На сесіі Савета ААН па правах чалавека будзе заслуханы даклад па Беларусі

2013 2013-05-27T12:40:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hrc_un-logo.jpg
Савет па правах чалавека ААН

Савет па правах чалавека ААН

 

27 мая ў Жэневе пачынае працаваць 23-я сесія Савета ААН па правах чалавека. На парадку дня 4 чэрвеня — абмеркаванне справаздачы спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Міклаша Харашці.

У пачатку мая тэкст даклада быў апублікаваны на сайце Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН.

Дакумент рэкамендуе беларускім уладам неадкладна і без усякіх умоў вызваліць з турмаў усіх палітычных апанентаў, праваабаронцаў і актывістаў.

Харашці зазначае, што сітуацыя з палітзняволенымі выклікае глыбокую занепакоенасць. "Умовы іх утрымання ў турмах разам з інфармацыяй аб псіхалагічным і фізічным націску могуць быць расцэнены як неналежнае ўтрыманне, а іншым разам і як катаванні", — гаворыцца ў дакладзе.

Ураду Беларусі рэкамендавана прыняць меры для ліквідацыі ўсяго, што перашкаджае актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны, а таксама гарантаваць непрадузятае прымяненне законаў на практыцы.

Апрача таго, афіцыйнаму Мінску рэкамендавана актывізаваць працу парламенцкай групы па вывучэнні пытання смяротнай кары, абнародаваць вычарпальную інфармацыю пра ўжо прыведзеныя ў выкананне прыгаворы і неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару з далейшай яе адменай.

Уладам рэкамендуецца таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста (Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага), фактаў пазбаўлення ліцэнзій і пераследу адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.

Спецдакладчык заклікае ўлады гарантаваць, што ўсе затрыманыя грамадзяне будуць хутка інфармавацца аб прычынах затрымання і вылучаных абвінавачаннях, мець бесперашкодны доступ да адваката. Пры гэтым рэкамендавана гарантаваць абсалютную забарону на катаванні і іншыя віды неналежнага абыходжання з затрыманымі.

Беларускім уладам таксама рэкамендавана забяспечыць абарону праваабаронцаў і журналістаў ад пераследу, запалохвання і насілля, правесці поўнае і непрадузятае расследаванне ўсіх такіх выпадкаў.

Харашці звяртае ўвагу СПЧ на тое, што так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, бо беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім. Пры падрыхтоўцы даклада, паведамляе спецдакладчык, у яго адбыліся сустрэчы за межамі Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі, журналістамі.

Да гэтай сесіі СПЧ арганізацыя "Міжнародная амністыя" выступіла са спецыяльнай заявай, у якой канстатуе: зменаў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2012 год не адбылося. У краіне працягваліся парушэнні правоў актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналістаў. Улады парушалі правы грамадзян на свабоду выказвання, сходаў і асацыяцый, выкарыстоўвалі супраць журналістаў, якія выступаюць з крытыкай уладаў, артыкулы Крымінальнага кодэкса аб паклёпе і знявазе ў дачыненні да прэзідэнта.

Напярэдадні гэтай сесіі СПЧ група грамадзян Беларусі, парушэнне правоў якіх пацвердзіў Камітэт ААН па правах чалавека, запатрабавалі выканання рэспублікай яе міжнародных абавязацельстваў. Адпаведны ліст яны накіравалі ў Камітэт ААН па правах чалавека, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, спецдакладчыку Міклашу Харашці і міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею.

Паводле інфармацыі аднаго з заяўнікаў, праваабаронцы Леаніда Судаленкі, з пачатку 1990-х гадоў у камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) паступіла ўжо прыблізна 150 індывідуальных зваротаў ад грамадзян Беларусі. У 43 выпадках камітэт зафіксаваў парушэнні правоў і свабодаў, абвешчаных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яшчэ 74 звароты з Беларусі знаходзяцца на розных этапах разгляду. Ніводнае з прынятых камітэтам рашэнняў беларускімі ўладамі не выканана.

27 мая арганізацыя "Сетка дамоў правоў чалавека" правядзе ў Жэневе брыфінг аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Апрача таго, 31 мая і 6 чэрвеня Міжнародная федэрацыя правоў чалавека мае намер правесці абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international