viasna on patreon

Магілёў: К.Шацікаву гвалтам утрымліваюць у псыхіятрычным шпіталі

2007 2007-03-25T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла дзяжурная доктарка Алена Бат, спатканьні са сваякамі Крысьціне забароненыя. Заўтра раніцай лёс пацыенткі вырашыць ейны доктар, паведамляе Радыё свабода.

Пра зьнікненьне Крысьціны Шацікавай ейнай маці Сьвятлане паведаміў па тэлефоне невядомы — ён назваўся прадстаўніком АБСЭ. Потым было яшчэ адно тэлефанаваньне. Гаворыць Сьвятлана Шацікава:

“Потым мне патэлефанавалі й сказалі, што мая дачка знаходзіцца ў вар’ятні ў 12-м аддзяленьні. Прыйшла сёньня раніцай. Мяне спачатку сустрэлі добра. Спачатку я папрасіла пазваць загадчыцу ці дзяжурнага доктара. Хацела патлумачыць, што мне толькі паглядзець, што яна жывая ды здаровая. Калі ж яна даведаліся, што Шацікава Крысьціна, адразу ж сталі злымі й адправілі мяне ў прыёмны пакой. Там сядзела жанчына, якая сказала, што яна ўсяго толькі дзяжурная сястра і шукаць нікога ня будзе”, - паведаміла маці Крысьціны.

Калі ў прыёмны пакой шпіталю маці Шацікавай прыйшла з журналістам, дзяжурная доктарка ўсё ж паведаміла пра месцазнаходжаньне Крысьціны Шацікавай.

Зь дзяжурнай доктаркай сустрэлася і грамадзкая актывістка Ірына Качарова, на вачах якой адбыўся захоп. Гаворыць Ірына Качарова:

“Прыйшла дзяжурная доктарка Алена Леанідаўна Бат. Я ёй расказала, што я непасрэдна падала заяву і я зьяўляюся сьведкай выкраданьня Крысьціны і маю права азнаёміцца зь ейнай справай. Алена Леанідаўна сказала, што ўсю інфармацыю яна дала маці. Потым, калі я сыходзіла, яна сказала, калі мы ня будзем займацца глупствам, то заўтра будзе ўсё нармальна”, - сказала Ірына Качарова.

У пятніцу ўвечары ў цэнтры Магілёва невядомыя заштурхнулі Крысьціну Шацікаву ў чырвоны аўтамабіль “Ніва” і некуды павезьлі. Да суботняга вечара пра ейны лёс нічога не было вядома.

Варта яшчэ нагадаць, што семдзесят гадоў таму, у 1937 годзе, у мурах магілёўскай вар’ятні закатавалі Зьмітра Жылуновіча.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства