viasna on patreon

Жыхару Гомеля вынеслі смяротнае пакаранне за забойства студэнткі

2013 2013-06-14T20:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rasstrel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні 25-гадовага жыхара абласнога цэнтру, які абвінавачваецца ў забойстве студэнткі ГДУ ім.Ф.Скарыны Наталлі Емельянчыкавай. Забойства з асобай жорсткасцю адбылося 20 верасня 2012 года, ахвяры былі нанесены 102 нажавыя раненні. Дзяўчына загінула, не дайшоўшы некалькі метраў да свайго пад'езду.

Суд пагадзіўся з патрабаваннямі дзяржаўнага абвінаваўцы і пакараў маладога мужчыну расстрэлам. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

Нагадаем, дзяржаўнае абвінавачанне на мінулым паседжанні, 4 чэрвеня, запатрабавала выключную меру пакарання ў выглядзе расстрэлу для абвінавачанага ў забойстве. У 2005 годзе малады чалавек быў асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці - ён да смерці збіў сужыцеля сваёй маці.

Забойства дзяўчыны ён здзейсніў, прабыўшы толькі год на волі пасля адбыцця пакарання.

«На лаве абвінавачаных чалавек, які ўяўляе павышаную небяспеку, і пакаранне павінна быць максімальна магчымае», - заўважала абвінаваўца.

Па выніках псіхіятрычнай хлопец прызнаны адэкватным, ён не знаходзіўся ў стане афекту ў момант здзяйснення забойства. Залежнасцяў ад алкаголю і наркотыкаў у абвінавачанага не выяўлена. Аднак ён пакутуе на змешанае расстройства асобы.

У судзе абвінавачваны віну прызнаў цалкам. Ён паведаміў, што прыкладна ў чэрвені-ліпені 2012 года знаходзіўся з Наталляй Емельянчыкавай ў адной кампаніі, і яна абразіла яго. 19 верасня ён ехаў разам з сужыцелькай і сябрам у аўтобусе і сустрэў Наталлю. Ён ведаў, дзе жыве дзяўчына, так як быў знаёмы з яе братам. Абвінавачаны выйшаў з аўтобуса за адзін прыпынак ад дома, дзе жыла пацярпелая, і пабег праз двары. Ён дачакаўся дзяўчыну ля пад'езда, а затым накінуўся на яе з нажом.

Маці абвінавачваемага выказалася 12 чэрвеня перад журналістамі, што калі б дзяўчына, якая абразіла яго сына, папрасіла прабачэння, то трагедыі можна было б пазбегнуць. Па словах маці, сын абараняў сваю годнасць, і «раней за абразу страляліся, чаму ж мой сын не мог абараніць сваю годнасць?». Яна хацела б, каб сыну далі 25 гадоў. «Ён і так нічога добрага не бачыў у сваім жыцці, а тут зараз такое, просяць яго смерці. У яго бацьку забілі, калі ён быў малы, і забойцаў не знайшлі. Так, ён забіў майго сужыцеля, але той біч быў, бадзяжнічаў, бутэлькі збіраў, ён абараняў сваю дзяўчыну, гэта ў яго дзяўчыны быў канфлікт з сужыцелем», - выказалася маці абвінавачваемага.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства