Мінск наведваюць кіраўнікі Еўрапейскага вяшчальнага саюза

2013 2013-07-25T13:33:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ebu-loga.jpg

Напярэдадні былы віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага вяшчальнага саюза (European Broadcasting Union, далей EBU) Борыс Бергант і кіраўнік па сувязях з арганізацыямі-чальцамі Дэвід Льюіс сустрэліся з прадстаўнікамі тэлеканала "Белсат", а на чацвер запланаваная сустрэча высокіх гасцей з кіраўніцтвам ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Заяўленая мэта прыезду – сустрэча з арганізацыяй-сябрам EBU у Беларусі – Белтэлерадыёкампаніяй, інтэнсіфікацыя дыялогу з ёй і вывучэнне магчымасці яе трансфармацыі з дзяржаўнага ў грамадскага вяшчальніка.

Сустрэча на "Белсаце" дапамагла прадстаўнікам дэлегацыі ЕBU сабраць інфармацыю пра ўмовы функцыянавання незалежных вяшчальнікаў і прававыя абмежаванні іх дзейнасці. Прадстаўнікі кіраўніцтва Еўрапейскага вяшчальнага саюза выказалі свае меркаванні на тэму зменаў, неабходных для ўнармавання становішча медыяў у Беларусі.

Апроч "Белсата", Борыс Бергант і Дэвід Льюіс наведалі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных справаў і Белтэлерадыёкампанію. На чацвер запланаваная сустрэча з кіраўніцтвам ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Візіт Борыса Берганта мае стаць часткай падрыхтоўкі да прыезду ў Мінск прэзідэнта ЕBU Жана-Поля Філіпота.

***

“Еўрапейскі вяшчальны саюз” – найбуйнейшы ў свеце альянс арганізацый грамадскага вяшчання, галоўны офіс якога размешчаны ў Жэневе. На сёння ў склад ЕВU уваходзяць 74 актыўныя сябры у 56 краінах. У іх ліку і Белтэлерадыёкампанія, якая ўступіла ў ЕВU у 1993 годзе. “Гэта дазваляе нам на аснове фіксаванага ўнёску мець поўны доступ да інфармацыйных рэсурсаў, што передаюцца па сетцы абмену “Еўрабачанне”, у кароткія тэрміны рабіць замову для перадачы спадарожнікавага сігналу з любой кропкі свету”, – гаворыцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі пра перавагі сяброўства ў ЕВU.

Заяўленая місія ЕВU – абарона інтарэсаў грамадскіх СМІ і спрыянне іх унёску ў сучаснае грамадства.

ЕВU кіруе сістэмамі “Еўрабачання” і “Еўрарадыё”. “Еўрабачанне” – гэта галоўны дыстрыб’ютар і вытворца высокаякасных перадач навінаў і спартыўных трансляцый, а таксама забаўляльных, культурніцкіх і музычных праграм. “Еўрарадыё” заахвочвае службу грамадскага радыё шляхам абмену музыкай, развіццё прафесійных сетак і прасоўванне лічбавых і гібрыдных радыё.

ЕВU абмяркоўвае і заключае кантракты ад імя сваіх ўдзельнікаў на знакавыя падзеі, такія як сусветны кубак FIFA ў 2018 і 2022 гадах у Расіі і Катары, веласіпеднае спаборніцтва Тур дэ Франс, навагоднія канцэрты ў Венскай Філармоніі, тыднёвыя канцэрты ў Нью-Ёркскім Метраполітане і інш.

Еўрабачанне забяспечвае інфраструктуру, абсталяванне і сувязь для трансляцыі значных спартыўных і іншых падзей, а таксама прапануе паслугі трансляцыі і каардынацыю з такімі ўстановамі, як Міжнародны алімпійскі камітэт, IAAF (атлетыка) і FINA (плаванне).

ЕВU прапаноўвае юрыдычную дапамогу, а таксама адсочвае змены ў еўрапейскім заканадаўстве, якое адносіцца да сферы нацыянальнага вяшчання.

Праз партнёрскую праграму ЕВU прапаноўвае падтрымку і салідарнасць сваім удзельнікамі ў тых выпадках, калі яны сутыкаюцца з палітычнымі, тэхнічнымі ці фінансавымі цяжкасцямі.

ЕВU з’яўляецца арганізатарам штогадовага конкурса песні “Еўрабачанне”, а таксама дзіцячага і танцавальнага конкурсаў з такой самай назвай.

Менавіта напярэдадні сёлетняга “Еўрабачання” з падачы шведскага праваабаронцы з арганізацыі Östgruppen Марціна Углы распачалася дыскусія наконт допуску Беларусі да ўдзелу ў конкурсе і магчыме выключэнне ў будучым Белтэлерадыёкампаніі з ЕВU.

Праваабаронца спасылаўся на зацверджаную ЕВU у 2012 годзе сістэму каштоўнасцяў, паводле якой усе сябры арганізацыі павінныя сцвярджаць свабоду слова, плюралізм і ніякім чынам не залежаць ад палітычных інтарэсаў.

У “Дэкларацыі асноўных каштоўнасцяў грамадскіх вяшчальнікаў” сапраўды гаворыцца, што ЕВU мае сваю стратэгію і сістэму каштоўнасцяў.

Саюз спрыяе абмеркаванню такіх глабальных праблем, як свабода СМІ, культурніцкая разнастайнасць, рэгуляванне ў спадарожнікавым вяшчанні, бяспека журналістаў, інтэрнэт-рэгуляванне. Напрыклад, Акадэмія Еўрабачання прапануе трэнінгі па ахове лічбавых дадзеных; ЕВU сочыць за праблемай свабоды СМІ ў краінах Каўказа, у Азербайджане, Косава, у еўрапейскіх краінах у цэлым. ЕВU падтрымаў дэкларцыю ЮНЭСКА па свабодзе СМІ ў 2012 годзе, прымеркаваную да дня свабоды прэсы.

Дэкларацыя каштоўнасцяў ЕВU грунтуецца на прынцыпах універсальнасці, плюралізму, незалежнасці, разнастайнасці і падсправаздачнасці грамадству. Саюз падкрэслівае "важнасць абмену і выказвання плюралізму меркаванняў і ідэй” і існаванне "публічнай сферы, у якой усе грамадзяне могуць фарміраваць свае думкі і ідэі", – дэкларуе ЕВU.

Сярод партнёрскіх арганізацый ЕВU – ЮНЭСКА, АБСЕ, Міжнародная федэрацыя журналістаў і іншыя прадстаўнічыя структуры.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international