viasna on patreon

Напярэдадні 1 верасьня ў Жодзіне мясцовая суполка “ТБМ імя Ф.Скарыны” правяла пікетаваньне ў падтрымку Беларускага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю.

2003 2003-09-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

31.08.03 з 12 00 па 15 00 Жодзінская арганізацыя “ТБМ імя Ф.Скарыны” правяла заплянаванае й дазволенае мясцовымі ўладамі пікетаваньне, якое замаўлялася з мэтаю агітацыі жыхароў Жодзіна за выкананьне Праграмы Міністэрства Адукацыі РБ “Аб распашырэньні сфэры выкарыстаньня беларускай мовы ў сістэме адукацыі” і ў падтрымку Гуманітарнага Ліцэю імя Я. Коласа.
Падчас пікетаваньня ў якім прынялі актыўны ўдзел каля 20 ТБМ-аўцаў рознага веку, а таксама сябраў рэгіянальных моладзевых ініцыятываў (БЗМ “Ліцьвіны” і МФ), зьбіраліся подпісы ў падтрымку Жодзінскай Рэзалюцыі “круглага стала” ад 31.07.2003г. па ініцыяцыі адміністрацыйнае волі для рэалізацыі ў Жодзіне дзяржаўнай Праграмы Міністэрства Адукацыі РБ, супраць ліквідацыі Гуманітарнага беларускага Ліцэю імя Я.Коласа ў Менску, супраць працэсаў русіфікацыі візуальнага і гукавога моўнага асяродзьдзя ў Жодзіне.
Пікетаваньне адбывалася пад ТБМ-аўскім сьцягам з адпаведнай арганізацыйнай сымболікай.
Удзельнікі пікету трымалі лёзунгі: “Забяспечыць рэальны выбар мовы навучаньня!”, “Беларускую мову – у садкі і школы Жодзіна!”, “Патрабуем выкананьня ПРАГРАМЫ Мінадукацыі!”, “Спыніць ліквідацыю Ліцэю імя Я.Коласа!”, “Рукі прэч ад Беларушчыны!”, “Патрабуем роўнасці для дзяржаўных моваў!”, “Спыніць русіфікацыю моўнага асяродзьдзя!”
Ля пікетоўцаў былі разьмешчаныя дзьве двухбаковыя пераносныя дошкі з абвесткамі і агітацыйна-інфармацыйнымі матэрыяламі ў якіх даваліся вытрымкі із “Закона аб Адукацыі”, тлумачылася праблема з невыкананьнем Праграмы Мінадукацыі РБ у Жодзіне, давалася інфармацыя пра наяўнасьць бацькоў, жадаючых знайсьці аднадумцаў для адкрыцьця ў наступным годзе беларускамоўнай групкі ў д/c №14 альбо №18, падкрэсьліваліся новых магчымасьці пры адкрыцьці беларускамоўных мініклясаў і групак з мінімальнай колькасьцю навучэнцаў ад 3-х чалавек.
“Патрабуйце выкананьня заканадаўства!”, “Час бараніць сваё!”, “Карыстайцеся новымі магчымасьцямі” і “Час абіраць сваё!”, “Бацькі шукаюць аднадумцаў” ... – гэткія назвы заклікалі мінакоў да пераносных дошак абвестак падчас правядзеньня пікетаваньня.
Падчас пікаетаваньня арганізатары наладзілі дабразычлівы кантакт з кіраўніцаю інфармацыйнага адзьдзелу выканкама спадарыняй Бародзіч Тамарай Ўладзіміраўнай. Прадстаўніца мясцовае ўлады, якую абавязалі назіраць за мэрапрыемствам параіла для распаўсюду інфармацыі зьвярнуцца ў мясцовую прэсу, але чамусьці прапанаваўшы газэты “Аўтазаводзец” і “Жодзінскі Весьнік”, выключыўшы з падобнай магчымасьці выканкамаўскае выданьне “Жодзінскія Навіны”. Яна паабяцала інфармацыйнае садзеяньне ТБМ у разпаўсюдзе прапанаванай грамадзянам інфармацыі, палічыўшы яе зьмястоўнай і важкай.
Праліўны дождж не дазволіў актывістам цалкам зрэалізаваць увесь адведзены на мэрапрыемства час, аднак за 2 гадзіны пікетаваньня было сабрана 152 подпіса, раздадзена каля 500 інфармацыйна-агітацыйных памятак для бацькоў па адкрыцьці беларускамоўных групак і клясаў з адпаведнымі кантактамі арганізатараў, блізу 500 каляндарыкаў Радыё Свабода.
У сувязі з забаронаю пікетаваньня 1 верасьня з 13-30 па 17-00, кіраўніцтва Жодзінскай арганізацыі “ТБМ імя Ф.Скарыны” афіцыйна адмовілася ад пікетаваньня ў гэты дзень і час, накіравала ў выканкам адпаведную заяву і аспрэчыла гэтае рашэньне мясцовае ўлады ў судовым парадку, заклікаўшы сябраў арганізацыі прыняць актыўны ўдзел у зарганізаваным уладамі 01.09.203г. “Дне ведаў”. Плянуецца працягнуць збор подпісаў сярод жодзінцаў з мэтаю агітацыі за падтрымку рэзалюцыі Жодзінскага “круглага стала” ад 31.07.03 па выкананьні Праграмы Міністэрства Адукацыі РБ “Аб распашырэньні сфэры выкарыстаньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі” і ў падтрымку Гуманітарнага Ліцэю імя Я. Коласа.
Такім чынам, 1 верасьня 2003г. з 13-30 па 17-00 актывістыТБМ прымуць актыўны ўдзел у сьвяткаваньні “Дня ведаў”, зарганізаваным жодзінскімі ўладамі, а таксама працягнуць збор подпісаў за Ліцэй і Жодзінскую Рэзалюцыю. Будуць распаўсюджвацца інфа-матэрыялы, памяткі бацькам, кантактавая інфармацыя і календарыкі Радыё Свабода.

31.08.2003г.
Алесь Вольны,
Ліцьвіны-INFA

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства