viasna on patreon

Чарговы смяротны прысуд. Падумайце пра гэта!

2013 2013-05-20T23:10:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovichsupracsp.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

З паведамлення пракуратуры Магілёўскай вобласці 30 красавіка стала вядома пра вынясенне ў Беларусі чарговага смяротнага прысуду. З 2011 года гэта быў першы падобны прысуд. Некаторыя заходнія палітыкі нават  называлі адсутнасць новых смяротных прысудаў на працягу 2012 года “пазітыўнай тэндэнцыяй”.     

Асабліва актуальна вынесены прысуд выглядае на фоне актывізацыі стасункаў афіцыйнага Менска з Радай Еўропы. Як вядома, асноўнай умовай аднаўлення статуса спецыяльна запрошанага для Беларусі гэтая арганізацыя называла ўвядзенне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў. Аднак пакуль у крымінальным кодэксе прысутнічае такі від пакарання, як выключная мера, суддзі будуць прыгаворваць людзей да смерці. Адпаведна, пакуль у краіне няма мараторыя на выкананне такіх прысудаў, каты будуць страляць прыгавораным людзям у патыліцу з растрэльнага пісталета ў сутарэннях менскага СІЗА МУС. Гэта нашая рэчаіснасць. У самой краіне, прынамсі, публічна пра жаданне аднаўлення статуса спецыяльна запрошанага, не кажучы ўжо пра сяброўства ў Радзе Еўропы, ніхто не гаворыць. Пазіцыя кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытанні таксама пакуль што выглядае досыць паслядоўнай – народ супраць адмены смяротнага пакарання і выказаўся за захаванне гэтай меры на рэферэндуме ў 1996 годзе. Што да народа, дык падобна, што пасля скалынуўшага ўсю краіну расстрэла Канавалава і Кавалёва грамадская думка вярнулася ў сітуацыю да тэракту ў менскім метро. Пасля вынясення смяротнага прысуду па гэтай справе вялікая колькасць грамадзянаў выступала супраць смяротнага пакарання, што, на маю думку, стала хутчэй вынікам агульнага недаверу да вынікаў следства, недаверу да праваахоўных органаў і судоў у прынцыпе, а таксама “персаніфікацыі” прыгавораных да смерці праз вялікі грамадскі рэзананс самой справы.

Новы смяротны прысуд не выклікаў вялікага рэзанансу ў краіне, пра яго ўзгадалі хіба некалькі незалежных выданняў і праваабаронцы. Збольшага гэта звязана з адсутнасцю інфармацыі пра гэтую справу, пра асобу самога асуджанага.  У адрозненні ад публічнасці справы Канавалава і Кавалёва, гэтая справа мае зусім непублічны характар. Афіцыйныя органы не называюць нават прозвішча асуджанага. Трэба адзначыць, што адсутнасць галоснасці ў пытаннях, звязаных з вынясеннем і асабліва выкананнем смяротных прысудаў, з’яўляецца тыповай сітуацыяй для Беларусі. Статыстыку выкананых прысудаў немагчыма здабыць у публічным доступе, не кажучы ўжо пра іншыя аспекты, датычныя гэтага пытання.

Што вядома пра новы смяротны прысуд? Праваабаронцам ужо вядома прозвішча прыгаворанага – Юзэпчук. Таксама вядома, што ён 1969 года нараджэння, ураджэнец Жытомірскай вобласці, без пэўнага месца жыхарства, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку за забойства. Юзэпчук і яшчэ адзін ягоны сукамернік (асуджаны да 16 гадоў пазбаўлення волі) былі асуджаныя за забойства свайго сукамерніка. Усе ўтрох нібыта вырашылі згуляць у даміно – на жыццё. Таго, хто прайграў, задушылі, загадзя паведаміўшы яму пра дзень ягонага забойства. Жахлівае і бессэнсоўнае злачынства, без нейкіх яўных матываў, проста так. Адметнасцю гэтага забойства стала тое, што яно было здзейснена ў нетрах пенітэнцыярнай сістэмы. Прычым ва ўмовах асаблівага рэжыму, у так званай “крытай турме”, што прадугледжвае асабліва ўзмоцнены нагляд за асуджанымі. У мяне асабіста ўзнікае пытанне да працы адміністрацыі дадзенай установы, наглядчыкаў, псіхолагаў і іншых адказных асобаў. Як яны забяспечвалі ахову жыцця і здароўя асуджаных, якія знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету? Хоць, вядома, гэта зусім не здымае адказнасці з саміх злачынцаў.

Але хто адкажа мне, у чым цяпер сэнс забойства самога Юзэпчука? Які  “выхаваўчы эфект” яно мусіць займець у грамадстве, калі большасць ягоных жыхароў не тое што не ведае, а нават і не чула пра тое, што адбылося? Як гэтае забойства паўплывае на змяншэнне ўзроўню злачынстваў супраць асобы ў краіне? Атрымліваецца, што цяпер дзяржава сыграла ў даміно з самім Юзэпчуком, толькі ў яго няма шанцаў выйграць у гэтай гульні. Такое ж бессэнсоўнае, хладнакроўнае забойства, якое не мае нічога агульнага з правасуддзем і справядлівасцю. Адзінае, што яго адрознівае ад забойства, якое здзейсніў сам Юзэпчук, гэта тое, што цяпер яно будзе здзейснена ад імя Рэспублікі Беларусь. Я глыбака перакананы, што дзяржава не павінна забіваць сваіх грамадзянаў, бо інакш яна становіцца на адну прыступку з тымі, каго яна забівае, са злачынцамі. Ізаляваць небяспечнага для грамадства чалавека можна іншым чынам, не пазбаўляючы яго жыцця.

Вынесены Магілёўскім абласным судом прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Тэарэтычна асуджаны на смерць мае магчымасць абскарджання прысуду ў касацыйнай інстанцыі – калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага  Суда Рэспублікі Беларусь. Пасля, у выпадку адхілення скаргі, прысуд неадкладна ўступіць у законную сілу. Далей - толькі наглядная скарга на ўступіўшы ў сілу прысуд на імя Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ці Генеральнага пракурора і прашэнне аб памілванні на імя А. Лукашэнкі. Аднак, як паказвае практыка, шанцы на ўратаванне жыцця ў Юзэпчука наўрад ці ёсць. Нават спецыяльныя механізмы абароны ААН не спыняюць гэты канвеер смерці.

Выступаючы за смяротнае пакаранне, памятайце, што ў краіне, дзе адстунічае грамадскі кантроль за дзейнасцю праваахоўных органаў, дзе адсутнічае інстытут незалежнай адвакатуры, а судовая сістэма скрайне залежная ад органаў выканаўчай улады, на месцы прыгаворанага да смерці можа апынуцца кожны з нас. Падумайце пра гэта!

Адмыслова для сайта spring96.org
Валянцін Стэфановіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства