Калінкавічы: суд пакараў актывіста АГП Дзяніса Рабянка штрафам

2013 2013-06-07T19:36:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rabianok-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 чэрвеня ў судзе Калінкавіцкага раёна скончылася паседжанне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да актывіста АГП Дзяніса Рабянка. Ён прызнаны вінаватым у нанясенні цялесных пашкоджанняў (арт.9.1 КаАП) і пакараны штрафам у памеры 1 мільён рублёў (10 базавых велічынь).

13 красавіка, па словах актывіста, ён пацярпеў у канфлікце са сваім суседам, які распыліў яму ў вочы газавы балончык. Малады чалавек на «хуткай» быў дастаўлены ў шпіталь, дзе ўрач-афтальмолаг дыягнаставаў у яго апёк вачэй. Між тым, праз дзесяць дзён Дзяніс Рабянок даведаўся, што на яго міліцыя склала адміністрацыйны пратакол па артыкуле 9.1 КаАП (наўмысныя цялесныя пашкоджанні), абвінаваціўшы актывіста, што гэта ён збіў суседа.

Малады чалавек падаў скаргу на імя начальніка Калінкавіцкага РАУС і заяву на імя пракурора Калінкавіцкага раёна, дзе звяртаў увагу на факты парушэння з боку міліцыі пры правядзенні праверкі. Пратакол быў складзены загадзя, яшчэ да апытання сведкаў, пра што сказаў сам участковы. Пры гэтым не былі апытаныя сведкі, якія б маглі пацвердзіць невінаватасць актывіста. Дзяніс Рабянок не быў накіраваны на судова-медыцынскую экспертызу адразу пасля здарэння, яна была праведзена толькі праз тыдзень, 19 красавіка, і без агляду самога пацярпелага – выключна па паперцы з дыягназам. Зварот да ўчастковага з просьбай правесці паўторную экспертызу з апытаннем доктара-афтальмолага і фельчара «хуткай» для атрымання падрабязнага апісання атрыманых цялесных пашкоджанняў таксама не быў задаволены.

Начальнік РАУС нават не адказаў на скаргу, а пракурор даў адказ, што ўсе законныя патрабаванні актывіста будзе разглядаць суд, які ва ўсім разбярэцца. Судовае паседжанне прайшло з перапынкамі з 20 мая па 7 чэрвеня.

На судзе Дзяніс Рабянок звяртаўся з хадайніцтвам аб выкліку ў суд сведак здарэння: урача-афтальмолага, фельчара і міліцыянтаў, якія займаліся праверкай. «У выніку і ўрач, і фельчар пацвердзілі тое, што я атрымаў пашкоджанні, і апісалі іх, былі заслуханыя і сведкі з майго боку. Аднак суд не ўзяў гэта пад увагу, і не стаў нават разглядаць - ці быў здзейснены на мяне напад, і ці былі нанесены мне цялесныя пашкоджанні – апёк вачэй», - звярнуў увагу актывіст.

Па яго словах, суд не задаволіў хадайніцтва аб выкліку супрацоўнікаў РАУС, якія займаліся праверкай. Пры гэтым суд праігнараваў той факт, што нападнік не прадставіў у суд газавы балончык, які ён распыліў у вочы маладому чалавеку. Хоць такое патрабаванне таксама было, каб даведацца, ці з’яўляецца дадзены балончык дазволеным для выкарыстання на тэрыторыі Беларусі. Міліцыя падчас праверкі таксама не праявіла да балончыка ніякай цікавасці і на экспертызу яго не ўзяла.

Па словах Дзяніса Рабянка, для яго стаў «своеасаблівай ілюстрацыяй заганнасці нашай сістэмы». «Я разлічваў вочы ў вочы задаць супрацоўнікам міліцыі ўсе нязручныя пытанні – і пра экспертызу, і пра адмову апытваць сведак, і пра тое, чаму начальнік РАУС не стаў разглядаць маю скаргу. Але мільцыянтаў нават у суд не выклікалі. Прыкра і ад таго, што суд не зацікавіла і паходжанне газавага балончыка, з выкарыстаннем якога на мяне быў здзейснены напад – ці дазволены ён, як быў набыты, чаму не быў узяты на экспертызу. Суд фактычна не ўзяў пад увагу тлумачэнні сведак абароны, але цалкам паверыў адзінаму сведку з боку абвінавачвання. Здзіўляе і тое, што былі праігнараваныя сведчанні фельчара і доктара», - пракаментаваў судовую пастанову актывіст.

Ён лічыць сябе цалкам невінаватым, і будзе абскарджваць пастанову суду ў вышэйстаячых інстанцыях. Таксама Дзяніс Рабянок схіляецца да думкі, што ўсе гэтыя падзеі – і напад на яго, і далейшы адміністрацыйны пераслед непасрэдна звязанымі з яго палітычнай і грамадскай дзейнасцю: актыўным удзеле ў працы АГП, неаднаразовым ўдзеле у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню, грамадскай дзейнасці.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international