viasna on patreon

Праект закона: Банкі абавяжуць падаваць у падатковую звесткі пра кліентаў

2013 2013-08-05T13:03:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padatki.jpg

Банкі могуць абавязаць падаваць у падатковыя органы звесткі пра выдадзеныя крэдыты фізасобам, а таксама пра налічаныя працэнты па ўкладах. Адпаведная норма ўтрымліваецца ў законапраекце аб ўнясенні змяненняў у Падатковы кодэкс.

Дакументам, як сказана ў абгрунтаванні да законапраекта, прадугледжана «абавязаць банкі падаваць звесткі пра выдадзеныя, вернутыя (пагашаныя) крэдыты банка, налічаныя (выплачаныя) працэнты па ўкладах (дэпазітах) фізічнай асобе па запыце падатковага органа».

У абгрунтаванні да законапраекта гаворыцца пра тое, што артыкул 121 Банкаўскага кодэкса (аб банкаўскай тайне, якая гарантуе канфідэнцыяльнасць кліенцкіх даных) да гэтага часу не дазваляў падатковым органам атрымаць усю неабходную інфармацыю пра кліентаў банкаў.

«Пры праверках пытання выканання фізічнымі асобамі парадку дэкларавання даходаў і маёмасці, якія праводзяцца ў тым ліку ў мэтах выяўлення асоб, якія жывуць „не па сродках“,

падатковыя органы ў сілу артыкула 121 Банкаўскага кодэкса не маюць магчымасці праверыць дакладнасць прадстаўленых звестак, калі ў якасці крыніцы грашовых сродкаў, накіраваных на набыццё дарагой маёмасці, фізічнай асобай заяўлены крэдытныя сродкі банка ці працэнты, атрыманыя ў дачыненні да сродкаў, размешчаных ім на ўкладных (дэпазітных) рахунках у банках», — гаворыцца ў абгрунтаванні.

Паводле даных, якія прыводзяцца ў ім, «на практыцы ёсць выпадкі атрымання фізічнай асобай крэдыту ў банку ў мэтах прад’яўлення ў падатковы орган крэдытнага дагавора як дакумента, які пацвярджае наяўнасць крыніцы грашовых сродкаў, накіраваных на набыццё дарагой маёмасці».

Далей пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца фізічнай асобай у кароткія тэрміны, напрыклад, на працягу тыдня, адзначае Мінфін у абгрунтаванні да законапраекта.

«На самой справе набыццё дарагой маёмасці робіцца фізічнай асобай за кошт „ценявых даходаў“, а заключэнне крэдытнага дагавора ажыццяўляецца ў мэтах легалізацыі „ценявых даходаў“ і ўхілення ад падаткаабкладання», — гаворыцца ў абгрунтаванні. Каб выяўляць такія выпадкі, распрацоўшчыкі законапраекта прапануюць абавязаць банкі падаваць у падатковыя органы звесткі пра выдадзеныя крэдыты і налічаныя працэнты па ўкладах фізасоб.

Варта адзначыць, што за апошні месяц тэма барацьбы з ценявой эканомікай некалькі разоў абмяркоўвалася на афіцыйным узроўні. У прыватнасці, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч у ліпені заявіў, што ў краіне можа быць уведзены падатак з непрацуючых грамадзян (якія, паводле меркавання ўлад, працуюць неафіцыйна і не выплачваюць падаткі ў бюджэт).

Паводле даных урада, каля 445 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва Беларусі нідзе не працуюць. «Сітуацыю трэба выпраўляць. Адзін са спосабаў — увядзенне падатку з тых, хто не працуе», — заявіў Мясніковіч.

Пытанне барацьбы з ценявой эканомікай узнімалася таксама на нарадзе ў прэзідэнта 1 жніўня. Міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян ацаніў аб’ём такой эканомікі ў Беларусі ў 8–10% ад ВУП. «Ад гэтых працэнтаў мы павінны максімальна забраць тую частку, якая павінна быць у бюджэце, каб грошы працавалі для ўсяго грамадства», — падкрэсліў Палуян.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства