Усясьветны дзень інвалідаў адзначаўся 22 сакавіка

2007 2007-03-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода высьвятляла, наколькі складана сёньня жыць людзям з абмежаванымі магчымасьцямі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі блізу паўмільёна інвалідаў. Зь іх 30 тысяч – маладыя людзі ва ўзросьце да 18 гадоў, яшчэ 4 тысячы – дзеці. Штогод інвалідамі ў Беларусі становяцца каля 50 тысяч чалавек.

У Беларусі абаронай правоў людзей з паталёгіямі займаюцца Беларускае таварыства інвалідаў, Асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў, а таксама Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

Старшыня Цэнтральнага савету асацыяцыі інвалідаў у вазках Сяргей Драздоўскі кажа, што лічбы афіцыйнай статыстыкі пра колькасьць інвалідаў у Беларусі заніжаныя як мінімум удвая: “Людзей з прагрэсуючымі паталёгіямі блізу 10% у любым грамадзтве, незалежна ад сацыяльнага клімату. Гэта ўсясьветная норма. Але ў нас рэаліі такія, што чалавек часта ня можа атрымаць інваліднасьць, таму што мэдыкам трэба трымаць справаздачу пра тое, што яны яго рэабілітавалі. Вось такая сыстэма. Мэдыкі самі прыдумваюць гэтыя нормы і самі рапартуюць. Лекарам невыгодна прызнаваць чалавека інвалідам. Паводле існуючай ідэалёгіі, яны абавязаныя інваліда лекаваць далей, клапаціцца пра яго. А гэта, натуральна, нікому не патрэбна. Таму лёгкія формы інваліднасьці ўсялякімі спосабамі хаваюцца”.

Выдаткі на жыцьцё ў інвалідаў часта большыя, чым у здаровых людзей. Вазкі, лекі, паслугі сядзелкі – ўсё гэта патрабуе вялікіх сродкаў. Між тым, пэнсіі хапае хіба толькі на аплату камунальных паслугаў ды тэлефону. Падчас вандроўкі ў Белаазёрск я завітаў да паэткі Ніны Мацяш. Толькі некалькі гадоў таму, як кажа спадарыня Мацяш, у яе “рассунуліся сьцены”: дзякуючы сябрам зьявіўся вазок з электрапрыводам, які стаўся істотнай палёгкай прыкаванай да крэсла жанчыны. Але Ніна Мацяш па-ранейшаму жыве са сьціплай пэнсіі. “Так, толькі пэнсія. Прычым, гэтая пэнсія ў мяне па інваліднасьці. У мяне ёсьць нейкія і заслугі, і прэміі, я заслужаны дзеяч мастацтваў. Але ўсе яны меншыя, чым пэнсія інвалідная. Спачатку я атрымлівала пэнсію як заслужаны дзеяч мастацтваў, але потым мне патэлефанавалі з пэнсійнага аддзелу і кажуць: Ніна Язэпаўна, можа давайце вазьміце вы даведку, што ўсё ж у вас першая група, вам тады будзе больш трошкі”.

Часам пацьвердзіць, што ты інвалід і, адпаведна, мае права на пэнсію, ня так проста. Як кажа Сяргей Драздоўскі, часта сытуацыі даходзяць да абсурду: “Пра што можна казаць, калі чалавеку з ампутаванай нагой, скажам, да калена, даводзіцца кожныя два гады праходзіць новую праверку, пераконваць, што ён сапраўды інвалід. Відавочна ж, што нага ўжо не адрасьце, але вось такая рэальнасьць. І гэта я кажу пра відавочныя факты. А пры больш схаваных формах даказаць штосьці часта і немагчыма”.

Інваліды кажуць, што маглі б самі зарабляць сабе на жыцьцё. Аднак колькасьць працоўных месцаў, дзе могуць прыдацца людзі ў вазках, мінімальная. У 90% выпадкаў інвалід ня можа самастойна выйсьці з дому, ня мае магчымасьці наведваць крамы і грамадзкія прыбіральні.

Іван Макараў колісь быў кіроўцам фуры, шмат езьдзіў па Заходняй Эўропе. Пасьля траўмы, атрыманай у аварыі, з аўто перасеў у вазок. Цяпер ён параўноўвае беларускія і эўрапейскія рэаліі: “Толькі цяпер ацаніў: і што аўтобусы там на прыпынках кладуцца “на пуза”, і што абсталяваныя прыбіральні літаральна на кожным кроку. І ўсё бясплатна. А што ў Менску? Прыбіральні ўмацаваныя як ваенныя форты – альбо глыбока ў падвалах, альбо дзесьці ўгары. Я ўжо не кажу пра тэхнічныя характарыстыкі мыліцаў ды інвалідных вазкоў. Сядзі дома ды плач сабе ў анучу…”

Паводле заканадаўства, інваліды ў Беларусі маюць шэраг ільготаў. Самыя распаўсюджаныя – зьніжкі на праезд у грамадзкім транспарце і ў аплаце камунальных паслугаў. Пэўныя катэгорыі інвалідаў маюць права на бясплатныя лекі. Дзеці-інваліды маюць права на бясплатныя лекі. Інваліды І і ІІ групы набываюць лекі з 90-працэнтнай зьніжкай, інваліды ІІІ групы – за палову кошту.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international