Amnesty International апублікавала штогадовы даклад

2013 2013-05-23T23:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/amnesty-report-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 траўня праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала штогадовы даклад пра становішча з правамі чалавека ў свеце. У дакладзе канстатуецца, што ў Беларусі зменаў у лепшы бок не адбылося.

У рэзюмэ да часткі дакладу пра Беларусь паведамляецца:

Вязні сумлення заставаліся пад вартай. Некаторым з іх працягнулі тэрміны пазбаўлення волі за парушэнне рэжыму ўтрымання. Улады парушалі правы грамадзянскіх актывістаў, у тым ліку праваабаронцаў і журналістаў, на свабоду слова, сходаў і аб'яднанняў. Былі прыведзены ў выкананне тры смяротныя прысуды.

Далей, пасля кароткай даведкі, асвятляецца сітуацыя з вязнямі сумлення, свабодай выказвання меркаванняў, праваабаронцамі, свабодай аб’яднанняў і свабодай сходаў.

 

Кароткая даведка

5 ліпеня Савет ААН па правах чалавека прагаласаваў за прызначэнне Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі. Перад гэтым Савет заслухаў даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, у якім прыводзіліся сведчанні сур'ёзнага пагаршэння становішча з правамі чалавека ў краіне са снежня 2010 года.

На парламенцкіх выбарах, якія адбыліся 23 верасня, дэпутацкі мандат не атрымаў ні адзін з кандыдатаў ад апазіцыі. Назіральная місія АБСЕ, якая сачыла за выбарамі, прыйшла да высновы, што мелі месца парушэнні свабоды слова і свабоды аб'яднанняў і што выбары не з'яўляліся ні свабоднымі, ні сумленнымі. 27 жніўня Цэнтральная камісія па выбарах пастанавіла, што ніхто з кандыдатаў, якія заклікалі байкатаваць выбары, больш не атрымае эфір. Праз гэта дзве апазіцыйныя партыі фактычна пазбавіліся якога-небудзь асвятлення ў СМІ.


Вязні сумлення

Шэсць чалавек па-ранейшаму знаходзіліся за кратамі ў сувязі з тым, што прымалі ўдзел у дэманстрацыі 19 снежня 2010 года. Як мінімум чацвёра з іх з'яўляюцца вязнямі сумлення: Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Дзмітрый Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

■ 24 студзеня Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні касацыйнай скаргі Алеся Бяляцкага, які абскарджваў прысуд да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за «заніжэнне падатковай базы, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры». У верасні Вярхоўны суд таксама пакінуў прысуд у сіле. Прысуд старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесю Бяляцкаму быў вынесены 24 лістапада 2011 г. Ён звязаны з тым, што асабістыя рахункі актывіста ў банках Літвы і Польшчы выкарыстоўваліся для фінансавання дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Беларусі.

■ 14 красавіка на свабоду адпусцілі былога апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які атрымаў прэзідэнцкае памілаванне. Па наяўных звестках, на яго аказвалі ціск, прымусіўшы падпісаць прашэнне пра памілаванне. Акрамя таго, яму было сказана, што судзімасць не будзе пагашаная на працягу васьмі гадоў. Ён адбыў 16 месяцаў з пяці гадоў пазбаўлення волі, да якіх яго першапачаткова прысудзілі. Дзмітрый Бандарэнка - сябра выбарчага штаба Андрэя Саннікава - быў вызвалены 15 красавіка.

■ 28 жніўня на закрытым судовым пасяджэнні ў калоніі горада Глыбокае Дзмітрыя Дашкевіча прысудзілі да дадатковага года пазбаўлення волі за тое, што ён нібыта парушаў рэжым ўтрымання пад вартай. На Дзмітрыя Дашкевіча неаднаразова накладаліся спагнанні за розныя нязначныя парушэнні рэжыму. Па словах адміністрацыі калоніі, яго некалькі разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар, каб абараніць ад нападу з боку іншых зняволеных.


Свабода выказвання меркаванняў

Улады працягвалі выкарыстоўваць артыкулы «паклёп у дачыненні да прэзідэнта» і «абраза прэзідэнта» супраць журналістаў для стрымання законнай крытыкі.

■ 21 чэрвеня ў сваёй кватэры ў горадзе Гродна быў арыштаваны Анджэй Пачобут - карэспандэнт польскага штодзённага выдання «Газета Выборча» і вядомы абаронца правоў польскай меншасці ў Беларусі. Яго абвінавацілі ў «паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта» за артыкулы, апублікаваныя ў незалежных беларускіх СМІ. 30 чэрвеня яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Раней у сувязі з аналагічнымі абвінавачваннямі за іншыя публікацыі ў газетах Анджэя Пачобута ўжо прысудзілі ўмоўна да трох гадоў пазбаўлення волі. Калі яго прызнаюць вінаватым і на гэты раз, яму трэба будзе адбываць паслядоўна абодва прысуды - у суме больш за сем гадоў. Па стане на канец года следства яшчэ не скончылася.

Праваабаронцы

Праваабаронцы сутыкаліся з самымі рознымі формамі прыгнёту, уключаючы забарону на выезд з краіны або ўзбуджэнне спраў аб адміністратыўных правапарушэннях, напрыклад за нецэнзурную лаянку ў грамадскіх месцах. Так, 11 сакавіка намесніка старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна"
Валянціна Стэфановіча развярнулі на літоўскай мяжы нібыта за тое, што ён ухіляецца ад прызыву на вайсковую службу (служба запаса). У сакавіку праваабаронцу Алегу Воўчаку паведамілі, што яго імя ўнесена ў спіс асобаў, якім забаронена пакідаць краіну.

■ Неўзабаве пасля таго як НКА «Платформа», якая займаецца маніторынгам ўмоў утрымання ў турмах, заклікала байкатаваць чэмпіянат свету па хакеі 2014 года ў Мінску, пракуратура горада Мінска 26 чэрвеня афіцыйна папярэдзіла старшыню арганізацыі Андрэя Бандарэнку, што супраць яго можа быць распачата крымінальная справа за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь і органаў дзяржаўнай улады». 19 ліпеня яму паведамілі, што, паколькі ў дачыненні да яго праводзіцца расследаванне ў сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў, яго імя ўнесена ў спіс асобаў, якім не дазваляецца пакідаць краіну. Пасля яго скаргі ў Міністэрства ўнутраных спраў дадзеную справу закрылі, а яго імя выкрэслілі са спісу.

■ 26 лістапада супрацоўнікаў Праваабарончага цэнтра "Вясна" выселілі з іх офіса, канфіскаванага ў адпаведнасці з прысудам у дачыненні да старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.

У 2012 годзе за нецэнзурную лаянку ў грамадскіх месцах адміністратыўныя справы былі ўзбуджаны супраць як мінімум 15 праваабаронцаў, журналістаў і апазіцыянераў.


Свабода аб’яднянняў

У адпаведнасці з законам «Аб грамадскіх аб'яднаннях», на рэгістрацыю і функцыянаванне арганізацый па-ранейшаму накладаўся шэраг абмежаванняў. Як і раней, каб функцыянаваць, усім НКА патрабавалася праходзіць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі, а любыя дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі лічыліся крымінальным злачынствам і караліся па артыкуле 193 (1) крымінальнага кодэксу.

■ У студзені праваабарончай арганізацыі ЛГБТ «ГейБеларусь» паведамілі пра адмову ў рэгістрацыі ў сувязі з тым, што ў імёнах двух заснавальнікаў з 61 дапушчаныя памылкі і няправільна пазначаны даты нараджэння.

■ 9 кастрычніка Менскі гаспадарчы суд вынес пастанову аб ліквідацыі НКА «Платформа», якая займалася маніторынгам умоў у месцах пазбаўлення волі і ўтрымання пад вартай. Падставай паслужыў пазоў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Савецкага раёна Мінска, якая абвінаваціла арганізацыю ў тым, што НКА несвоечасова падавала падатковыя дэкларацыі і не знаходзілася па ўказаным юрыдычным адрасе. Старшыня «Платформы» Андрэй Бандарэнка настойвае, што парушэнні, звязаныя з пратэрміноўкай падачы дэкларацыі, былі своечасова выпраўленыя, а арганізацыя сапраўды знаходзіцца па ўказаным юрыдычным адрасе.


Свабода сходаў

Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» па-ранейшаму накладаў празмерныя абмежаванні на свабоду сходаў. Арганізатары любога планавага публічнага мерапрыемства павінны паведамляць пра «крыніцы фінансавання», і яны не маюць права інфармаваць пра сваё мерапрыемства грамадскасць да таго часу, пакуль не будзе атрыманы афіцыйны дазвол, які часам выдаецца ўсяго за пяць дзён да акцыі. Улады рэгулярная адхілялі заяўкі на правядзенне публічных мерапрыемстваў па тэхнічных прычынах.

■ Улады горада Брэста адмовілі сябру незалежнага прафсаюза РЭП Аляксандру Дзенісенку у дазволе на правядзенне 17 сакавіка акцыі пратэсту супраць росту коштаў на паслугі ЖКГ. Падставай для адмовы паслужыла тое, што ён не дамовіўся з міліцыяй, хуткай дапамогай і мясцовымі ўладамі пра ўборку тэрыторыі і ўстаноўку прыбіральняў. Аляксандр Дзенісенка абскардзіў рашэнне мясцовых уладаў у судзе першай інстанцыі, судзе наступнай інстанцыі, раённым судзе і Вярхоўным судзе, і ўсе яны пакінулі рашэнне мясцовых уладаў у сіле.


Смяротнае пакаранне

У Беларусі працягвалі караць смерцю людзей ва ўмовах татальнай сакрэтнасці. Ні саміх асуджаных ні іх сваякоў не папярэджваюць пра выкананне прысудаў загадзя. Цела не перадаюць сваякам для пахавання і не паведамляюць ім пра месцазнаходжанне магілы. З моманту расстрэлу да атрымання афіцыйнага пасведчання аб смерці могуць мінуць тыдні, а часам і месяцы.

■ У сакавіку расстралялі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава па абвінавачванні ў арганізацыі серыі выбухаў, апошні з якіх прагрымеў на станцыі метро ў Мінску 11 красавіка 2011 года. Меліся сур'ёзныя сумневы ў справядлівасці судовага працэсу па іх справе. Як і ў выпадку з Васілём Юзэпчуком і Андрэем Жуком (пакараныя ў сакавіку 2010 года), а таксама ў выпадку з Андрэем Бурдыка (пакараны ў ліпені 2011 года), улады праігнаравалі просьбу Камітэта ААН па правах чалавека адкласці пакаранне Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава да таго часу, пакуль Камітэт не азнаёміцца ​​з іх справай.


Даклады Amnesty International аб сітуацыі ў краіне / візіты

Belarus must release bodies of convicts executed over Minsk metro bombing («Уладам Беларусі варта перадаць сваякам целы пакараных за выбух у мінскім метро», на англ. м.), індэкс AI: PRE01/146/2012.

Belarus: Continuing Human Rights Concerns Submission to the 20th session of the United Nations Human Rights Council («Беларусь: пытанні, якія па-ранейшаму выклікаюць занепакоенасць AI ў сувязі са становішчам у галіне правоў чалавека. Матэрыялы для 20-й сесіі Савета ААН па правах чалавека», на англ. м.), індэкс AI: EUR 49/006/2012.

Still behind bars: The plight of long-term prisoners in Belarus («Усё яшчэ за кратамі: лёс беларускіх вязняў, якія даўно адбываюць тэрміны», на англ. м.), індэкс AI: EUR 49/013/2012.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international