Штраф за «Пагоню» на гаўбцы — 200 тысяч

2013 2013-05-22T10:37:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адміністрацыйная камісія Глыбоцкага райвыканкаму аштрафавала былога настаўніка матэматыкі Мар’яна Місевіча за тое, што ён размаляваў свой гаўбец пад нацыянальны сьцяг ды прымацаваў на ім «Пагоню». У пратаколе гэта было названа «парушэньнем архітэктурнага рашэньня» будынка. Спадара Місевіча пакаралі штрафам памерам 2 базавыя велічыні — 200 тысяч рублёў.

Сярод чальцоў адміністрацыйнай камісіі жыхар пасёлка Падсьвільле Мар’ян Місевіч пазнаў Аляксандра Латышонка — галоўнага архітэктара раёну, які складаў адміністрацыйны пратакол за «парушэньне архітэктурнага рашэньня» жылога дома.

Дому ўжо 40 гадоў, ён ні разу не рамантаваўся. Гаўбцы ва ўсіх рознакаляровыя. Але ж ён стаіць у Падсьвільлі на вуліцы Савецкай, у самым цэнтры, побач з крамай, банкам ды адміністрацыйнымі будынкамі. Таму гаўбец Мар’яна Місевіча, бел-чырвона-белы, зь беларускім арнамэнтам ды «Пагоняй» у цэнтры, безумоўна, кідаўся ў вочы.

Гаспадар гаўбца дэманстраваў, што ён шануе беларускую сымболіку. Аднак адміністрацыйная камісія размоваў на патрыятычныя або палітычныя тэмы пазьбягала, апавёў спадар Місевіч:

Іх ні сымбалі беларускія гістарычныя, ні што іншае такое не цікавіла! Чытаюць артыкул ды пытаюцца: згодзен з пратаколам? Ня згодзен. Рабіў? Рабіў! Каесься? Не! Тады, кажуць, раз упершыню, то даем штраф дзьве базавыя

«Іх ні сымбалі беларускія гістарычныя, ні што іншае такое не цікавіла! Чытаюць артыкул ды пытаюцца: згодзен з пратаколам? Ня згодзен. Рабіў? Рабіў! Каесься? Не! Тады, кажуць, раз упершыню, то даем штраф дзьве базавыя. Адна толькі спадарыня, сымпатычная, загарэлая, патрабавала 10 базавых. Я кажу: „Вы ж таксама заканадаўства парушаеце. Ведзяце пасяджэньне на расейскай мове, а я з вамі па-беларуску размаўляю“. Сказалі, што ім гэта дазваляецца. Яшчэ прасіў, каб да матэрыялаў справы далучылі ў пісьмовым выглядзе прамову маю, „апошняе слова“. Дык не ўзялі!»

У гэтай прамове Мар’ян Місевіч хацеў сказаць пра тое, што ў сучаснай Беларусі нішчыцца беларуская мова і зьневажаюцца беларускія сымбалі. Інакш чаму яго караюць за перафарбаваны гаўбец? Дарэчы, ён прынёс на пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі тую самую «Пагоню», запэцканую чырвонай фарбай. Бо ягоны гаўбец цішком, без узгадненьня з гаспадаром, перафарбавалі ў чырвоны колер мясцовыя камунальнікі.

Кіруе камунальнай гаспадаркай у Падсьвільлі былы начальнік Глыбоцкай раённай міліцыі. У камісіі сказалі, што спадар Мар’ян Місевіч можа падаць на яго ў суд, калі лічыць дзеяньні кіраўніка ЖКГ незаконнымі.

Але спадар Місевіч рабіць гэта лічыць немэтазгодным: «Бог яму судзьдзя, ён жа сьвятыню папэцкаў! Але зьвязвацца зь ім ня буду! Ведаю, што ў нас 11 чалавек ні за што сядзяць і нічога давесьці не змаглі! Ня веру я ў наша правасудзьдзе! Увогуле, вам самае разумнае было — мяне не чапаць! Мы во толькі выйшлі, пачалі мяне фатаграфаваць, і тут жа міліцыянт бяжыць: „Што вы тут робіце?“ Так што не, хлопцы! З вамі толькі зьвяжыся...»

Журналістаў, якія хацелі прысутнічаць на пасяджэньні камісіі, туды не дапусьцілі. Было заяўлена, што на гэта патрабуецца нейкі натарыяльна завераны дазвол.

Што да спадара Місевіча, дык ён, сьмеючыся, кажа, што зьвернецца да беларускага народу, каб дапамаглі сабраць грошы на штраф. І распавядае, што «Пагоня» ды бел-чырвона-белы сьцяг усё адно зь ім побач назаўжды: забаранілі на гаўбцы, дык яны засталіся і ў ягонай кватэры, і на лецішчы. І няхай усе бачаць, што гаспадар — беларус.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international