Жыхарка Светлагорска патрабуе пакараць вінаватых у смерці сына супрацоўнікаў міліцыі

2013 2013-07-24T14:12:10+0300 2015-04-02T12:29:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicyja-kajdanki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля года безвыніковых зваротаў у розныя інстанцыі Валянціна Акуліч прыйшла па дапамогу ў Праваабарончы цэнтр "Вясна". Пасля кансультацыі юрыстаў яна накіравала на імя пракурора Светлагорскага раёна скаргу на пастанову Старэйшага следчага Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта Петачэнкі Вячаслава Уладзіміравіча аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе сына Аляксандра Акуліча.

Валянціна Аляксееўна распавяла праваабаронцам, што яе сын памёр 26 траўня 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС ад рук супрацоўнікаў міліцыі. Гэта былі чацвёртыя з пяці сутак, на якія Аляксандр Акуліч быў змешчаны ў ІЧУ.

«Мой сын выпіваў, і мы хацелі змясціць яго ў ЛПП, каб трошкі падлячыць. 22 траўня я патэлефанавала ўчастковаму і спытала, як яго змясціць у ІЧУ, каб ён адышоў ад гэтых п'янак. Ён мне адказаў: патэлефануйце ў "102", яны прыедуць і забяруць. Я патэлефанавала. Яго аформілі ў ІЧУ на пяць сутак. На чацвёртыя суткі яму стала дрэнна, але першапачаткова "хуткую дапамогу" супрацоўнікі ІЧУ яму не выклікалі. Хоць сукамернікі прасілі іх-выклічце хуткую, яму дрэнна. Калі ён ужо пачаў бегаць па камеры, яго вывелі, зрабілі "ластаўку", за кайданкі прычапілі да кратаў і пачалі збіваць. Прычым відэакамера назірання зафіксавала ўсё толькі да моманту, калі яго вывелі з камеры сутачнікаў, а калі пачалі біць - адбыўся "абрыў". Нанеслі 18 удараў. Калі ў яго ўжо пачаліся курчы і спынілася дыханне, яго паклалі на падлогу і выклікалі "хуткую". "Хуткая" прыехала - ён ужо нежывы», - распавяла Валянціна Акуліч.

Пра смерць сына ёй паведамілі раніцай па тэлефоне. Калі Валянціна Аляксееўна прыехала ў морг, цела сына ёй паказаць адмовіліся, сказалі толькі прывезці вопратку. «Але я зноў кідалася туды, хацела паглядзець цела, бо не верыла сваім вушам. Ён у мяне не хварэў, ні на што не скардзіўся, на бальнічныя хадзіў толькі з ВРЗ, толькі што выпіваў. Але ў морг мяне так і не дапусцілі».

Агледзець цела сына маці змагла толькі калі яго прывезлі дадому. "Я ўбачыла, што ён увесь у сіняках, увесь зрэзаны, і рукі і ногі, твар увесь чорны. Я патэлефанавала ў "102" і сказала: забойцы, вы забілі майго сына, я вам не верыла, што ён сам памёр. Да мяне прыехалі два супрацоўнікі міліцыі, я прасіла іх зняць цела на камеру - яны адмовіліся. На наступны дзень я патэлефанавала знаёмай, яна прынесла фотаапарат і мы ўсе знялі. У той жа вечар я напісала заяву". У заяве Валянціна Акуліч прасіла правесці праверку па факце смерці яе сына і з нагоды наяўнасці на яго целе шматлікіх цялесных пашкоджанняў.

У матэрыялах праверкі пазначаны дадзеныя судова-медыцынскай экспертызы: "Пры даследаванні трупа знойдзены наступныя цялесныя пашкоджанні: шматлікія садзені, на валасістай частцы галавы, твары, у вобласці правага плечавага сустава, у вобласці локцевых суставаў, у вобласці прамянёвазапясцевых суставаў на левай галёнцы, кровазліццё пад слізістай абалонкай перадпачатку паражніны рота (верхняя губа). Сінякі на задняй паверхні грудной клеткі ўзніклі ад тупога цвёрдага прадмета тыпу дубінкі, палкі. Усе пералічаныя цялесныя пашкоджанні ўзніклі ад дзеяння тупых цвёрдых прадметаў незадоўга да наступлення смерці (на працягу сутак) і належаць да лёгкіх цялесных пашкоджанняў ці не знаходзяцца ў прычынна-следчай сувязі з надыходам смерці. Утварэнне ўсяго комплексу цялесных пашкоджанняў пры падзенні на плоскасці выключаецца, бо шматлікія пашкоджанні размяшчаліся ў розных анатамічных абласцях і паражнінах цела".

Валянціна Аляксееўна распавяла, што пасля пахавання ў яе адбылася размова з судмедэкспертам Галіузовым Мікалаем Іванавічам. «Я вельмі шкадую, што не ўзяла з сабою сведку або дыктафон, каб запісаць яго словы. Таму што цяпер я нічога не дакажу. Ён мне сказаў, што мой сын быў жорстка збіты, што вынікі даследавання яго ўнутраных органаў адправілі ў Гомель, але калі адтуль будзе атрыманы адказ, мне адмовяць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Ён абяцаў мне дапамагчы з пошукам добрага адваката і параіў пісаць скаргу. Але, мабыць, міліцыя з ім пагаварыла, таму што калі зноў прыйшла да яго, ён нават не стаў са мной размаўляць».

У пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы следчы Петачэнка В.У. паведамляе маці памерлага, што неабходнасць ва ўжыванні фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да яе сына была выкліканая тым, што ён "паводзіў сябе агрэсіўна, аказваў непадпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі, не падпарадкоўваўся іх законным патрабаванням". "Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі Сцешанкова А.Г. і Бачко А.А., якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў, адпавядаюць закону РБ "Аб органах унутраных спраў" і ўчынены ў межах прадастаўленых iм паўнамоцтваў. У сувязі з гэтым падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы няма", - пастанавіў следчы Следчага камітэта.

Валянціна Акуліч лічыць, што праверка па факце смерці яе сына праведзена недастаткова поўна і мае патрэбу ў дапаўненні, а таму пастанова Старэйшага следчага Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта Петачэнка В.У. з'яўляецца дачаснай і падлягае адмене. Пра гэта яна паведамляе ў сваёй скарзе на імя пракурора Светлагорскага раёна:

"Высновы следчага аб правамернасці прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў супрацоўнікамі ІЧУ з'яўляюцца памылковымі, паколькі Акуліч А.А. меў патрэбу ў медыцынскай дапамозе, здзяйсняў дзеянні ў хваравітым стане, а не аказваў супраціў ці непадпарадкаванне як валявы акт. Цалкам відавочна, што гэта акалічнасць павінна была быць зразумелай Сцешанкову А.Г. і Бачко А.А. Аднак названыя супрацоўнікі замест своечасовага аказання дапамогі або выкліку медыкаў проста збівалі чалавека з часовымі парушэннямі ў псіхіцы на працягу паўгадзіны (з 00.30 паводле запісаў у журнале прымянення фізічнай сілы і спецсродкаў, да выкліку "хуткай дапамогі" у 01.05). Няўжо не відавочна, што для чалавека, які знаходзіцца ў такім стане, удары гумовай дубінкай не могуць стаць сродкамі папярэджання?! Адзінае пытанне, якое ў дадзеным выпадку яшчэ неабходна даследаваць - гэта пытанне аб тым, ці магла своечасова аказаная медыцынская дапамога змяніць хаду хваробы і выратаваць жыццё Акулічу А.А.

Гэта пытанне да гэтага часу было неабгрунтавана па-за сферай увагі асобаў, якія праводзілі праверку, а дзеянні супрацоўнікаў ІЧУ не атрымалі ацэнкі з пункту гледжання своечасовасці аказання медыцынскай дапамогі Акулічу А.А. і атрымалі фармальную, а таму няслушную ацэнку з пункту гледжання выканання закона пры ўжыванні фізічнай сілы і спецсродкаў".

Валянціна Аляксееўна ў скарзе настойвае на правядзенні дадатковай судова-медыцынскай экспертызы і прыняцці па яе выніках рашэння аб прыцягненні вінаватых асобаў да адказнасці. «Навошта яго білі? Бо чалавек хворы - яму павінны былі аказаць медыцынскую дапамогу, - кажа яна. - Я неаднаразова прасіла, каб выклікалі сведкаў, якія на той момант знаходзіліся ў камеры разам з маім сынам, і выклікалі мяне, але гэтых людзей запалохваюць. Яны самі мне сказалі, што, маўляў, нам за гэта зробяць тое ж, што і вашаму сыну".

Па словах маці памерлага, выпадак з яе сынам не першы ў Светлагорскім РАУС.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international