Барысаўскі святар: Я не веру, што ксёндз Лазар замешаны ў шпіянажы

2013 2013-08-01T13:08:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/uladzislau-lazar.jpg
Ксёндз Уладзіслаў Лазар

Ксёндз Уладзіслаў Лазар

У Беларусі разгараецца дзіўны шпіёнскі скандал. Пільную ўвагу беларускіх спецслужбаў гэтым разам прыцягнуў каталіцкі святар.

У Барысаве ксяндза Уладзіслава Лазара мала хто ведаў. Ён прыехаў сюды служыць менш чым тры месяцы таму. Затое блізка пазнаёміцца з ім, напэўна, паспелі супрацоўнікі КДБ. Святар ужо больш за месяц знаходзіцца ў следчым ізалятары камітэта.

Некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка абвесціў, што злавіў каталіцкага шпіёна. Быццам бы супрацоўнік беларускіх спецслужбаў праз Касцёл трымаў сувязь з замежнай выведкай. Найбольш верагоднай кандыдатурай на ролю сувязнога ці нават шіпёна падыходзіць менавіта арыштаваны ксёндз Лазар.

Пробашч Касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі Юзаф Пятушка (на фота) служыць у Барысаве з 1990 года. Ксяндза Уладзіслава ён амаль не ведаў. Пра ягоны арышт даведаўся з Інтэрнэту. А да гэтага часу не сціхаў ягоны тэлефон: апрача вернікаў, Лазара шукалі нават міліцыянты.

Юзаф Пятушка не верыць у шпіёнскія схільнасці ксяндза Лазара. Гэта гісторыя яму нагадвае часы халоднай вайны.

“Для мяне гэтая гісторыя вельмі смешная. Я стары чалавек. Мне 83 гады. Я памятаю, калі пачаўся Другі Ватыканскі сабор, то ў савецкай прэсе пісалі, што на ім сышліся Папа Рымскі і амерыканскі прэзідэнт, каб знішчыць Савецкі саюз. Хтосьці можа прыдумаць, што гэта палітыка”, – разважае Ёзаф Пятушка.

Паводле дэтэктываў, жартуе ён, шпіёнам міжволі можа стаць кожна.

“Як гэта бывае ў фільмах. Хтосьці еў банан. Кінуў шкурку на зямлю. Потым хтосьці ішоў і паслізнуўся. Збіў чалавека з лесвіцай. Той чалавек з лесвіцай зачапіў другога, які мые акно. Утварыўся цэлы ланцуг злачынстваў. Такім чынам, несвядома можна стаць злачынцам”, – жартуе айцец Ёзаф.

Барысаўскія вернікі больш стрыманыя наконт ксяндза Уладзіслава Лазара. Кажуць, што раней ён служыў у Мар’інай Горцы. Як пераехаў у Барысаў, то жыў на здымнай кватэры. Адкуль паходзіць, ніхто не ведае.

“Мы яго, можна сказаць, толькі знешне пачалі пазнаваць. А калі знік, думалі, што ў пілігрымку выправіўся альбо з’ехаў па асабістых справах”, - заўважае адна з прыхаджанак.

Наступнік Лазара айцец Аляксей не хоча размаўляць з прэсай і адсылае журналістаў да мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Галоўны рэдактар незалежнай газеты “Барысаўскія навіны” Анатоль Букас упэўнены: гісторыя з Лазарам стаіць у адным шэрагу з дзіўнымі справамі наваполацкага апазіцыянера Андрэя Гайдукова ды незалежнага журналіста Антона Сурапіна.

“Чуткі ходзяць розныя, але акрамя таго, што ўжо расказвала пра ксяндза Уладзіслава Лазара незалежныя прэса, я больш не маю інфармацыі. Але лічу, што гэта чарговы піяр уладаў, каб адцягнуць увагу ад праблемаў, якія сёння існуюць у краіне. Маўляў, паглядзіце, злавілі ксяндза-шпіёна”, – кажа Анатоль Букас.

Як бы там ні было, але Касцёл у Беларусі афіцыйна пацвердзіў факт арышту ксяндза Уладзіслава Лазара. Па неафіцыйных звестках, перамовамі па справе святара займаецца ватыканскі пасол у Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці. КДБ таксама не абвяргае арышт Лазара, але больш ніякай інфармацыі не дае. І пакуль тут няма яснасці, краіна можа займець новы паказальны шпіёнскі працэс.

Касцёл, які яшчэ будуецца, у які прыехаў працаваць ксёндз Лазар

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international