viasna on patreon

Адменена пастанова аб пакаранні штрафам Валерыя Вусіка за паклёп і распаўсюд незалежнага выдання

2013 2013-08-04T12:34:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vusik-valery.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерый Вусік 3 жніўня атрымаў па пошце вынесеную 1 жніўня  пастанову старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прашко на сваю скаргу ў парадку нагляду на ўступіўшую ў законную сілу, вынесеную 29 сакавіка гэтага года, пастанову суда Бялыніцкага раёна аб пакаранні яго штрафам у памеры 50 базавых велічынь.

У сваёй пастанове старшыня Магілёўскага абласнога суда робіць выснову, што рашэнне аб пакаранні штрафам Валерыя Вусіка нельга прызнаць абгрунтаваным, таму што падчас разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе Бялыніцкага раёна не былі прынятыя да ўвагі довады Валерыя Вусіка і пры такіх абставінах “высова аб яго вінаватасці з’яўляецца заўчаснай”. Таксама Ігар Прашко ўзгадвае ў якасці парушэння ў дзеяннях суда Бялыніцкага раёна тое, што не было задаволена хадатайства Валерыя Вусіка аб прадастастаўленні яму абаронцы.

Старшыня Магілёўскага абласнога суда пастанавіў адмяніць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ад 29 сакавіка 2013 года і рашэнне Магілёўскага абласнога суда ад 25 красавіка 2013 года і накіраваць справу на новы разгляд у суд Бялыніцкага раёна да другога суддзі.

Нагадаем, што 29 сакавіка 2013 года старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз пакараў Валерыя Вусік аштрафам у памеры 30 базавых велічынь за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і штрафам у памеры 20 базавых велічынь за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”. Па сукупнасці канчатковы памер штрафу вызначаны ў памеры 50 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 5 мільёнаў рублёў.

25 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі жыхара вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерыя Вусіка на рашэнне суда Бялыніцкага раёна. Суддзя Магілёўскага абласнога суда Павел Клімаў, які разглядаў касацыйную скаргу Валерыя Вусіка, прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Бялыніцкага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу Валерыя Вусіка без задавальнення.

Суддзя Павел Клімаў не прыняў да ўвагі тое, што ў судзе Бялыніцкага раёна Вусіку было адмоўлена ў праве на абарону і прадастаўленні адваката, не выкліканыя сведкі ў суд з яго боку, было парушана яго права на свабоду выказвання меркаванняў.

Валерый Вусік 5 ліпеня падаў скаргу на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прашко. У сваёй скарге актывіст абскарджваў і прасіў адмяніць уступіўшую ў законную сілу пастанову суда Бялыніцкага раёна аб пакаранні яго штрафам у памеры 50 базавых велічынь.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ён абсалютна перакананы ў невінаватасці Валерыя Вусіка і зараз яны разам будуць рыхтавацца да паўторнага разгляду справы ў судзе Бялыніцкага раёна.

“Тое, што Валерый Вусік абсалютна невінаваты ў інкрымінуемых яму правапарушэннях, было зразумела адразу, - кажа Барыс Бухель. - Ігар Прашко звярнуў увагу на шматлікія парушэнні пры разглядзе справы ў судзе Бялыніцкага раёна і ў Магілёўскім абласным судзе і адмяніў пастанову аб пакаранні штрафам. Безумоўна, мы спадзяваліся, што справа будзе спыненая, аднак старшыня Магілёўскага абласнога суда накіраваў яе на паўторны разгляд у суд Бялыніцкага раёна. Зараз мы з Валерыем Вусікам будзем рыхтавацца да гэтага паўторнага разгляду, каб даказаць тое, што Валерыя Дзямідавіча пераследвалі толькі таму, што ён ускрываў недахопы і парушэнні ў дзейнасці кіраўніцтва СВК “Лебедзянка”, у тым ліку і ў незалежнай прэсе”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства