viasna on patreon

Віктар Малочка судзіцца з Салігорскім тэлеканалам

2013 2013-07-03T13:49:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_skonchany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка накіраваў іскавую заяву ў суд на Салігорскі тэлеканал. Рашэнне судзіцца з мясцовымі тэлевізіёншычкамі актывіст прыняў з-за адмовы апошніх паставіць у эфіры у сакавіку 2013 году віншаванні з 95-годдзем Беларускай Народнай Рэспублікі ды адказамі на свае звароты на рускай мове.
- Яшчэ на пачатку сакавіка мною сумесна з мясцовымі актывістамі Таварыства беларускай мовы ў СТК была накіравана заява, датычная ўжывання беларускай мовы ў эфіры тэлеканала. У тым ліку мы прасілі ў паслугу па размяшчэнне ў эфіры святочных віншаванняў уключыць магчымасць замаўляць беларускамоўныя вершы ды песні беларускамоўных выканаўцаў, - кажа Віткар Малочка. - На жаль, нашую просьбу не
задаволілі. Больш за тое, адказ нам далі на чысцюткай рускай мове.
Актывіст лічыць, што такімі дзеяннямі дырэкцыя тэлеканала груба парушыла Закон «Аб зваротах грамадзян», а таксама Канстытуцыю Беларусі, якая замацоўвае роўнасць беларускай і рускай моваў.
- Таксама я звяртаўся да Салігорскага тэлеканала з просьбай павіншаваць 25 сакавіка жыхароў гораду з 95-мі ўгодкамі абвяшчэння БНР. Безумоўна, я быў гатовы аплаціць гэтую паслугу па адпаведных расцэнках рэдакцыі. Аднак прачытаць у эфіры верш Ніла Гілевіча «Наша Свята» ды паставіць музыкальную кампазіцыю ў выкананні Данчыка на верш Наталлі Арсенневай «Хатка па-над рэчкаю» рэдакцыя адмовілася. Застаўку
ў выглядзе герба «Пагоня» пад час выканання кампазіцыі прыняць таксама
не пажадалі, - распавядае спадар Малочка.
Сваю адмову рэдакцыя тэлеканала патлумачыла наступным чынам: Дзень Волі адсутнічае ў пераліку дзяржаўных святочных датаў, герб «Пагоня» не мае рэгістрацыйнага нумара, а песня Данчыка нібыта адсутнічае ў рэпертуары канала.
З такой пазіцыяй салігорскіх тэлевізіёншчыкаў Віктар Малочка катэгарычна не згодны, а шукаць праўду вырашыў у судзе. Акрамя прызнання факту парушэння заканадаўства, актывіст просіць суд абавязаць рэдакцыю СТК прынесці  ў сваім эфіры яму і ўсім жыхарам Салігорска публічныя выбачэнні, якія абавязкова мусяць гучаць на беларускай мове. За адмову пусціць у эфір віншаванне з Днём Волі па надуманых прычынах ды за парушэнне Закону «Аб зваротах грамадзян» Віктар Малочка патрабуе ад Салігорскага тэлеканала кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры аднаго мільёна беларускіх рублёў.
Таксама Віктар Малочка просіць суд усталяваць для канала СТК моўны рэжым вяшчання навіновых ды іншых перадач ў суадносінах 50/50 для беларускай і рускай моваў, а паслугу святочных віншаванняў пашырыць беларускамоўнымі вершамі ды музычнымі калектывамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства