Трэцi лiст Мiколы Маркевiча з Асiповiцкай “хiмii”

2002 2002-09-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калi Вы рабочы высокай квалiфiкацыi, скажам, пятага цi шостага разрада, то ў Вас ёсць шанс знайсцi працу у Асiповiчах. Аднак, пошук працы для “хiмiка”-моваведа з педагагiчнай адукацыяй выглядае ў гэтым прыгожым месцы суцэльнай авантурай. I справа тут зусiм не ў квалiфiкацыi “хiмiка”.

Па-першае, у школах Асiповiцкага края, зрэшты, як i па ўсёй Беларусi, прайшло дзесяцiпрацэнтнае скарачэнне педагогаў. Па-другое, моўныя дысцыплiны не ў пашане стваральнiкаў сучасных навучальных праграмаў – колькасць гадзiнаў для фiлолагаў значна скарочаная. Прычым, тычыцца гэта не толькi беларускай, але i рускай моваў. Ну i, нарэшце, асноўнае: наш “хiмiк” не просты, а “палiтычны”.

У такой сiтуацыi любая з тых 5 пенсiянерак-настаўнiц, якiя прыйшлi сёння ў Асiповiцкi раённы аддзел адукацыi прасiць сабе “хоць адну гадзiну”, маюць значна больш шанцаў працаўладкавацца, чым палiтычна неблаганадзейны настаўнiк. Наяўнасць гэтага правiла Вам анiхто, праўда, не пацвердзiць. Прыходзiцца даказваць яго, што называецца, ад працiўнага.

Спадарыня Мамсiкава, намеснiк старшынi раённага аддзела адукацыi, праводзiць мяне ў кабiнет да начальнiка аддзела кадраў гэтай установы, спадарынi Налiвайкi.

- Вось наш многастаночнiк, - бадзёра прадставiла мяне спадарыня намеснiк старшынi. – Прашу любiць i жалаваць!

Спадарыня начальнiк аддзела кадраў, выслухаўшы, што я магу не толькi мову выкладаць, але i гiсторыю, i фiзкультуру, ласкава прапанавала мне напiсаць заяву аб прыёме на працу.

- Вы напiшыце, што ўмееце рабiць, а мы ўважлiва разгледзiм, - заявiла яна. – За адказам прыходзьце заўтра.

Наступны пункт майго вiзiту – рэдакцыя газеты “Асiповiцкi край”. Рэдакцыя знаходзiцца ў мiкрарёне з экзатычным назовам Бам, у памяшканнi, што будавалася пад цырульню. Таму хол у ёй вялiкi, разлiчаны на тое, каб змясцiць усiх клiентаў, а вось кабiнеты, пасля перапланiроўкi, атрымалiся да непрыстойнасцi маленькiмi. Трэба таксама адзначыць, што да чыгункi мiкрараён, дзе знаходзiцца “Асiповiцкi край”, не мае анiякага дачынення. Бам – гэта па–асiповiцку значыць: “далёкi”. Але галоўны рэдактар Анатоль Тамашэўскi не бядуе з таго, што раёнку выцiснулi на ўскраiну. Значна больш яго трывожыць, што ў рэдакцыi няма каму працаваць.

- Сёння ў мяне вакантнае месца карэспандэнта, а ў пятнiцу звальняецца загадчык сельгасаддзела, - расказвае Анатоль Уладзiмiравiч.

Высветлiлася, што адначасова звальняецца таксама фатакор i шафёр. А галоўны бухгалтар зламала руку, а яшчэ адзiн карэспандэнт днямi адыходзiць у адпачынак... Па ўсяму выглядала на тое, што газэце востра патрабуюцца “штыкi”. Аднак, у адрозненне ад спадарыняў Мамсiкавай i Налiвайкi, спадар галоўны рэдактар не стаў хаваць навошта яму трэба, каб я прыйшоў да яго заўтра:

- Хачу параiцца там, - падняў палец уверх Анатоль Уладзiмiравiч.

...Сённяшняя эпапея па пошуку працы скончылася сустрэчай з “доброжелателем”, якi пажадаў застацца невядомым.

- Нiкуды цябе не возьмуць, - безапеляцыйна заявiў “доброжелатель”. – Працаваць у Асiповiчах ты не будзеш.

Што ж заўтрашнi дзень пакажа наколькi iнфармаванымi з’яўляюцца “доброжелателi”.
МIКОЛА

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international