Пасол Італіі: Беларусь магла б сёння-заўтра змяніць статус адносін з ЕС

2013 2013-06-03T22:32:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

"Беларусь магла б сёння-заўтра змяніць статус сваіх адносін з Еўрасаюзам", — заявіў пасол Італіі Арнальда Абеці 3 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Ясна, што за адзін дзень усё не выправіцца, але вызваленне палітычных зняволеных было б найболей наглядным крокам у гэтым кірунку", — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, яшчэ адным станоўчым крокам было б рашэнне Мінска аб увядзенні мараторыя на смяротную кару. "Трэба паглядзець, ці ёсць гатоўнасць і палітычная воля дзейнічаць у гэтым кірунку. І гэта не залежыць ад Еўрасаюза", — адзначыў Абеці.

Адказваючы на пытанне БелаПАН пра пазіцыю Італіі па пытанні магчымага зняцця візавых санкцый з міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і яго запрашэння на саміт Усходняга партнёрства ў Вільнюсе, Абеці сказаў: "Думаю, што ёсць магчымасці на карысць рашэння гэтага пытання, часткай чаго з'яўляецца Італія".

Пры гэтым пасол падкрэсліў, што рашэнне аб зняцці візавых санкцый можа быць прынятае толькі са згоды ўсіх краін-членаў ЕС і пакуль гэтая згода не дасягнутая. "Гэта не значыць, што пасля заканчэння часу і акалічнасцяў яны не прыйдуць да адзінага меркавання, — прадоўжыў Абеці. — Думаю, на палітычнай ніве ўзаемадзеяння з краінай павінен быць галоўны суразмоўца".

Пасол таксама адзначыў, што з моманту візіту ў Беларусь у 2009 годзе італьянскага прэм'ер-міністра Сільвіа Берлусконі, нягледзячы на змену ўрада Італіі, яе цікавасць да Беларусі не знікла. "Але з моманту візіту былі яшчэ прэзідэнцкія выбары ў снежні 2010 года. Мы ўсе добра праінфармаваныя пра гэтую падзею і ведаем, што яна паўплывала на запаволенне адносін Беларусі і Еўрасаюза, якія ў той момант знаходзіліся ў стадыі паляпшэння", — заўважыў італьянскі дыпламат.

Абеці таксама падкрэсліў, што на чалавечым узроўні адносіны паміж Беларуссю і Італіяй "па-ранейшаму проста выдатныя". "Існаванне ж пэўнага напружання ў палітычным плане з'яўляецца прычынай для шкадавання", — рэзюмаваў пасол.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international