viasna on patreon

Мікола Статкевіч рыхтуе ў турме кнігу “Шлях волі”

2013 2013-06-03T08:59:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Новая кніга Міколы Статкевіча будзе мець назву “Шлях волі”, дзе будуць сабраныя артыкулы і эсэ вядомага палітыка і палітвязня, якія ён напісаў напрацягу мінулага дзесяцігоддзя. 

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што Мікола Статкевіч нават параіў, як найлепш скласці яго кнігу:

- Мы вырашылі, што мае сэнс выдаць кнігу яго абраных артыкулаў, тым больш, што як паказаў досвед, вельмі шмат якія з іх не страцілі сваёй актуальнасці праз гады. Мікола гэтую ідэю ўхваліў. Зараз мы над гэтым працуем, бо некаторыя з гэтых артыкулаў, як я ўжо казала, былі напісаныя яшчэ на пачатку 90-х і нават напрыканцы 80-х гадоў пад псеўданімамі, і безумоўна зараз іх электронных версій знайсці немагчыма. 

Мікола Статкевіч хоча ўключыць у кнігу артыкул, які быў напісаны ў 2007 годзе, пад назвай “Жорсткая какетка і прастак”. Гэта пра адносіны Еўропы з Беларуссю. Тады пачалася гэтак званая лібералізацыя і Мікола лічыць, што артыкул зноў набыў актуальнасць, адзначае Марына Адамовіч. 

Па словах жонкі Міколы Статкевіча, кнігу плануецца выдаць яшчэ сёлета. Пакуль жа яна разам з сябрамі Мікалая Статкевіча шукае яго артыкулы ў друкаваным выглядзе па бібліятэках ды іншых крыніцах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства