Рэдактара і выдаўца “Вольнага гораду” выклікаюць у суд

2013 2013-05-27T11:37:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/niarounysiarhej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рэдактар незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны

Рэдактар незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны

Суд Крычаўскага раёна выклікаў рэдактара крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага  і яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава на 5 чэрвеня ў  якасці адказчыкаў па пазову “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280”.

Начальнік арганізацыі А.В. Фралоў просіць суд Крычаўскага раёна “прызнаць распаўсюджаныя звесткі аб КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” у друкаваным выданні “Вольны горад” №4 ад 3 лютага 2013 года неадпавядаючымі рэчаіснасці”, а таксама “абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” надрукаваць абвяржэнне на той жа старонцы ў той жа калонцы дадзенага друкаванага выдання”.

- Пазоў “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” падаў начальнік УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” А. В. Фралоў, быццам бы мы ў адным з нумароў “Вольнага горада” у артыкуле “Прыгонныя” далі недакладныя звесткі пра гэту арганізацыю, - распавядае рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны. – Раней па гэтым пытанні мяне і Кудраўцава выклікалі ў Крычаўскі РАУС, куды прыходзіў запыт з чэрыкаўскай міліцыі, аднак ахоўнікі правапарадку адмовілі адміністрацыі  ПМК № 280 ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Сяргей Няроўны кажа, што яго ў гэтай сітуацыі вельмі здзіўляюць дзеянні адміністрацыі ПМК № 280.

- Па- першае, гэтае пытанне лёгка можна было вырашыць у дасудовым парадку. Калі б супрацоўнікі арганізацыі хацелі дзейнічаць у адпаведнасці з Законам аб СМІ, яны б звярнуліся да нас з патрабаваннем апублікаваць удакладненне альбо абвяржэнне. Мы б правялі праверку і, калі б пацвердзілася, што інфармацыя недакладная, абавязкова гэта зрабілі, - тлумачыць рэдактар “Вольнага гораду”. - Па-другое, здзіўляе палітызаванасць пазову ў суд, бо адміністрацыя ПМК № 280 убачыла ў нашым невялікім артыкуле адну мэту – “дыскрэдытаваць кіруючае звяно “Чэрыкаўскага ПМК-280” і раённую вертыкаль улады”. На маю думку, ужо з гэтага выдатна бачна, хто з’яўляецца сапраўдным ініцыятарам гэтага пазову…

Таксама здзіўляе недарэчнасць, якую дапусціла адміністрацыя ПМК № 280 пры падрыхтоўцы пазову ў суд: па ўсім тэксце назва арганізацыі ідзе як УКП “Чэрыкаўская ПМК-280”, а падпісаны дакумент начальнікам “Чэрыкаўскага ПМК-88” А. В. Фраловым.

- Ужо адна гэта акалічнасць паказвае ўзровень адносін з боку адміністрацыі ўстановы да вартасці гэтага дакумента, - каментуе Сяргей Няроўны.   

Артыкул “Прыгонныя” быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю “Вольнага горада” жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК №280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты газеты параілі ёй звярнуцца па дапамогу ў Крычаўскую межраённую інспекцыю па ахове працы.

Незалежная газета “Вольны горад” выдаецца накладам 299 асобнікаў, распаўсюджваецца на тэрыторыі Крычаўскага і суседніх раёнаў усходняй Магілёўшчыны.

Пазоў УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” да газеты "Вольны горад"
Пазоў УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” да газеты "Вольны горад"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international