Прысуд Андрэю Гайдукову - паўтары гады калоніі

2013 2013-07-01T17:53:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gajdukou-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

У Віцебскім абласным судзе 1 ліпеня суддзя Галіна Урбановіч вынесла  прысуд абвінавачанаму ў здрадзе дзяржаве Андрэю Гайдукову -- паўтары гады калоніі .

На папярэднім судовым паседжанні, якое праходзіла 27 чэрвеня, дзяржабвінаваўца запрасіў для яго 2 гады зьняволення. Пра гэта паведаміў журналістам Генеральны пракурор Аляксандр Канюк. На які артыкул перакваліфікаванае абвінавачванне, ён не удакладніў. Прысуд будзе агучаны ў адкрытым паседжанні  сёння.

Аператар наваполацкага НПЗ «Нафтан», лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў», Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са звесткамі, цікавымі для замежных спецслужбаў. Андрэя Гайдукова вінавацілі ў зборы інфармацыі для замежных спецслужбаў, затым абвінавачванне было перакваліфікаванае.  

Першапачаткова ён абвінавачваўся па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 7 да 15 гадоў.

Суд над моладзевым актывістам пачаўся 12 чэрвеня і праходзіў у закрытым рэжыме, нягледзячы на ​​просьбы праваабаронцаў зрабіць працэс адкрытым.

***

10-40. У будынак не пускаюць журналістаў з фота і відэатэхнікай. Паводле міліцыянтаў, у залі суду няма вольных месцаў (Радыё Свабода).

10-50. У судовай залі толькі 25 месцаў і многія незалежныя журналісты не змаглі патрапіць на працэс. Аднак пры гэтым на суд прапусцілі карэспандэнтаў БЕЛТА і “Камсамольскай праўды”. Прапусцілі таксама прадстаўнікоў амбасадаў. 

Не змаглі патрапіць на суд праваабаронцы Таццяна Рэвяка, Павел Сапелка, Павел Левінаў, многія актывісты.

11-10. Аператара наваполацкага НПЗ «Нафтан» Андрэю Гайдукова прызналі вінаватым у замаху на злачынства і вынеслі прысуд - паўтары гады калоніі па артыкуле 356.1 Крымінальнага кодэксу (усталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнымі службамі арганаў дзяржбяспекі замежных дзяржаў). Гэты артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўстанаўленне супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове са спецыяльнай службай, органам бяспекі ці разведвальным органам замежнай дзяржавы пры адсутнасці прыкметаў здрады дзяржаве.

Дадзены артыкул быў унесены ў Крымінальны кодэкс зусім нядаўна - у лістападзе 2011 года.

Варта адзначыць, што артыкул 356.1 КК адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі і ў адносінах да якога нельга прымяняць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Беларускія праваабаронцы раней крытыкавалі гэтыя змены ў крымінальным кодэксе і настойвалі на недапушчальнасці неканкрэтных вызначэнняў у заканадаўстве, у тым ліку такіх, якія дапускаюць адвольнае, альбо пашыральнае трактаванне.

Меркаванне Паўла Сапелкі, юрыста, прадстаўніка праваабарончага цэнтру «Вясна»: «Камэнтаваць, на жаль, можна толькі вынік — тое, што малады хлопец накіраваны на паўтара года ў зьняволеньне. А справа як была незразумелая, так і засталася незразумелая. За што ён асуджаны, так ніхто і ня ведае, хоць старшыня КДБ абяцаў, што ўсім будзе зразумела і нават будзе сорамна... А тут варта сказаць, што малады чалавек асуджаны за злачынства, якое ня мае вялікай грамадзкай пагрозы, да тэрміну пазбаўленьня волі. Гэта ўвогуле не прадугледжана крымінальным заканадаўствам: яно прадугледжвае, што да зьняволеньня павінны асуджаць за злачынствы, якія маюць значную небясьпеку для грамадзтва. Або прымяняецца да тых людзей, хто ў сілу асабістай характарыстыкі ня можа выправіцца ў іншых умовах... Крымінальная справа расьсьледавалася зь яўнымі парушэньнямі нормаў Крымінальна-выканаўчага кодэксу — было прад’яўлена загадзя больш цяжкае абвінавачаньне, якое засталося ранейшым пасьля некалькіх месяцаў папярэдняга расьсьледаваньня. Праваабаронцы ведаюць, што падчас сьледзтва былі праблемы з сустрэчамі адвакатаў з падабаронным, былі абмежаваньні ў перапісцы. Усё гэта дае падставы зрабіць высновы пра тое, што і крымінальная справа, і прысуд маюць палітычна матываваны характар». 

 

Павел Левінаў: "Гэта не яўнае парушэнне. Але гэта яўная пазіцыя суду"

 

Віцебскі праваабаронца каментуе сітуацыю ў абласным судзе, калі на абвяшчэнне прысуду Андрэю Гайдукову на пусцілі некалькі дзесяткаў чалавек.

Напярэдадні было абвешчана, што рэзалюцыйную частку прысуду 23-гадоваму аператару наваполацкага "Нафтану", якога вінавацілі ў "здрадзе дзяржаве", абвесцяць публічна.

Аднак за гадзіну да абвяшчэння сябрам Гайдукова сказалі, што заходзіць у суд "яшчэ рана", а праз паўгадзіны і ім, і іншым ахвотным было заяўлена, што "усе месцы занятыя".

 

Павел Левінаў таксама не трапіў на абвяшчэнне прысуду, хаця напярэдадні меў гутарку з кіраўніцтвам суду, і яму казалі, што праблем з гэтым не будзе:

"Гэта не яўнае парушэнне, бо ўсё ж месцы былі насамрэч занятыя. Але пры наяўнасці ў будынку абласнога суду вялізнай залі на 200 месцаў далі маленькую , на 25.  Ды яшчэ запоўнілі яе міліцыянтамі ў цывільным адзенні. У вялікай зале цалкам змясціліся б і актывісты, што прыйшлі падтрымаць Гайдукова, і тыя міліцыянты, якіх у суд загналі гвалтам.  А паколькі і  суд зрабілі закрытым, і  нават абвяшэнне  рэзалюцыйнай часткі прысуду прайшло ў закрытым рэжыме, то гледзячы, як паводзяць сябе ўлады, можна меркаваць, што тут не ўсё так чыста.

Што можна думаць пра гэтую справу, калі ад самага затрымання Гайдукова і да моманту абвяшчэньня прысуду ведаем толькі артыкулы, паводле якіх яго ўрэшце і абвінавацілі. І той тэрмін, на які яго асудзілі. На чым грунтаваны прысуд, мы ня ведаем. Справядлівы ён ці не – таксама меркаваць цяжка.  Напэўна, хіба толькі пасля таго, як Андрэй выйдзе на волю, і калі ён загаворыць, то мы даведаемся праўду пра суд і ці рабіў ён нейкія дзеяньні, якія супярэчаць Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Пытанне: што хавае ўлада? Я знарок кажу "ўлада", бо незалежнага суду ў нас няма. А суд – гэта галіна ўлады. Мы бачым, хто камандуе ў судах. Там камандуе міліцыя. Старшыня Віцебскага абласнога суду не дазволіў мне прысутнічаць на працэсе ў якасці назіральніка ад БХК.А міліцыя не дазволіла нам прысутнічаць на абвяшчэнні выраку".

 

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international