Мікалай Сілівончык абразіў Лукашэнку «ў стане непрытомнасьці»

2013 2013-05-08T16:06:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пры канцы красавіка Менскі гарадзкі суд на закрытым пасяджэньні пастанавіў прызнаць былога дыспэтчара электрасетак Брагінскага раёну Мікалая Сілівончыка вінаватым у абразе прэзыдэнта і распальваньні нацыянальнай варажнечы, зьдзейсьненых «у стане непрытомнасьці».

42-двухгадовага спэцыяліста зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі накіроўваюць на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь.

Родныя Мікалая Сілівончыка да апошняга спадзяваліся, што зь ім здарылася нейкая страшэнная памылка. І калі ня сьледчыя, то суд разьбярэцца ва ўсім, і Мікалая выпусьцяць зь Менскага сьледчага ізалятара, дзе ён знаходзіўся яшчэ зь мінулага году.

Марыя Сілівончык, маці Мікалая: «Сын сядзіць ужо амаль шэсьць месяцаў у СІЗА. Яшчэ 13 ліпеня мінулага году забралі яго з дому, не ўстанавіўшы яго вінаватасьць. І робяць яго ненармальным. Накіроўвалі ў Гомель у шпіталь на экспэртызу, і ён прыносіў паперку, што быў нармальны. А потым прыехалі ў Лоеў — так сьледчым захацелася — і забралі яго спачатку ў Гомель, а потым паклалі ў Менску ў шпіталь — тыя й далі заключэньне пра шызафрэнію і наагул, што ён у непрытомнасьці».

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:
«Мы пра гэта казалі неаднаразова, што разам са шматлікімі парушэньнямі правоў чалавека – прэвэнтыўныя затрыманьні, незаконныя прымяненьні адміністрацыйных санкцыяў да актывістаў грамадзянскай супольнасьці і палітыкаў – прымяняецца і незаконная псыхіятрыя. Гэта мае месца быць, улады выкарыстоўваюць гэтыя мэтады. Як яны выкарыстоўваліся па такім прызначэньні ў хрушчоўскія, брэжнеўскія часы, я ўжо не кажу пра сталінскія. І, вядома, з улікам таго, што сёньня ўсе экспэртныя ўстановы і праваахоўныя органы пад прэзыдэнтам, злоўжываньні ў гэтай частцы могуць мець месца. І яны адбываюцца час ад часу, калі неабходна менавіта заткнуць рот. Такому заўзятаму праўдашукальніку, які публічна выказвае свае сумненьні і крытыкуе ўладу маючых аж да кіраўніка краіны, яны спрабуюць стварыць вобраз такога кляўзьніка, чалавека, хворага на шызафрэнію. Што ён на глебе псыхічнага захворваньня рассылае шматлікія лісты, займаецца праўдашукальніцтвам і так далей». 

Карная псыхіятрыя — вядомы ад савецкіх часоў сродак барацьбы з іншадумствам.
2011 год. Аляксандар Круты падчас суду над Канавалавым і Кавалёвым прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, якая моцна пацярпела ад выбуху. Выступаючы ў судзе, ён задаваў шмат пытаньняў, запатрабаваў адкласьці працэс да ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. На шосты дзень пасьля пачатку працэсу яго затрымалі.
У пастанове пра затрыманьне Крутога гаварылася, што ў кабінэце адной з мэдустаноў Менску ён «наўмысна зьдзейсьніў хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і пагардай да нормаў маралі (...) выліў зьмесьціва двух слоікаў з мачой на галоўнага лекара».

7 сьнежня 2011 году судзьдзя Маскоўскага раёну Аляксандар Кострыкаў на закрытым пасяджэньні прызнаў Аляксандра Крутога псыхічна неўраўнаважаным і прызначыў яму прымусовае лячэньне. Крутога накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках.
Амаль праз год Аляксандар Круты вярнуўся дадому, але і дагэтуль застаецца пад наглядам псыхіятраў. Ён узяты на ўлік у псыханэўралягічным дыспансэры.

2012 год. У мінулым годзе ў віцебскай турэмнай вар’ятні прымусова кармілі праз зонд галадоўніка, палітвязьня Сяргея Каваленку, асуджанага на 2 гады і адзін месяц турмы за парушэньне парадку адбыцьця так званай «хатняй хіміі», якую атрымаў за вывешваньне нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. Пратэстуючы супраць незаконнага прысуду, Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку.

2007 год. Грамадзкую актывістку з Магілёва Крысьціну Шацікаву напярэдадні Дня Волі, 23 сакавіка, пасьля гутаркі ў Магілёўскай управе КДБ людзі ў цывільным гвалтам адвезьлі ў гарадзкі псыхіятрычны шпіталь, дзе трымалі некалькі дзён.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international