Людзі Плошчы

2013 2013-05-21T10:23:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tamkovich-varshava.jpg
Прэзентацыя кнігі А. Тамковіча  «Жыццё пасля турмы». Варшава, 20 траўня 2013 г.

Прэзентацыя кнігі А. Тамковіча «Жыццё пасля турмы». Варшава, 20 траўня 2013 г.

У Варшаве прайшла прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча пра палітвязняў «Жыццё пасля турмы».

Кніга складаецца з 27 нарысаў і гутарак з удзельнікамі трагічных падзей 19 снежня 2010 года, якія пасля разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў трапілі за краты, а таксама з іх роднымі і блізкімі. «Жыццё пасля турмы» - гэта працяг зборніка «Супраць плыні», які быў выдадзены ў 2012 годзе. У новай кнізе распавядаецца пра тое, як жывуць былыя палітвязні праз два гады пасля Плошчы. На мерапрыемстве, якое адбылося ў Беларускім доме ў Варшаве, выступіў аўтар кнігі - журналіст Аляксандр Тамковіч, а таксама былыя палітвязні Наталля Радзіна, Зміцер Бандарэнка, Зміцер Дрозд, Уладзімір Кобец, Аляксандр Атрошчанкаў і Алесь Міхалевіч.

На пачатку мерапрыемства аўтар кнігі распавёў гісторыю яе стварэння.

«Жыццё пасля турмы» - працяг кнігі «Супраць плыні». У ёй апісаныя гісторыі практычна тых жа людзей, толькі праз два гады пасля Плошчы. Тую кнігу мы задумалі яшчэ з Алесем Бяляцкім. Першыя нарысы мы зрабілі, калі ён яшчэ быў на волі. На жаль, потым давялося дапісваць яе без яго з-за арышту. Другая кніга таксама пісалася без Бяляцкага», - сказаў Аляксандр Тамковіч.

«Жыццё пасля турмы» праілюстравана ўнікальнымі фотаздымкамі з сямейных альбомаў былых палітвязняў. Усе здымкі, а іх, па словах аўтара больш за 200, былі прадэманстраваныя падчас прэзентацыі.

Галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна адзначыла, што гэтая кніга вельмі важная для сённяшняй Беларусі.

«На самой справе, тое, што вы робіце, вельмі важна сёння ў Беларусі. На жаль, тэма палітвязняў адыходзіць на задні план. Прайшло ўжо два з паловай гады, людзі застаюцца за кратамі, іншыя яшчэ не адышлі ад турмы. І калі мы не будзем нагадваць жыхарам Беларусі, апазіцыі, праваабаронцам і людзям на Захадзе пра тое, што ў нашай краіне ў турмах знаходзяцца палітвязні, пра неабходнасць іх вызвалення, то ўсё так і застанецца. Што тычыцца кнігі, то, на мой погляд, «Жыццё пасля турмы» - вельмі добрая назва. Неабходна пісаць пра тое, што з намі адбываецца пасля вызвалення, таму што ва ўсіх нас жыццё моцна змянілася. У першыя хвіліны пасля таго, як я выйшла з турмы, гэта было для мяне шчасцем. Шчасцем ад таго, што ты на волі. Але калі прайшоў дзень, два, месяц, я зразумела, што выйшла з маленькай турмы ў вялікую. Таму мы павінны змагацца і далей. Шмат хто з нас вымушаныя зараз знаходзіцца ў эміграцыі, але мэта ў нас адна - каб краіна стала свабоднай», - заявіла Наталля Радзіна.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка падкрэсліў, што «Жыццё пасля турмы» - унікальны зборнік гісторый беларусаў.

«Калі я ляжаў у шпіталі, жонка перадала мне некалькі часопісаў, у тым ліку «Караван историй». У ім былі апавяданні пра расейскіх музыкаў, спевакоў. І напісаныя яны былі з любоўю, з павагай. На самай справе, ёсць шмат гісторый пра розных герояў, пра вядомых людзей з розных краін. У Беларусі такога няма. Не пішуць такіх гісторый, не здымаюць фільмы. На дзяржаўным узроўні не паведамляецца ні пра каго, акрамя аднаго чалавека. Тое, што пра беларусаў не пішуць нічога добрага, што нічога не застаецца для нашчадкаў - гэта яшчэ адно злачынства рэжыму.

Калі я прачытаў першыя кнігі Аляксандра Тамковіча, то падумаў, што гэта і ёсць наш «караван гісторый». Ён піша пазітыўна пра кожнага - пра Бандарэнку, пра Дзмітрыева, пра Някляева - пра ўсіх. Гісторыкі потым разбяруцца, жыццё разбярэцца, чытач таксама разбярэцца. Я лічу, што гэта першы канцэнтраваны пазітыўны праект пра Беларусь і пра беларусаў. Вось за гэта я хацеў бы падзякаваць Аляксандра Тамковіча», - адзначыў Зміцер Бандарэнка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international