Хроніка пераследу удзельнікаў акцыі, прысвечанай Дню Волі 25 сакавіка

2007 2007-03-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Менск. Учора актывіста моладзевага руху Аляксандра Атрошчанкава арыштавалі на 5 сутак у судзе Фрунзенскага раёну Менску. Яго затрымалі 23 сакавіка. Міліцыянты ў судзе сьведчылі, што Аляксандар, ідучы па вуліцы, нецэнзурна лаяўся, махаў рукамі і, апроч таго, быў неахайна апрануты.

Актывістка моладзевага руху Тацяна Цішкевіч правяла ў турме на вуліцы Акрэсьціна двое сутак. Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў дзяўчыну штрафам на 15 базавых велічыняў (230 даляраў). Суд перакваліфікаваў артыкул і абвінаваціў дзяўчыну ў падрыхтоўцы несанкцыянаванай акцыі.

Магілёў. Суды над грамадзкімі актывістамі Антонам Усьцімчуком і Яўгенам Суворавым, адкладзеныя да 2 красавіка. Судзьдзі ня сталі разглядаць спраў без адвакатаў. Да 2 красавіка грамадзкія актывісты павінны заключыць дамовы з адвакатамі. Гэтага патрабуе новая рэдакцыя Адміністрацыйнага кодэксу. Антон Усьцімчук і Яўген Сувораў вызваленыя з пад варты ў залі суда. Антона Ўсьцімчука і Яўгена Суворава затрымалі 24 сакавіка. Абодвум інкрымінуюць дробнае хуліганства.

Гомель. Учора ўвечары затрымалі Ўладзімера Кацору. А 18 гадзіне намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП і каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора зьявіўся ў Савецкі РАУС Гомеля па позве, якую прыносілі міліцыянты яшчэ да 25 сакавіка. Яго адразу затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар. Сёньня яго будуць судзіць у Савецкім судзе Гомеля. Спадара Кацору вінавацяць у хуліганстве і нібыта ва ўхіленьні ад яўкі ў міліцыю. Яму пагражае 25 сутак арышту. Пра гэта распавёў старшыня Гомельскага аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка.

Нагадаем, 18 сакавіка супраць спадара Кацоры была ўчынена правакацыя. Увечары, калі ён вяртаўся дадому, на яго напалі двое незнаёмцаў перасьледавалі яго да самай кватэры. Незнаёмцы падалі ў міліцыю заявы нібыта спадар Кацора на іх напаў. На наступны дзень у офіс АГП прыйшлі двое міліцыянтаў і прынесьлі позву зьявіцца ў Савецкі райаддзел міліцыі. Яны сказалі, што нібыта на Кацору паступіла заява аб хуліганстве. У сваю чаргу Ў.Кацора напісаў заяву, што супраць яго была ўчынена правакацыя, падобная тым, якія былі летась напярэдадні выбараў. Тады спадара Кацору двойчы садзілі на суткі.

26 сакавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля закрыў справу, па якой мясцовы актывіст дэмсілаў Юры Глушакоў абвінавачваўся ў дробным хуліганстве, з-за адсутнасьці складу правапарушэньня.

Напярэдадні сьвяткаваньня Дня волі праваахоўныя ворганы затрымалі Ю. Глушакова каля навучальнай установы, дзе ён працуе. Да актывіста падыйшоў незнаёмы чалавек з просьбай даць цыгарэту, пасьля чаго завязаў бойку. Двойчы суд над Глушаковым адкладваўся з-за неабходнасьці правядзеньня дадатковых сьледчых мерапрыемстваў. — Лічу, што мяне апраўдалі, паколькі не захацелі займацца гэтай справай — я ўдавец, адзін выхоўваю непаўналетнюю дачку, — распавёў Глушакоў агенцтву БелаПАН. — Да таго ж мой арышт стаў ужо непатрэбным, паколькі Дзень волі ў Менску адсьвяткавалі. Але хацелася б спадзявацца, што суд быў сапраўды справядлівым.

Горадня. У Горадні вызвалілі кіраўніка гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова і студэнта Андруся Фаміна, якога перад самым арыштам дапытвалі ў КДБ па справе “Маладога Фронту”. Першы зь іх сядзеў пяць сутак, другі — тыдзень. Абвінавачаньне — стандартнае: нецэнзурная лаянка, адно з варыяцыяй — адзін нібыта проста лаяўся, другі — па мабільным тэлефоне.

У Горадні застаецца за кратамі журналіст часопісу “Magazyn Polski na uchodzstwie” Ігар Банцар, яго арыштавалі на дзесяць дзён. Міліцыянты спрабавалі трапіць у кватэру іншага сябра Саюзу палякаў Станіслава Пачобута, але калі прыехаў ягоны брат Андрэй Пачобут — галоўны рэдактар “Magazyn Polski na uchodzstwie”, яны рэціраваліся.

Ігара Банцара павінны выпусьціць 29 сакавіка.

Барысаў. Учора ў 17 гадзін тут адбыўся судовы працэс над праваабаронцам Ігарам Леднікам, які быў затрыманы 24 сакавіка ў цэнтры горада міліцыйскім нарадам быццам бы з-за патасоўні з нейкім нявызначаным мінаком. Пры апытаньні сьведкаў (трох міліцыянтаў) у судзе стала вядома, што Леднік брыдкасловіў. У той жа час суддзя Святлана Самусева адмовілася чытаць паказаньні 15-гадовага сына Ледніка. Які знаходзіўся у той час побач з бацькам. Прысуд будзе абвешчаны сёньня.

Салігорск. Сёньня тут адбудзецца суд над актывістамі Дзянісам Карновым і Уладзімерам Шылам, якія 25 сакавіка былі адпушчаны з ізалятару дамоў. Затрыманага ў Менску Паўла Батуева даставілі ў Салігорск мясцовыя міліцыянты. Жудасным падаецца той факт, што гэтыя міліцыянты былі адмыслова накіраваныя ў Менск, каб адсочваць паводзіны Салігорскіх актывістаў. Пры гэтым яны знаходзіліся сярод астатніх дэманстрантаў і ім нават былі выдадзеныя бандарны з эмблемай Эўразьвязу. Учора адбылася прафіляктычная размова Паўла Батуева з начальнікам салігорскае міліцыі Захарчуком У. А.

Выкарыстаны апроч уласных матэрыялаў паведамленьні Радыё Рацыя і Радыё Свабода.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international