Таццяна Равяка: Я не жалезная лэдзі!

2013 2013-06-03T09:29:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Таццяна Равяка нарадзілася ў маленькім пасёлку Мірны, але жыла яна там зусім нядоўга, бо бацькі пераехалі ў Салігорск. Таму яе жыццё «было напалову вясковае і часткова правінцыйна-прамысловае».

Мова бабулі

Практычна кожныя выходныя і лета — вёска і бабуля, якая выхоўвала мяне да школы, бо ў дзіцячы садок я не хадзіла. Вёска — гэта немалы складнік майго жыцця. Гэта ў тым ліку і беларуская мова. Калі з вёскі пераязджалі ў горад, усе імкнуліся сваёй беларускай мовы пазбавіцца. У школе я размаўляла па-руску, а беларуская мова заставалася мовай бабулі.

Бацькі

У мяне звычайная сям’я. Мая матуля працавала ў краме прадавачкай, а тата — кіроўцам. Яны людзі простыя, і каштоўнасці, якія імі закладаліся, былі кансерватыўна-сямейныя.

Я была паслухмянай і ціхай

У дзяцінстве я была паслухмянай дзяўчынкай. У нас шматдзетная сям’я — чацвёра дзяцей. Я была другой. Яшчэ ёсць старэйшая сястра. Яна ў нас далікатная і капрызная, а я — паслухмяная і ціхая. У сям’і заўсёды выхоўвалася пачуццё ўзаемнай адказнасці адно за аднаго.

«Паляванне на лісіц»

Я вучылася добра, былі толькі 2 чацвёркі: па хіміі і англійскай мове. Я люблю англійскую мову, але зараз на ёй не размаўляю, бо выкладалася яна не як мова стасункаў, а як мова практыкаванняў. У школе я займалася такім папулярным тады відам спорту, як спартыўнае радыёарыентаванне — паляванне на лісіц. Калі ў 10 класе ўсе здавалі іспыты, я адстойвала імя Бацькаўшчыны на чэмпіянаце СССР. Калі надышоў час паступаць ва ўніверсітэт, падумаўшы, абрала філфак і меркавала, што буду настаўніцай.

Я вучылася ў часы перабудовы

Маё грамадска-палітычнае жыццё пачалося пасля паступлення ва ўніверсітэт. Такія цудоўныя людзі, як Паліна Сцепаненка, Мірык Адамчык, Сева Рагойша і іншыя сябры, далі мне вялікі штуршок да пазнання літаратуры. Я вучылася ў 1985–1990, у часы перабудовы і першых хваляванняў.

Ніколі не думала, што стану праваабаронцай

У 1990 я нарадзіла дзіця і «выпала» з жыцця на нейкі час. Узнавілася мая сацыяльная актыўнасць, калі ў 1991 адчыняўся Музей Максіма Багдановіча, куды мяне ўзялі на працу. Гэтая падзея вызначыла вектар майго жыцця. Той час быў вельмі палітызаваным: пачаліся пратэсты, рэферэндумы, разгоны і дэманстрацыі. Алесь Бяляцкі на той час быў дырэктарам музея, і пэўная частка яго грамадскай дзейнасці адбывалася на тэрыторыі музея. Тыя, хто хацеў, аказваў дапамогу. Людзі прыносілі перадачы проста ў музей. Калідоры былі застаўлены скрынямі з макаронай і тушонкай. У 1998 стала зразумелым, што трэба рабіць нейкі выбар, Алесь сыходзіў з музея, бо быць кіраўніком культурнай дзяржаўнай установы і адначасова займацца праваабарончай ініцыятавай («Вясна-96») ужо было немагчыма. І калі ён сыходзіў, то прапанаваў сысці разам з ім. Я сумнявалася, бо, што ўяўляюць з сябе правы чалавека, я не ведала. Тады ён сказаў: «Таня, пісаць умееш? Тады будзеш пісаць». Бо тое, што адбывалася, патрэбна было нейкім чынам фіксаваць. Потым я скончыла вышэйшы міжнародны курс па правах чалавека ў Варшаве, які паставіў на месца ўсё ў маёй галаве. Я ніколі не думала, што жыццё мяне прывядзе ў праваабарончую дзейнасць.

Ці патрэбны табе ўсе гэтыя выпрабаванні?

Перад тым як ісці працаваць у праваабарончую арганізацыю, трэба дакладна адказаць сабе на пытанне, ці патрэбныя табе выпрабаванні, якія будуць суправаджаць цябе ўсё жыццё. І калі твой унутраны голас барацьбы за справядлівасць перамагае, то рабі гэты крок. Калі па тэлебачанні паказваюць праваабаронцаў як лю-дзей, якія толькі ездзяць па замежжы і нібыта паклёпнічаюць на нашу Радзіму, то гэта зусім не так. Гэта вельмі сур’ёзная праца, і ты ра-зумееш, што за кожнае сваё слова ты адказваеш.

Бацькі хацелі простага і бяспечнага жыцця для дзяцей

Я разведзеная, з мужам мы пражылі амаль 10 гадоў. Мы маем з ім дачку. І адразу скажу, што мая грамадская дзейнасць не мела дачынення да разводу. Дачка — гэта тая частка сям’і, з якой я сутыкаюся штодня. А ўся сям’я ў нас вялікая: сёстры, брат, у кожнага свае дзеці, унукі. Не ўсё так проста, і не заўсёды ёсць разуменне, навошта мне гэта трэба. Бацькі хацелі для сваіх дзяцей простага і бяспечнага жыцця. Але ніколі яны мне не сказалі, што я раблю нешта не так. Яны заўсёды мяне падтрымліваюць.

«Каб ты была проста дома»

Мая дачка з дзяцінства расла сярод тых людзей, з якімі я працую і сябрую. Ёй зараз 23 гады. З дзяцінства яна ведае Алеся Віктаравіча Бяляцкага. Нядаўна яна мне сказала: «Мама, мне ўсё жыццё не хапала таго, каб ты была проста дома, каб ты, як іншыя мамы, гатавала сняданак, абед і вячэру. Ты зрываешся і кудысьці ляціш. У цябе заўсёды былі справы, якія былі калі не важнейшымі за мяне, дык такімі ж істотнымі, і мне было крыўдна. Я цябе заўсёды буду любіць і падтрымліваць, але для сваёй сям’і я не абяру такі шлях».

Я таксама гатую боршч

Я таксама гатую боршч, маю парадак дома. У мяне самы звычайны побыт і самая звычайная адказнасць перад блізкімі. Але мне, пэўна, трэба яшчэ нешта іншае ў гэтым жыцці, і яно не замыкаецца на сямейных абавязках.

Шукаць усе шляхі, каб змякчыць удар

Самым вялікім урокам, які дала мне мая праца, стала разуменне таго, што трэба не толькі спачуваць пацярпелым, а яшчэ шукаць усе шляхі, каб змякчыць удар, дапамагчы практычнымі дзеяннямі. Разам з тым, падзеі 2006, 2010 я заўсёды параўноўвала з папярэднім досведам (трагедыя на Нямізе, лёсы зніклых) і казала сваякам пацярпелых, што ўсё нармальна, галоўнае — іх родныя жывыя і здаровыя, а тое, што за кратамі — гэта часова.

Дзяржава абавязана вам, а не вы ёй

Сказаць, што я калі-небудзь хацела змяніць працу, то такога не было. Хацела толькі перанакіравацца з балючай тэматыкі арыштаў на адукацыю. Не будзе такога «бац», каб мы прачнуліся і зразумелі, што правы чалавека належаць кожнаму. Ідэалогія падпарадкавання асобы дзяржаве ў нас дамінуючая. Яна вычышчае ў свядомасці людзей разуменне сябе як асобы, надзеленай усімі правамі. Дзяржава абавязана вам, а не вы ёй. Інтуітыўна людзі адчуваюць падсвядомы дыскамфорт ад таго, што ім нечага не хапае. Беларусы сябе проста недаацэньваюць.

Раблю зарадку і хаджу ў басейн

Я прачынаюся рана, а 6:30. Раблю зарадку, хаджу ў басейн. Апошнія 5 месяцаў, калі мы працавалі па дамах, то працоўны дзень пачынаўся з таго моманту, як ты прачнуўся, а сканчаўся ў момант адыходу да сну. Цяпер, калі мы маем свой офіс, расклад працы стаў больш упарадкаваным.

Не люблю, калі я сабе не падабаюся

У свае 45 гадоў я павінна думаць пра здароўе і знешні выгляд, бо я застаюся жанчынай. Я амаль не фарбуюся, бо мой лад жыцця вельмі актыўны і ўся гэтая «прыгажосць» на мне абавязкова размажацца. Нічым асаблівым дзеля сваёй знешнасці не карыстаюся. Раблю, праўда, розныя фізічныя практыкаванні. Я хаджу да касметолага, але толькі ў 45 гадоў вырашыла да яго завітаць. Не люблю, калі я сабе не падабаюся. Мой стыль адзення больш спартыўны, але апошнім часам сталі падабацца спадніцы і сукенкі, можа, гэта такі псіхалагічны супраціў ад негатыву, якім напоўнена жыццё. Шопінг не па мне, прыходжу ў краму заўсёды з разуменнем таго, што мне трэба. Шопінг мяне стамляе. Псіхалагічную разгрузку я знахо-джу ў збіранні грыбоў і нават рыбалку люблю. А яшчэ я люблю мяса і агародніну і абсалютна абыякавая да ўсяго салодкага.

Мы звычайныя людзі

Я і плачу, і хвалююся. Я не жалезная лэдзі. Я хачу, каб у людзей было нармальнае ўспрыманне праваабаронцаў, каб яны разумелі, што мы звычайныя людзі са звычайным жыццём. І не было ўяўлення, што мы дзіўныя людзі, якія, акрамя цытавання Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, нічога ў жыцці не бачаць.

***

Таццяна Равяка — праваабаронца, працуе ў цэнтры «Вясна». Нарадзілася 17 студзеня 1968 у Салігорскім раёне. Разведзеная. Мае 23-гадовую дачку.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international