвалі, па тэлефоне інфармацыю даюць праз раз. Падобная ж сітуацыі і Міністэрствам унутраных спраў. Сталічныя РАУСы таксама фактычна заўсёды адмаўляюць у інфармацыі.

З цікавых выпадкаў магу ўзгадаць, як калісьці адправіў запыт ў Смаргонскую пракуратуру наконт атрымання інфармацыі па самагубстве школьніцы (часта просяць менавіта пісьмова афармляць запыты, а не па тэлефоне).

І праз нейкі час мне ператэлефанаваў пракурор і пачаў выказваць сваю незадаволенасць маім непрафесіяналізмам. Маўляў, ён працуе ці не 30 гадоў, таксама піша ў газету пра нейкія выпадкі, а вось такіх нахабных журналістаў не бачыў...

АГУЛЬНЫ ЗАЛІК:

КДБ: -2
Мінздароўя: -2
МУС: -1
Мінсельгасхарч: -1
Мінюст: -1
ППНС: -1
РАУСы: -1

Плюсы:

СК:+2
МЗС: +1
МУС: +1
МНС:+1
Вярхоўны суд: +1
Генпракуратура: +1

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства