У Магілёве разбураецца капліца на масавым пахаванні нямецкіх салдат Другой сусветнай вайны

2013 2013-05-12T00:38:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На могілках салдат вермахта на тэрыторыі Любускага лесапарку Магілёва разбураецца каплічка. На памятным знаку выгаралы на сонцы надпіс не прачытаць. Навокал абгароджанай тэрыторыі — смецце, у выходныя тут ладзяцца гульбішчы. Гэта — адзінае ў горадзе абазначанае пахаванне салдат пераможанай 68 гадоў таму краіны.

Брацкая магіла двухсот нямецкіх ваеннапалонных — на ўскрайку Любускага лесапарку. За 200 метраў — пасёлак завода імя Кірава. Двухпавярховыя будынкі, што ля лесу, засталіся з часоў Другой сусветнай вайны. У адным з іх месціўся шпіталь. Ля дамоў і брацкая магіла з помнікам салдатам Чырвонай арміі — тэрыторыя побач дагледжаная і прыбраная да 9 мая.

На агароджанай тэрыторыі нямецкага пахавання таксама смецця няма, толькі леташняе апалае лісце. Летась дзверы каплічкі былі пакрытыя надпісамі, цяпер іх зафарбавалі. Сама ж капліца засталася недагледжанай — цэгла рассыпаецца, дах дзіравы. Памятны знак мае патрэбу ў рамонце, крыж таксама даўно не фарбаваўся.

Ля брацкай магілы гутару са старажылам пасёлку, які назваўся Усеваладам Уладзіміравічам. Ён цвердзіць, што тэрыторыя нямецкіх могілак раней была значна большая, і цяпер тая частка, якая апынулася па-за агароджай — месца для масавых папоек: «Яго зменшылі. Раней тут магілкі былі, нічога цяпер няма. Рабілі абы для прыліку. Не так, як у Нямеччыне. Наогул я іду і гляджу, што творыцца ў нас у лесе, — гэта ж жах, гэта злачынства — адны бутэлькі, скрынкі. Ой, Божа!.. Немцам жа таксама трэба было паміраць, як і нашым. Гэта ўсё правадыры гналі на бойню людзей».

Ля нямецкіх могілак вырасла не адно пакаленне жыхароў пасёлку. Пра тое, што капліца, узведзеная крыху больш за дваццаць гадоў таму, разбураецца, а вакол могілак усё засмечана, людзі ведаюць. З некаторымі з іх гутару непадалёк ад помніка савецкім салдатам.

Спадарыня сталага веку: «Нехта ж павінен гэта ўсё даглядаць. Наогул, і даглядаюць. Там жа смецця было шмат, дык прыбралі. Разбураецца цэгла, але ж ніхто не падумае, што неяк трэба яе падрабіць. Там ляжала столькі салдат, што не падлічыць».

Спадарыня: «Хто цяпер туды будзе хадзіць? Цяпер сюды зусім мала прыходзяць, абы толькі для прыліку. Прыходзіць сюды дужа мала людзей».

Спадар: «Мы ж на нямецкія могілкі не водзім унукаў, а водзім вось сюды».

Карэспандэнт: «А чаму на нямецкія не водзіце?»

Спадар: «А што ім патлумачым? Чаму на нямецкія? Яны ж сваім розумам не зразумеюць. А тут трэба, каб паважалі загінулых».

Даглядае нямецкае пахаванне жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак № 8. Іх задача, як паведамілі ў адміністрацыі, — прыбраць тэрыторыю. Што да капліцы, то яны за яе не адказваюць і не ведаюць, на чыім яна балансе.

У Магілёве некалькі нямецкіх салдацкіх пахаванняў. Ведаюць пра іх альбо спецыялісты, альбо старажылы. Гэтыя пахаванні ніяк у горадзе не абазначаныя. Пра некаторыя з іх стала вядома, калі Народны саюз Нямеччыны па доглядзе за ваеннымі магіламі пачаў перапахаванне салдат. Сітуацыю з салдацкім пахаваннем у Любускім лесапарку ў гэтай арганізацыі тлумачаць гэтак: «Калісьці гэтую капліцу ўзвёў чалавек без усялякага праекту, гэта былі не мы. І яна нідзе не стаіць на ўліку. І вось трэба рашыць, ці яе знесці, бо стан яе не дужа якасны, ці рамантаваць. Вось гэта самая складаная праблема — узгадненне рамонту. Мы пакуль рашучых дзеянняў не робім. Могілкі ж там прыбраныя, так жа? Я пастараюся больш даведацца пра стан прылеглай тэрыторыі, бо гэта не вельмі прыгожа».

2 ліпеня 2010 года пад Бабруйскам у вёсцы Чарніцы асвяцілі зборныя нямецкія салдацкія могілкі. На іх перапахаваныя астанкі блізу трыццаці тысяч салдат вермахта з Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Яшчэ адны падобныя могілкі знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці ля райцэнтра Бяроза. Адкрылі і асвяцілі іх у 2005 годзе. У Народным саюзе Нямеччыны сцвярджаюць, што за час існавання зборных нямецкіх могілак фактаў іх апаганьвання зафіксавана не было.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international