Магілёўскія ўлады адмаўляюцца разглядаць пытаньне рэгістрацыі суполак Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці ў Магілёве

2007 2007-03-29T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гарвыканкам афіцыйна паінфармаваў менскае кіраўніцтва прафсаюзу, што спыняе ліставаньне на гэтую тэму. У Магілёве ж арэндадаўца папрасіў прафсаюз вызваліць памяшканьне дзеля капітальнага рамонту.

Магілёўская эпапэя з рэгістрацыяй суполак незалежнага прафсаюзу цягнецца амаль чатыры гады. Апошні раз менскае кіраўніцтва прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці зьвярталася да магілёўскіх уладаў па рэгістрацыю месяц таму — і атрымала чарговую адмову.

Гарвыканкам патрабуе ад прафсаюзу, каб той пісьмова пацьвердзіў згоду арэндадаўцы на выдзяленьне ім памяшканьня для юрыдычнага адрасу.

У прафсаюзе сьцьвярджаюць, што патрабаваньне чыноўнікаў надуманае. Гаворыць сустаршыня беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў: “Яны чапляюцца да таго, што сам арэндадаўца не дае згоды на юрыдычны адрас. З другога боку, яны ўзьдзейнічаюць на арэндадаўцу, каб ён не даваў гэтага. Хаця сама дамова гаворыць пра тое, што калі мы бярэм памяшканьне, то мы маем права на тое, каб там атрымаць юрыдычны адрас для нашай арганізацыі”.

Аляксандар Бухвостаў зьвязвае адмову рэгістраваць прафсаюзныя суполкі ў Магілёве з тым, што прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці незалежны, а незалежныя прафсаюзы ў Беларусі ўціскае ўлада.

Сытуацыя з рэгістрацыяй незалежных прафсаюзных суполак у Магілёве асобна будзе разглядацца на адміністрацыйнай камісіі Міжнароднай арганізацыі працы, якая неўзабаве зьбярэцца на чарговае пасяджэньне.

Што да адмовы Магілёўскага гарвыканкаму ліставацца з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, то Аляксандар Бухвостаў называе гэткае рашэньне кур’ёзным: “Адмаўляцца ад перапіскі яны ня маюць права. Гэта не перапіска, зьвязаная са скаргамі, гэта патрабаваньні зарэгістраваць арганізацыю. Я думаю, што гэта адзін з тых кур’ёзных момантаў, калі адміністрацыя ня ведае законаў”.

У гарвыканкаме адмовіліся пракаментаваць Радыё Свабодзе інфармацыю пра рэгістрацыю прафсаюзных суполак.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international