viasna on patreon

Заява Праваабарончага цэнтра “Вясна” з нагоды крымінальнага пераследу В. Парфянкова і У. Яроменка

2013 2013-07-16T16:18:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтра “Вясна”

16 ліпеня 2013 г.

12 ліпеня Першамайскі раённы (г. Мінска) аддзел Следчага камітэта паведаміў былому палітвязню Васілю Парфянкову пра ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы за парушэнні ўмоў прэвентыўнага нагляду, устаноўленага судом Першамайскага раёна Мінска. У гэты ж дзень актывісту было прад’яўлена абвінавачванне паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса. Абвінавачанне паводле гэтага артыкулу стала ўжо другім па ліку пасля вызвалення Васіля Парфянкова згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні ў жніўні 2011 года пасля ягонага асуджэння да чатырох гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 293 КК РБ за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Першы раз  актывіст быў асуджаны судом Першамайскага раёна г. Мінска паводле артыкулу 421 Крымінальнага кодэкса 29 траўня 2012 г. і пакараны 6 месяцамі турэмнага арышту.

16 траўня крымінальная справа з аналагічным абвінавачаннем у парушэнні ўмоў прэвентыўнага нагляду была ўзбуджана ў дачыненні яшчэ аднаго былога палітвязня і фігуранта крымінальнай справы “аб масавых беспарадках” -- актывіста “Маладога Фронта” Уладзіміра Яроменка. За ўдзел у акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 14 траўня 2011 г. ён быў асуджаны судом Партызанскага раёну Мінску на 3 гады пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 293 КК РБ, у жніўні таго ж года – памілаваны згодна з указам прэзідэнта.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае крымінальны пераслед Васіля Парфянкова і Уладзіміра Яроменка як выключна палітычна матываваны, звязаны з імкненнем уладаў спыніць іх актыўнасць, а таксама з жаданнем запалохаць іншых палітычных і грамадскіх актывістаў.

Васілю Парфянкову і Уладзіміру Яроменка пагражае да году пазбаўлення волі. У выпадку прызнання іх вінаватымі і асуджэння да фактычнага пазбаўлення волі, яны будуць прызнаны палітычнымі зняволенымі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе:

-- неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі;

-- спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да Васіля Парфянкова і Уладзіміра Яроменка;

-- зняцця (пагашэння) судзімасці з усіх незаконна асуджаных па палітычных матывах, што будзе расцэнена як крок да іх рэабілітацыі і дазволіць працягнуць грамадска- палітычную дзейнасць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства