Праваабаронца Віктар Адзіночанка каментуе смяротны прысуд у Гомелі

2013 2013-06-14T11:34:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/adzinochanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка

Праваабаронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка

Праваабаронца БХК Віктар Адзіночанка пракаментаваў смяротны прысуд, абвешчаны 14 чэрвеня ў Гомелі ў дачыненні 25-гадовага жыхара абласнога цэнтра. «Мы, праваабаронцы, паслядоўна выступаем супраць смяротнага пакарання. І ў дадзеным выпадку я ўпэўніўся ў правільнасці нашай пазіцыі. Безумоўна, было ўчынена страшнае жахлівае забойства. Але калі глядзець з інтарэсаў грамадства, гэта не той чалавек, якога трэба расстрэльваць», - выказаў думку праваабаронца.

Ён лічыць, што прычынай вынясення выключнай меры ў выгляду расстрэлу стала тое, што абвінавачваемы не абараняўся нават калі вымаўляў апошняе слова ў судзе. «Ён толькі папрасіў прабачэння ў маці забітай, і ўсе. Суддзя некалькі разоў перапытаў: ці ўсё ў вас? А ён адказваў, што мне няма чаго сказаць, ён нават літасці да сябе не прасіў, нават не спрабаваў сябе абараніць», - дадаў Віктар Адзіночанка.

Па яго словах, суд прайшоў у адпаведнасці з заканадаўствам. «Усё-такі я лічу, што смяротнае пакаранне ў нашай краіне павінна быць адменена, праблем яно не вырашае», - падсумаваў праваабаронца.

Нагадаем, 14 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні 25-гадовага жыхара абласнога цэнтру, які абвінавачваецца ў забойстве студэнткі ГДУ ім.Ф.Скарыны Наталлі Емельянчыкавай. Забойства з асобай жорсткасцю адбылося 20 верасня 2012 года, ахвяры былі нанесены 102 нажавыя раненні. Дзяўчына загінула, не дайшоўшы некалькі метраў да свайго пад'езду.

Суд пагадзіўся з патрабаваннямі дзяржаўнага абвінаваўцы і пакараў маладога мужчыну расстрэлам. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны. Абвінавачваемы мае права падаць прашэнне аб памілаванні.

Нагадаем, дзяржаўнае абвінавачанне на мінулым паседжанні, 4 чэрвеня, запатрабавала выключную меру пакарання ў выглядзе расстрэлу для абвінавачанага ў забойстве. У 2005 годзе малады чалавек быў прысуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці - ён да смерці збіў сужыцеля сваёй маці.

Забойства дзяўчыны ён здзейсніў, прабыўшы толькі год на волі пасля адбыцця пакарання.

«На лаве абвінавачаных чалавек, які ўяўляе павышаную небяспеку, і пакаранне павінна быць максімальна магчымае», - заўважала абвінаваўца.

Па выніках псіхіятрычнай хлопец прызнаны адэкватным, ён не знаходзіўся ў стане афекту ў момант здзяйснення забойства. Залежнасцяў ад алкаголю і наркотыкаў у абвінавачанага не выяўлена. Аднак ён пакутуе на змешанае расстройства асобы.

У судзе абвінавачваны віну прызнаў цалкам. Ён паведаміў, што прыкладна ў чэрвені-ліпені 2012 года знаходзіўся з Наталляй Емельянчыкавай ў адной кампаніі і яна абразіла яго. 19 верасня ён ехаў разам з сужыцелькай і сябрам у аўтобусе і сустрэў Наталлю. Ён ведаў, дзе жыве дзяўчына, так як быў знаёмы з яе братам. Абвінавачаны выйшаў з аўтобуса за адзін прыпынак ад дома, дзе жыла пацярпелая, і пабег праз двары. Ён дачакаўся дзяўчыну ля пад'езда, а затым накінуўся на яе з нажом.

Маці абвінавачваемага выказалася 12 чэрвеня перад журналістамі, што калі б дзяўчына, якая абразіла яго сына, папрасіла прабачэння, то трагедыі можна было б пазбегнуць. Па словах маці, сын абараняў сваю годнасць, і «раней за абразу страляліся, чаму ж мой сын не мог абараніць сваю годнасць?». Яна хацела б, каб сыну далі 25 гадоў. «Ён і так нічога добрага не бачыў у сваім жыцці, а тут зараз такое, просяць яго смерці. У яго бацьку забілі, калі ён быў малы, і забойцаў не знайшлі. Так, ён забіў майго сужыцеля, але той біч быў, бадзяжнічаў, бутэлькі збіраў, ён абараняў сваю дзяўчыну, гэта ў яго дзяўчыны быў канфлікт з сужыцелем», - выказалася маці абвінавачваемага.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international