viasna on patreon

Празь месяц Зьміцер Дашкевіч і Аляксандар Францкевіч павінны быць на волі

2013 2013-07-31T07:34:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Да вызваленьня Зьмітра Дашкевіча з Гарадзенскай «крытай» турмы засталося менш за месяц. На пачатку верасьня вызваляецца і Аляксандар Францкевіч. Арцём Пракапенка на дзень народзінаў атрымаў падарунак — кароткатэрміновае спатканьне з бацькамі і малодшай сястрой.

Аляксандар Францкевіч цяпер у памяшканьні камэрнага тыпу, таму спатканьні і званкі забароненыя, з маці ён кантактуе толькі празь ліставаньне.

Маці Аляксандра Францкевіча спадарыня Тацяна кажа, што цяпер і лісты рэдка прыходзяць, бо турэмны цэнзар у адпачынку. А яна лічыць дні да вызваленьня сына, бо паводле дакумэнтаў Аляксандра павінны вызваліць 6 верасьня, а паводле падлікаў радні — на 3 дні раней:

«3 верасьня па нашых тэрмінах. Адвакат падымаў дакумэнты і запыт рабіў судзьдзі, якая 3 дні не ўлічыла. Яшчэ ў сярэдзіне жніўня паедзе адвакат „на зону“ і там удакладніць, калі прыяжджаць мне па сына. Сашка, адчуваецца па лістах, ужо лічыць дні, і я таксама рыхтуюся ўжо да сустрэчы. Так што ўсе ў чаканьні. Праўда, гэта не зусім воля, бо за ім будзе ўсталяваны нагляд».

Лічыць дні і ўся ў чаканьні і Наста Дашкевіч — жонка Зьмітра Дашкевіча, якому засталося сядзець менш за месяц да канца працягнутага на паўгода тэрміну:

 «28 жніўня, два разы па 15 сутак засталося, як я жартавала. Ужо трошкі засталося, ужо на 2 дні менш за месяц. Чакаю».

У суботу, 28 ліпеня, Арцёму Пракапенку споўнілася 23 гады. А напярэдадні, у пятніцу, яму дазволілі кароткатэрміновае спатканьне — на працягу дзьвюх гадзін — зь сям’ёй, распавяла маці, спадарыня Віялета:

«Узялі з сабой яшчэ малодшую дачку. Арцёму было вельмі цікава, хоць пагаварыў зь сястрой, душу адвёў. Кажа, што ў яго ўсё выдатна. Арцём наагул ніколі ня скардзіцца, нават калі яму дрэнна. Сумуе толькі. Працуе ў начную зьмену, стамляецца. Твар такі худы стаў, ён наагул хударлявы хлопец. Але цяпер зусім схуднеў. Паслалі яму атэстат, Арцём хоча вучыцца на муляра».

Маці Пракапенкі зноў прасіла, каб сын напісаў прашэньне аб памілаваньні, але Арцём гаворку на гэтую тэму абарваў.

Маці Эдуарда Лобава распавяла, што ў Івацэвіцкай калёніі таксама цэнзар у адпачынку, так што лістоў няма. Але зноў прыйшла адмова са Сьледчага камітэту на скаргу сына:

 «Яны ўжо раз дасылалі адказ, потым самі зноў узбудзілі справу па ягонай скарзе на супрацоўнікаў КДБ, што дапытвалі яго незаконна, без адваката, і зноў даслалі адмову, такую ж самую, як і першы раз. Нават ня ведаю, навошта яны па новай узбуджалі справу. Можа, паказаць, што яны працуюць, не дарма грошы атрымліваюць».

А вызваленыя на мінулым тыдні ад адбыцьця пакараньня Ірына Халіп і Ўладзімер Някляеў накіраваліся ў паездкі. Уладзімер Някляеў учора ўпершыню за два з паловай гады паехаў па рэгіёнах — наведаў Бабруйск, а Ірына Халіп сёньня паляцела ў Варшаву да мужа, Андрэя Саньнікава.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства