Генадзь Давыдзька: Аўтары “Таямніцаў следства” дапусцілі неабачлівасць, але не мэтанакіравана

2013 2013-07-09T16:18:46+0300 2016-10-13T13:13:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/davydzka-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька даслаў адказ на зварот намесніка старшыні ПЦ “Вясна” Валянціна Стэфановіча аб недапушчальнасці праяваў знявагі з боку журналістаў тэлеканала “Беларусь 1” да асобаў цыганскай нацыянальнасці.

Нагодай для гэтага звароту стаў сюжэт у перадачы “Тайны следствия”, які распавядае пра забойства ў Магілёўскай турме, здзейсненае Рыгорам Юзэпчуком і яго саўдзельнікам.  У кантэксце адмоўных характарыстык асобы злачынцы некалькі разоў указваецца яго нацыянальная прыналежнасць: “з цыганам Юзэпчуком было ўсё зразумела”, “з малаадукаваным цыганам Юзэпчуком”, “са словаў цыгана”, “асуджаны цыган Юзэпчук” і г.д.  

У сваім адказе кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі паведамляе праваабаронцу: “Створаная мастацкая камісія, якая прааналізавала праграму “Тайны следствия”, пра якую ідзе гаворка ў Вашым пісьме, правяла размову са стваральнікамі праграмы і прыйшла да высновы, што аўтары сапраўды дапусцілі прафесійную неабачлівасць, акцэнтуючы ўвагу на нацыянальнай прыналежнасці злачынцы. Але гэта зроблена не мэтанакіравана. Як і грамадства, супрацоўнікі белтэлерадыёкампаніі з павагай адносяцца да грамадзян цыганскай нацыянальнасці, больш таго, падтрымліваюць адносіны з творчымі калектывамі цыган…”. Далей паведамляецца, што гутарка аб недапушчальнасці праяваў знявагі да любой нацыянальнасці праведзена з усім аддзелам крымінальных навін.

Каментуючы гэты адказ, Валянцін Стэфановіч адзначае, што ён у прынцыпе ўсцешаны тым, што  крытычныя заўвагі праваабаронцаў адносна ўказанага тэлесюжэту атрымалі належную ўвагу з боку кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. “Задачай праваабарончых арганізацый, як і, мяркую, дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, з’яўляецца прафілактыка пашырэння розных негатыўных ацэнак у дачыненні да тых ці іншых групаў насельніцтва, што могуць прывесці да ксенафобіі і іншых падобных праяваў у грамадстве, - кажа праваабаронца. - У Беларусі ў адрозненне ад многіх іншых краінаў не назіраецца вострых міжнацыянальных і міжканфесійных праблемаў. Тым не менш, такая прафілактыка і прапаганда ў грамадстве ідэяў талерантнасці адносна асобаў, якія “іншыя”, вельмі важныя”.

Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што ў сюжэтах кшталту паказанага ў праграме “Тайны следствия” тоіцца небяспека ўмацавання ў грамадстве негатыўных стэрэатыпаў. “З першым расстраляным Юзэпчуком [Жыхар Драгічынскага раёна Васіль Юзэпчук быў расстраляны ў сакавіку 2010 года – рэд.] было тое ж самае. Калі Брэсцкі абласны суд выносіў смяротны прысуд, [па дзяржаўным тэлебачанні – рэд.] таксама казалі, што да смяротнага пакарання прыгавораны цыган. То бок, таксама была ўказана нацыянальнасць… І калі канцэптуальна глядзець на пытанне, то можна сказаць, што вымалёўваецца пэўная сацыяльная група… Я не думаю, што ў працэнтных адносінах сярод асуджаных да смяротнага пакарання ў Беларусі шмат асобаў, якія належаць да цыганскай нацыянальнасці. Але іншая справа, што ў выпадку прысудаў у дачыненні да асобаў іншай нацыянальнасці яны [журналісты дзяржаўнага тэлебачання – рэд.] на іх нацыянальнасць не ўказваюць. А калі гэта датычыцца цыганоў – указваюць. Канешне, можа скласціся ўражанне, што цыганы - забойцы, крымінальнікі і так далей. Хоць, я ўпэўнены, што іх значна менш за прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў сярод асуджаных да смяротнага пакарання.
І ў прынцыпе журналісты крымінальнай хронікі даволі часта ўказваюць на канкрэтна цыганскую нацянальнасць, паведамляючы пра асобаў, затрыманых па падазрэнні ці абвінавачанні ў здзяйсненні нейкіх злачынстваў”.

Паводле меркавання Валянціна Стэфановіча, гэта найперш пытанне прафесійнай журналісцкай этыкі, якой часам бракуе прадстаўнікам як дзяржаўных, так і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. “Тут трэба сказаць, што незалежныя сродкі масавай інфармацыі таксама гэтым грашаць, і я асабіста рабіў заўвагі на гэты конт некаторым незалежным выданням”.  

Адносна словаў з адказу Генадзя Давыдзькі пра тое, што аўтары “Тайн следствия”не наўмысна ўказалі нацыянальную прыналежнасць Рыгора Юзэпчука, то праваабаронца не выключае такой сітуацыі. Тым не менш, на яго думку, гэты факт сведчыць пра невысокі прафесійны ўзровень журналістаў, якія рабілі гэтую праграму. “Таму што ў прынцыпе, як мне падаецца, гэта журналісцкі стандарт, якога павінны прытрымлівацца ўсе: нельга ўказваць на нацыянальнасць злачынцы, бо ўказанне ў негатыўным кантэксце на нацыянальную, рэлігійную ці нейкую іншую прыналежнасць можа прывесці да  непажаданых з’яваў у грамадстве. І, на жаль, гэта не першы выпадак на дзяржаўных беларускіх тэлеканалах. Тут можна прыгадаць цэлы дакументальны фільм, які ў 2005 годзе быў паказаны на агульнанацыянальным тэлебачанні - “Табор уходит в зону”, што, безумоўна, таксама выклікала даволі сур’ёзную рэакцыю і праваабарончых арганізацыяў і прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнай меншыні”.

Праваабаронца выказвае спадзяванне, што падобных недарэчнасцяў і памылак на нацыянальным тэлебачанні мы больш не ўбачым.

Адказ Г.Давыдзькі на зварот В.Стэфановіча

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international