Старшыня райсуду лічыць, што Пётр Іваноў парушыў Крымінальны кодэкс

2013 2013-06-17T10:45:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ivanou-petr-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Іваноў

Пётр Іваноў

Віцебскі грамадзкі дзеяч Пётр Іваноў прасіў кампэтэнтныя органы ўзбудзіць крымінальную справу супраць судзьдзі Валянціны Кісьмярошкінай, якая, на ягоную думку, сьвядома парушыла закон і несправядліва пакарала яго штрафам у памеры 4-х мільёнаў рублёў па адміністрацыйнай справе. Аднак, выглядае, да крымінальнай адказнасьці могуць прыцягнуць не судзьдзю, а самога Пятра Іванова: з такой прапановай да начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімера Шалухіна зьвярнуўся старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску А.А. Андрушэнка.

«Што тычыцца заявы Іванова пра ўзбуджэньне крымінальнай справы, пададзенай ва УСК, то аналіз яе зьместу… дае падставы для правядзеньня наконт яе праверкі… на прадмет наяўнасьці-адсутнасьці ў дзеяньнях Іванова прыкметаў складу злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 369, 391, 400 КК Рэспублікі Беларусь», – піша галоўны судзьдзя Першамайскага райсуду кіраўніку сьледчага камітэту. Копію свайго ліста ён накіраваў пракурору Віцебскай вобласьці Генадзю Дыско.

Артыкул 369 Крымінальнага кодэксу (зьнявага прадстаўніка ўлады) прадугледжвае ў якасьці максімальнага пакараньня абмежаваньне волі на тэрмін да 2-х гадоў. Астатнія артыкулы, якія, згодна са старшынём райсуду, парушыў Пётар Іваноў: артыкул 391 – зьнявага судзьдзі (можа карацца абмежаваньнем волі на тэрмін да 3-х гадоў), артыкул 400 – загадзя фальшывы данос (пагражае абмежаваньнем волі да 2-х гадоў).

Нагадаем, 17 красавіка спадар Іваноў быў аштрафаваны судзьдзёй Кісьмярошкінай на 40 базавых велічынь. Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія ладзілі акцыю ў падтрымку палітвязьняў, і падаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія, паводле ягоных сьцьверджаньняў, зьдзяйсьняючы затрыманьне актывістаў, парушылі правілы дарожнага руху. Паводле яго заявы была ўзбуджаная адміністрацыйная справа, але ў выніку пакаралі не міліцыянтаў, а Іванова – за фальшывае сьведчаньне. А заадно і за супраціў праваахоўнікам, якія яго затрымлівалі. Суд чыніла судзьдзя Кісьмярошкіна, а сьведкамі па справе выступілі… міліцыянты.

Цяпер, здаецца, гісторыя можа паўтарыцца, але ўжо з больш сур’ёзнымі наступствамі для Пятра Іванова. Бо гаворка вядзецца не пра адміністрацыйнае правапарушэньне, а пра крымінальнае злачынства.

«Злачынцы» – менавіта гэтак у сваёй заяве ў Сьледчы камітэт віцебскі змагар за праўду, просячы прыцягнуць іх да адказнасьці, назваў судзьдзю Кісьмярошкіну і тых міліцыянтаў, што сьведчылі супраць яго. Але, на думку старшыні райсуду, «злачынцам», мабыць, зьяўляецца сам Іваноў.

Больш таго, «абразьлівыя фармулёўкі і выказваньні на адрас судзьдзяў, пракурорскіх работнікаў, супрацоўнікаў міліцыі, іх шальмаваньне ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі сваіх службовых абавязкаў у адпаведнасьці зь іх кампэтэнцыяй, вызначанай законам, дыскрэдытуюць ня толькі канкрэтных судзьдзяў і прадстаўнікоў улады, але і ў цэлым падрываюць аўтарытэт праваахоўнай сыстэмы і судовай улады, сьведчаць пра ўсёдазволенасьць і пачуцьцё беспакаранасьці ў Іванова, што ёсьць недапушчальным і павінна цягнуць меры рэагаваньня, прадугледжаныя законам», – гэтак піша старшыня суду начальніку Сьледчага камітэту вобласьці.

Такім чынам, сьледчы камітэт мусіць правесьці разбор па дзьвюх супрацьлеглых заявах: На шалях з аднаго боку заява праўдалюба пра тое, што судзьдзя і міліцыянты – злачынцы, з другога – заява старшыні суду пра тое, што згаданы праўдалюб, магчыма, абгаварыў першых і таму сам злачынца.

Паводле сайта «Віцебская вясна” 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international