Алесь Бяляцкі пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH

2013 2013-05-27T22:25:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pratest_nabil_ales-istanbul-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя ўдзельнікаў 38-га Кангрэсу FIDH ў падтрымку палітвязняў Алеся Бяляцкага і Набіла Раджаба

Акцыя ўдзельнікаў 38-га Кангрэсу FIDH ў падтрымку палітвязняў Алеся Бяляцкага і Набіла Раджаба

27 траўня ў межах 38-га Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) беларускі праваабаронца-палітвязень Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, пераабраны на сваёй пасадзе.   

У 2007 годзе ён стаў першым віцэ-прэзідэнтам FIDH з Усходняй Еўропы, у 2010 годзе быў абраны на другі тэрмін.

Сёлета за кіраўніка ПЦ “Вясна”, сяброўскай арганізацыі FIDH, свае галасы аддалі 76 з 90 удзельнікаў галасавання. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні праваабарончага цэнтру Валянцін Стэфановіч, які гэтымі днямі браў удзел у працы Кангрэсу ў Стамбуле.

Кандыдатуру Алеся Бяляцкага напярэдадні галасавання прадстаўляла Прэзідэнт FIDH Суэр Белхасэн.

“Ад Арменіі да Казахстана, ад Украіны да Кыргызстана, у Грузіі і Расіі ён правёў дзесяткі даследчых місій і візітаў салідарнасці. Назіранне за судовымі працэсамі, дапамога сем'ям зняволеных, расследаванне масавых злачынстваў ... Яго вопыт быў і застаецца найважнейшым складнікам стратэгіі FIDH ў рэгіёне.
Але і за межамі рэгіёну Алесь Бяляцкі актыўна ўдзельнічае ў працы па абмене вопытам і праводзіць паездкі салідарнасці з праваабаронцамі ў Егіпце, на Кубе, у Тунісе. Многія з Вас бачылі яго на справе ў гэтых паездках, і патрапілі ў палон яго чалавечых якасцяў і сілы яго перакананняў.
З 4 жніўня 2011 года Алесь стаў адным з вязняў, правы якіх ён заўсёды абараняў разам са сваімі калегамі…
Ці павінны мы далучыцца да кампаніі па яго ізаляцыі, развязанай беларускім рэжымам, які імкнецца да таго, каб дзейнасць Алеся перапынілася?
Мы павінна паказаць рэжыму Лукашэнкі, што Алесь па-ранейшаму адзін з нас, і зусім хутка ён будзе побач з намі і працягне сваю працу віцэ-прэзідэнта Федэрацыі”,
- сказала спн. Белхасэн у сваім выступе. (Поўны тэкст выступу Суэр Белхасэн – у далучаным файле.)

“Ад імя ўсіх нас я падзякаваў сябрам FIDH за ўсебаковую падтрымку Алеся Бяляцкага і выказаў спадзяванне на тое, што ён у хуткім часе далучыцца да сям’і FIDH, каб працягнуць змаганне за справядлівасць ва ўсім свеце”, - распавёў Валянцін Стэфановіч.

На пасадзе Прэзідэнта FIDH Суэр Белхасэн (яна правяла шэсць гадоў на чале арганізацыі) змяніў іранскі адвакат Карым Лахіджы. Спадарыня Белхасэн прызначана Ганаровым Прэзідэнтам FIDH.

"Для мяне - велізарны гонар быць абраным Прэзідэнтам FIDH. Маё першае пасланне звернута да ўсіх праваабаронцаў, якія ва ўсім свеце адвольна ўтрымліваюцца ў зняволенні. Мы будзем няўхільна працягваць патрабаваць іх хутчэйшага і безумоўнага вызвалення. Я думаю, у прыватнасці, пра маіх калег і сяброў Алеся Бяляцкага і Набіла Раджаба, якія пакутуюць у турмах Беларусі і Бахрэйна", - заявіў Карым Лахіджы.

Нагадаем, кожныя тры гады FIDH праводзіць кангрэсы, на якіх сяброўскія арганізацыі разам вызначаюць стратэгіі працы і абіраюць Міжнароднае бюро FIDH. 38-ы Кангрэс FIDH з 23 па 27 траўня праходзіў у Стамбуле. На мерапрыемства, галоўная тэма якога – “Палітычныя пераходныя працэсы і правы чалавека: вопыт і выклікі”, з'ехаліся прадстаўнікі звыш 200 НДА з 130 краінаў. За час працы Кангрэс прыняў 26 рэзалюцый, якія тычацца, у прыватнасці, Малі, Сірыі, Малайзіі, Кубы, Расіі і Турцыі. З нагоды свайго 38-га Кангрэса FIDH павялічыла свой ​​склад з 164 да 178 арганізацый.

Файлы

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international