За папрок на адрас міліцыянта — пратакол “за абразу”

2013 2013-05-16T14:32:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicyjant-5.jpg

На мінулым тыдні адразу некалькі інфармацыйных сайтаў апублікавалі ліст мінчаніна Андрэя. Згодна з ім, хлопец 9 траўня ішоў у раёне Зялёны луг са сваёй дачкой. Ля дыспетчарскай станцыі пабачыў машыну ДАІ, і інспектараў, якія размаўлялі са старым дзедам. Маўляў, той перайшоў дарогу на чырвонае святло. Андрэй міма не прайшоў. У выніку разам са сваім чатырохгадовым дзіцём правёў некалькі гадзін у Савецкім РУУС і атрымаў пратакол аб “абразе службовай асобы”.

У сталічнай ДАІ Еўрарадыё пацвердзілі, што гісторыя насамрэч адбылася. Там расказваюць, што ветэрана ніхто штрафаваць не збіраўся, проста паразмаўлялі з дзядулем.

“Супрацоўнік наш абсалютна адэкватны. Ніколі да яго не было ніякіх прэтэнзій ні ад каго. І ветэрана гэтага не штрафавалі. Была праведзеная тлумачальная праца, высветленыя прычыны, чаму ён пераходзіў вуліцу на чырвонае святло”.

А вось да мінчаніна Андрэя прэтэнзіі ёсць. Міліцыянты гавораць, што ён накінуўся на супрацоўнікаў ДАІ з лаянкай, абражаў іх. А таму быў адвезены ў пастарунак, дзе на “хулігана” склалі пратакол і адпусцілі. У дадатак, у ДАІ ставяць пад пытанне цвярозасць “хулігана”. Версію калег амаль слова ў слова паўтарае журналістам і прэс-сакратар сталічнага ГУУС Аляксандр Ластоўскі.

Еўрарадыё знайшло “крыўдзіцеля” даішнікаў. Ім аказаўся 31-гадовы інжынер-праграміст, выпускнік БДУІР. Ён па-ранейшаму настойвае на сваёй невінаватасці. Кажа, што нікога не абражаў, а за дзядулю заступаўся не проста так.

“Дзядуля стаяў вочы апусціўшы. Я даішнікам кажу, што свята, а яны тут такое робяць, спынілі старога. Яны мне — ідзі, маўляў, цябе гэта не тычыцца. Як гэта мяне не тычыцца?”.

Па версіі Андрэя, міліцыянты усё ж складалі пратакол на дзядулю. У якасці аргумента ён прыводзіць той факт, што ДАІ заяўляе пра гатоўнасць прыцягнуць старога ў якасці сведкі. “Я шукаў дзядулю, але не знайшоў. Не з плакатам жа мне стаяць там. А ДАІ знайшло ў момант. Значыць — “прабілі” па сваёй базе, мелі яго пашпартныя дадзеныя”, — расказвае “хуліган”.

З пратаколам аб абразе службовай асобы Андрэй таксама не згодны. Паперы ў РУУС ён падпісаў, пазначыўшы пры гэтым, што мае заўвагі.

“Я напісаў, што з пратаколам не згодны. І коратка — 3-4 радкі — апісаў, што заступіўся за дзядулю, пасля чаго мяне з дзіцём затрымалі”.

Не пагаджаецца інжынер і з асноўным козырам “пакрыўджаных” ім праваахоўнікаў. Андрэй настойвае, што быў цвярозы. І дадае, што ніякай экспертызы на ўтрыманне алкаголю ў крыві ніхто не праводзіў.

“Гэта няпраўда. Я не быў п’яны. Экспертызу ніхто не праводзіў. Мяне затрымалі, у аддзяленні казалі — сюды не хадзі, туды не хадзі. Усё. Ніякай экспертызы ніхто не праводзіў, ні ў якую трубку я не дыхаў. Я ўвогуле алкаголь амаль не ўжываю”.

Вырашыць спрэчку паміж інжынерам і даішнікамі павінен суд. Паседжанне адбудзецца 17 траўня ў 10 гадзін у судзе Савецкага раёна. Андрэю пагражае да 5 мільёнаў штрафу.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international