viasna on patreon

Бабруйск: У паліклініцы забаранілі збіраць подпісы

2013 2013-07-30T17:22:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babr-palikl-podpis-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 ліпеня Бабруйск наведалі прадстаўнікі ініцыятывы Народнага рэферэндума – Уладзімір Някляеў і Юры Губарэвіч. У першай палове дня яны наведалі дзіцячую паліклініку № 3, у якой хацелі сабраць подпісы за рэканструкцыю разам з актывістамі кампаніі “Гавары праўду”. Бацькі, якія прыйшлі у гэты час на прыём да лекараў, падпісваліся і скардзіліся на дрэнныя ўмовы, якія чакаюць маленькіх пацыентаў у паліклініцы і бальніцы, якія размесціліся ў адным, старым ужо, будынку.  

Праз лічаныя хвіліны  насустрач зборшчыкам подпісаў выйшла лекар паліклінікі і забараніла размаўляць з наведнікамі і рабіць фотаздымкі. Жанчына запрасіла непажаданых гасцей у кабінет, куды ў хуткім часе прыйшла і галоўны лекар Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы Ірына Рыжанкова. Разам яны правялі “ідэалагічную апрацоўку” гасцей.

-Дзяржава нам дапаможа, пытанне з рэканструкцыяй вырашаецца і без вашых подпісаў, - адзначыла галоўны лекар.

-Але справа не рухаецца ўжо колькі гадоў, а ўмовы у паліклініцы і бальніцы застаюцца жахлівымі, гэта падцвердзяць вам усе бацькі! – парыраваў шматдзетны бацька Уладзімір Шчарбатых. – Мы лячыліся тут з дзіцёнкам нядаўна, і я быў шакаваны, хаця б тым, што на некалькі дзесяткаў матуль з дзецьмі на паверсе ўсяго адзін душ і прыбіральня! І гэта толькі адна з праблем. Вось паглядзіце, пад вокнамі бальніцы будуецца новы гіпермаркет, а тут нават казыркі над уваходам абвальваюцца, страшна хадзіць. Гэтымі подпісамі мы хочам паскорыць працэс рэканструкцыі.

-У мяне склалася ўражанне, што са мной размаўлялі не лекары, а чыноўніцы з гарвыканкама, - пракаментаваў “лекцыю”, праслуханую ў кабінеце паліклінікі Уладзімір Някляеў. – Адчуваецца, што медыкі баяцца за сваю працу, таму спрабуюць запэўніць нас, што ўсё добра, каб мы не лезлі сюды.

Ірына Рыжанкова асабіста вывела зборшчыкаў подпісаў на вуліцу. На развітанне яна забараніла фатаграфаваць бальніцу нават з прылеглай да яе тэрыторыі, і яшчэ раз запэўніла дэлегатаў, што ў іх тут усё выдатна, справяцца “і без дапамогі апазіцыянераў”.   

Пасля візіта ў бальніцу подпісы з заявай завезлі ў гарвыканкам. Таксама ініцыятары Народнага рэферэндума наведалі ў гэты дзень шматдзетную сям’ю Уладзіміра Шчарбатых і сустрэліся з мясцовымі грамадскімі актывістамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства