Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2013

2013 2013-05-07T09:52:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У красавіку сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі заставалася стабільна кепскай з відавочнай тэндэнцыяй да пагаршэння. За кратамі па-ранейшаму працягвалі ўтрымлівацца 11 палітычных зняволеных (Ігар Аліневіч,Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі, Яўген Васьковіч, Дзмітрый Дашкевіч, Мікалай Дзядок, Эдуард Лобаў, Арцём Пракапенка, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Францкевіч); 2 чалавекі працягвалі адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (Дзмітрый Мядзьведзь, Святаслаў Барановіч); 8 -- пакаранне ў выглядзе ўмоўных тэрмінаў ці з адтэрміноўкай выканання прысудаў (Сяргей Вазняк, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Марцалеў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Пачобут, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп). У статусе абвінавачаных па палітычна матываваных справах заставаліся 3 асобы – Алесь Міхалевіч, Антон Сурапін, Сяргей Башарымаў. Пад вартай у СІЗА КДБ утрымліваўся Андрэй Гайдукоў, абвінавачанне супраць якога можа насіць палітычна матываваны характар. Адносна 3 былых палітзняволеных у якасці кантролю і ціску выкарыстоўваўся ўстаноўлены судамі прэвентыўны нагляд (Павел Вінаградаў, Васіль Парфянкоў, Уладзімір Яроменак), яшчэ ў адносінах да 25 памілаваных і вызваленых датэрмінова -- прафілактычны нагляд.

Небяспечнай тэндэнцыяй красавіка стала вынясенне грамадскім і палітычным актывістам пракурорскіх папярэджанняў і папярэджанняў з боку КДБ пра магчымую крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. На працягу месяца падобныя папярэджанні атрымалі праваабаронца Тамара Сяргей (Мінск), актывіст партыі БХД Алег Аксёнаў (Магілёў) і актывіст грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Кузьмін (Белаазёрск). Наступным крокам можа стаць узбуджэнне крымінальных спраў па арт. 193.1 КК РБ, санкцыя якога прадугледжвае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў.
Працягваліся адвольныя затрыманні і арышты грамадскіх і палітычных актывістаў, журналістаў, значна была абмежаваная свабода сходаў і выказвання меркаванняў. Акрамя дазволеных уладамі “Чарнобыльскага шляху” ў Мінску і дэманстрацыі да 1 траўня ў Брэсце, усе астатнія мірныя сходы па ўсёй краіне былі забароненыя. Беларускі МЗС у трэці раз адмовіў у акрэдытацыі незалежнаму тэлеканалу “Белсат”, што працягнула практыку неспрыяльных умоваў працы журналістаў. Небяспечная тэндэнцыя з магчымымі доўгатэрміновымі наступствамі была закладзена прызнаннем экстрэмісцкім фота-альбому “Прэс-фота-2011” па відавочна  надуманых і абсурдных падставах. Працягваліся звальненні з працы актывістаў незалежных прафсаюзных суполак і практыка закрыцця грамадскіх арганізацый.

У сітуацыі адсутнасці рэальных механізмаў уплыву на сітуацыю з правамі і свабодамі ўнутры краіны і ўлічваючы значную залежнасць дадзенай сферы ад знешнепалітычнага фактару, вялікая ўвага ўдзялялася стасункам афіцыйнага Мінска з заходнімі краінамі, найперш Еўрапейскага Саюзу і ЗША. На працягу месяца прадстаўнікі беларускага знешнепалітычнага ведамства дэманстравалі нарошчванне кантактаў з еўрапейскімі дыпламатамі і палітыкамі.

1 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв’ю «РІА Навіны» і БелТА, што Беларусь гатова да дыялогу з ЕС, але без усялякага ціску і санкцый. Пытанні ўзаемадзеяння па лініі Беларусь — ЕС, у тым ліку ў кантэксце маючага адбыцца старшынства Літвы ў Еўрапейскім Саюзе, 9 красавіка Уладзімір Макей абмеркаваў з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Літоўскай Рэспублікі ў Мінску Эвалдасам Ігнатавічусам. 10 красавіка ў Віцебску У. Макей правёў перамовы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, па вініках якіх заявіў, што “адносіны Беларусі з ЕС не знаходзяцца ў тупіку”: “Ёсць яснае разуменне таго, што мы павінны заўсёды знаходзіць алгарытм дзеянняў, якія дазволяць нам, вырашаючы прынцыповыя праблемы, паступова рухацца па тых кірунках, якія магчымыя». Урэгуляваць усе спрэчныя пытанні паміж Беларуссю і Еўрасаюзам у адзін момант не ўдасца, але дыялог вельмі важны -- такую думку ў сваю чаргу выказаў Эдгарс Рынкевічс. «Тут у нас ёсць яшчэ вельмі шмат пытанняў, над якімі трэба папрацаваць. Гэта бачанне ЕС па некаторых аспектах дэмакратычных правоў і свабод, але разам з тым, што вельмі важна, мы пераходзім да абмеркавання гэтых пытанняў, да дыялогу, і я думаю, ёсць некаторыя пытанні, якія будуць прасоўвацца ў станоўчым рэчышчы. Мы будзем працягваць гэтыя перамовы і далей»,  -- адзначыў ён.

У рамках вiзiта ў Брусэль намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына 11 красавіка мела шэраг сустрэч, у тым ліку -- з членам Еўрапейскай камісіі па пытаннях пашырэння ЕС і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфанам Фюле і дырэктарам ЕСЗД па Расіі, «Усходняму партнёрству», рэгіянальнаму супрацоўніцтву і АБСЕ Гунарам Вігандам.

26 красавіку Уладзімір Макей прыняў Часовага паверанага ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Ітана Голдрыча. У ходзе сустрэчы Голдрычу было перададзена пасланне міністра замежных спраў Беларусі Макея дзяржаўнаму сакратара ЗША Дж. Кэры, у якім выкладзены перспектывы развіцця беларуска-амерыканскіх адносін.

Надзвычайная актывізацыя кантактаў прадстаўнікоў ЕС і ЗША з беларускім афіцыйным бокам, змест якіх так і заставаўся закрытым для грамадскасці, выклікала пытанне адносна магчымай змены пазіцыі і стратэгіі заходніх дэмакратый адносна уладаў Беларусі. Найперш паўстала пытанне, ці адмаўляюцца яны ад ранейшай прынцыповай пазіцыі, якая заключаецца ва ўзнаўленні стасункаў з афіцыйным Мінскам выключна пасля вызвалення палітвязняў. Гэтае пытанне набыло асаблівую вастрыню пасля таго, як на канферэнцыі ў Брусэлі “Дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам”, якая адбылася 9 красавіка, прадстаўнікі Еўрапарламента выказаліся за неабходнасць дыялогу з беларускімі ўладамі. У выніку 11 красавіка Петэр Стана, прэс-сакратар Штэфана Фюле, мусіў тлумачыць, што вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі застаецца абавязковай умовай вяртання Бруселя да нармальных адносін з Мінскам, а канферэнцыя “не з'яўляецца сур'ёзным паваротам у адносінах”.
Актывізацыя стасункаў ЕС і ЗША з беларускімі ўладамі давала некаторую надзею на магчымасць дасягнення пазітыўных дамоўленасцяў у пытанні вызвалення палітвязняў, але на працягу месяца не было зафіксавана ніякіх рэальных прыкмет паляпшэння ў дадзеным накірунку. А выніковасць дыпламатычных захадаў была пастаўлен пад сумнеў пасля выступлення А. Лукашэнкі 26 красавіка, калі ён заявіў: "Адназначна магу сказаць: у еўрапейцаў зацвердзілася жалезна, і ў асвечаных членаў нашай пятай калоны, што рэжым санкцый і ультыматумаў аказаўся не проста контрпрадуктыўным, а шкодным для самога Еўрапейскага Саюза". Паводле яго слоў, сёння стаіць пытанне аб тым, "як выйсці з тупіка, у які мы з еўрапейцамі трапілі не па нашай віне". "Вось пачынаюць: там - палітвязні. Я яшчэ раз кажу: мы за палітыку нікога не судзім, у нас няма палітычных артыкулаў. Крымінальшчына самая простая. Як выйсці з гэтага становішча, я ўжо сказаў, і адыходу тут ніякага не будзе. Хто хацеў быць на волі - ён сёння на волі. Хто хоча быць у турме і выйсці героем - Гасподзь з вамі, сядзіце там", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Такім чынам А. Лукашэнка фактычна заявіў, што ўлады Беларусі не маюць намеру ісці на кампрамісныя саступкі па найбольш прынцыповым для ЕС пытанні, што ў некаторым сэнсе ставіць пад сумнеў магчымасць аднаўлення паўнавартаснага дыялогу паміж Беларуссю і ЕС.

    

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

3 красавіка наваполацкі сябра аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Ілля Багданаў паведаміў, што ў канцы сакавіка пасля адпаведнага хадайніцтва адваката ён зноў пераведзены ў статус сведкі па справе “аб здрадзе дзяржаве”. Ён напачатку праходзіў па гэтай справе ў якасці сведкі, аднак напрыканцы 2012 года, падчас допыту следчы Алег Барысевіч паведаміў яму пра перавод у статус падазраванага. Па дадзенай справе абвінавачаным застаецца 23-гадовы аператар прадпрыемства «Нафтан» Андрэй Гайдукоў. 8 красавіка тэрмін утрымання яго ў СІЗА КДБ быў працягнуты яшчэ на месяц. Ніякіх падрабязнасцяў расследвання, якое цягнецца ўжо шосты месяц, дагэтуль няма. 29 красавіка стала вядом, што справу А.Гайдукова рыхтуюць да перадачы ў суд.

4 красавіка з ліста палітвязня Яўгена Васьковіча ягонай бабулі Тамары Ўладзіміраўне стала вядома, што да яго пачалі даходзіць лісты. У прыватнасці, ён атрымаў шмат лістоў падтрымкі і віншаванняў да Дня Волі. Таксама да яго дайшла перадача ад сваякоў, лёс якой доўгі час быў невядомы. Яўген таксама патлумачыў прычыну сваёй адмовы ад адваката. Паводле яго словаў, ніякі адвакат яму дапамагчы не зможа, а марнаваць грошы на тое, каб даведацца пра ягоны стан, пра што ён можа апісаць у сваіх лістах, ён лічыць бессэнсоўным.

6 красавіка стала вядома, што палітвязень Аляксандр Францкевіч  ужо больш за месяц знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Ён пачаў пісаць і ўжо даслаў некалькі апавяданняў Аляксандру Фядуту. Адзін аповяд філасофскі, а другі - фантастычны. 

6 красавіка Эдуарду Лобаву дазволілі сустрэцца з ксяндзом. Адбылося гэта пасля ўмяшальніцтва апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. За працэдурай споведзі назіралі некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі, таму споведзь прайшла літаральна моўчкі.

13 красавіка маці палітвязня Ігара Аліневіча паведаміла, што пасля выхаду ягонай кнігі пра ўтрыманне ў СІЗА КДБ і СІЗА на вул. Валадарскага ў Мінску «Еду ў Магадан» ад сына перасталі прыходзіць лісты. Тым не менш, выданне кнігі было жаданнем самога Ігара. 19 красавіка ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Ігара Аліневіча. 22 красавіка стала вядома, што Ігар Аліневіч правеў у штрафным ізалятары 20 сутак. 26 красавіка палітвязня ў наваполацкай калоніі наведаў адвакат. У выніку сталі вядомыя прычыны ўтрымання І. Аліневіча ў ШЫЗА: 10 сутак за тое, што адмовіўся прыбіраць туалет, яшчэ некалькі сутак дадалі адразу, як увайшоў у камеру — за тое, што павітаўся з сукамернікамі, што было расцэнена як незаконныя размовы. Потым яшчэ дадалі некалькі дзён за дробныя парушэнні.

14 красавіка былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч паведаміў у лісце, што зняволеным турмы №4 г. Магілёва ўпершыню выдалі прадугледжаныя законам сродкі гігіены, якіх палітвязень дабіваўся некалькі месяцаў. 20 красавіка стала вядома, што на Мікалая Статкевіча ў турме пачалася новая хваля ціску. Палітвязень перадаў на волю інфармацыю, што турэмшчыкі даюць яму ежу ў асобных, адмыслова пазначаных талерках, што не выключае спробаў яго атручвання.


Смяротнае пакаранне

2 красавіка Любоў Кавалёва, маці абвінавачанага ў здзяйсненні выбуху ў мінскім метро ў красавіку 2011 года і расстралянага Уладзіслава Кавалёва, паведаміла пра свае захады па высвятленні інфармацыі пра тое, якая структура выканала смяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом яе сыну. Любоў Кавалёва дасылала запыты пра гэта ў некалькі інстанцый. «Спачатку я напісала старшыні Камітэту дзяржбяспекі, бо Улада да апошняга трымалі ў СІЗА КДБ. Атрымала ліст за подпісам самога старшыні, Валерыя Вакульчыка, дзе напісана, што гэтае пытанне – па-за кампетэнцыяй КДБ. І што звяртацца трэба ў Вярхоўны суд, бо менавіта туды, паводле артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу,  прыходзіць паведамленне, што прысуд выкананы. Але намеснік старшыні Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч таксама адказаў, што гэта па-за іх кампетэнцыяй. І прапанаваў звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў. На запыт у ДВК я атрымала адказ зноў толькі са спасылкай на артыкул 175. У частцы 5 там згадваецца «установа, якая выконвае смяротны прысуд» – што яна мусіць паведаміць пра выкананне суду, які вынес такі вырак, а адтуль мусяць напісаць сваякам. Паведамленне з Вярхоўнага суду мы атрымалі, але дабіцца, што за «установа» займаецца расстрэламі асуджаных, пакуль не ўдалося», - распавяла Любоў Кавалёва.  24 красавіка маці і сястра Уладзіслава Кавалёва -- Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр -- звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі з патрабаваннем раскрыць ім месца пахавання Уладзіслава. Яны спаслаліся на рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, які прызнаў парушаным права на жыццё У. Кавалёва, а таксама звярнуўся да беларускіх уладаў з патрабаваннем раскрыць месца ягонага пахавання, расцэньваючы ўтойванне гэтай інфармацыі як жорсткае абыходжанне ў адносінах да родных.

 

Гвалтоўныя знікненні

2 красавіка следчы камітэт даслаў адказ на сумесны зварот Аб'яднанай грамадзянскай партыі і праваабаронцаў пра перспектывы расследавання знікненняў экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Адказ не ўтрымліваў ніякай інфармацыі па сутнасці расследавання і ягоных вынікаў, а з’яўляўся класічнай адпіскай без усялякіх намёкаў на зацікаўленасць у расследаванні гэтых злачынстваў.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый

1 красавіка быў адчынены новы офіс Праваабарончага цэнтра «Вясна». Знайсці новае памяшканне пад офіс пасля канфіскацыі папярэдняга было для арганізацыі вялікай цяжкасцю. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначыў, што, нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў, у сценах новага офісу арганізацыя будзе працягваць усе накірункі сваёй дзейнасці. З моманту канфіскацыі офісу ў лістападзе 2012 года праца “Вясны” не спынялася, нягледзячы на адсутнасць памяшкання. Грамадская прыёмная працавала ў офісе Руху “За свабоду” і Камітэта дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць”. Падчас адкрыцця офісу былі прэзентаваны аналітычныя выданні - штогадовы агляд-хроніка “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі” і “Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь”.

Увечары 2 сакавіка адбыўся несанкцыянавы доступ да сайта Магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”, у выніку якога невядомыя размясцілі тры правакацыйных артыкулы, у тым ліку -- публікацыю з пагрозамі ад імя праваабаронцы Барыса Бухеля незалежнаму журналісту Алесю Буракову. Невядомымі асобамі была ўзламаная бяспека сайта і замененыя паролі доступу да панэлі адміністратара (бэк-офісу). Апроч таго, была знішчана праваабарончая інфармацыя за апошнія два гады. 5 красавіка сайт  mahilyowspring.org  цалкам аднавіў сваю працу. Вернута выдаленая інфармацыя, знішчаныя паклёпніцкія артыкулы, спецыялісты заняліся павышэннем ягонай бяспекі.

9 красавіка 2013 года ў Мазыры быў абрабаваны прыватны дом праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна. Зламыснікі залезлі ў дом праз вакно, разбіўшы шкло ў двух рамах. Былі скрадзеныя інструменты, а таксама знік і Ордэн "Чарнобыльскі Крыж: Мужнасць. Годнасць. Гуманнасць", якім праваабаронца быў узнагароджаны Усеўкраінскай грамадскай арганізацыяй «Саюз Чарнобыль Украіны» ў 2011 годзе з нагоды 25-ых угодкаў аварыі на ЧАЭС. Уладзімір Целяпун у 1986 годзе прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў гэтай тэхнагеннай катастрофы. 26 красавіка Уладзіміра Целяпуна выклікалі ў Следчы камітэт, які займаўся справай аб рабаўніцтве, і вярнулі скрадзеную чарнобыльскую ўзнагароду. Астатнія рэчы да гэтага часу не былі знойдзены.

18 красавіка праваабаронца Леанід Судаленка падаў у суд Цэнтральнага раёна Гомеля пазоў да казны (Міністэрства фінансаў) аб кампенсацыі маральнай шкоды з-за невыканання ўладамі рашэння Камітэта па правах чалавека ААН. Маральную шкоду ён ацаніў у памеры заробку дэпутата парламента за чатыры гады паўнамоцтваў. У час выбараў дэпутатаў ПП НС у 2004 годзе праваабаронца не быў зарэгістраваны як кандыдат у дэпутаты, хоць і сабраў неабходную колькасць подпісаў выбаршчыкаў. Акруговая выбарчая камісія і ЦВК палічылі, што юрыст няправільна ўказаў сваё месца працы. Вярхоўны суд стаў на бок ЦВК, пасля чаго Леанід Судаленка накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. У 2010 годзе Камітэт прыйшоў да высновы, што ў дачыненні да аўтара скаргі дапушчаны парушэнні яго правоў прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў шляхам абрання на выбарах. Таксама Камітэт вырашыў, што ў дадзеным выпадку была прыменена  дыскрымінацыя па палітычных матывах. Камітэт абавязаў Беларусь даць аўтару эфектыўны сродак прававой абароны, а таксама разглядаць любыя будучыя хадайніцтвы аб яго вылучэнні кандыдатам у дэпутаты пры поўным выкананні палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

19 красавіка актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» спрабавалі перадаць Аляксандру Лукашэнку, які выступаў з пасланнем да Нацыянальнага сходу, петыцыю з просьбай разгледзець іх скаргі, паколькі яны шмат гадоў застаюцца без увагі чыноўнікаў і суддзяў. Праваабаронцу Тамару Сяргей і больш за 10 актывістаў да будынку Нацыянальнага сходу не дапусціла ахова прэзідэнта. Удзельнікаў акцыі міліцыя штуршкамі і пагрозамі прымусіла сысьці з плошчы Незалежнасці. 24 красавіка Генеральная пракуратура папярэдзіла праваабаронцу Тамару Сяргей аб адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі паводле артыкула 193 Крымінальнага Кодэксу РБ. 

25 красавіка прыкладна каля 21-00 гадзін быў узламаны сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна». Шляхам несанкцыянаванага доступу на сайце быў палярна зменены сэнс некаторых публікацый. Прычым гэта было здзейснена адразу на трох мовах сайта: беларускай, расейскай і англійскай. У прыватнасці, была замененая інфармацыя пра падпісанне Андрэем Курэйчыкам петыцыі супраць смяротнага пакарання — напісана, што ён падтрымаў смяротнае пакаранне. Былі замененыя коды на відэа, якое размешчанае на youtube : замест відэазвароту Андрэя Курэйчыка быў устаўлены відэаролік за захаванне смяротнага пакарання.Таксама заменена інфармацыя пра пазіцыю Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) — напісана тое, што яна выступае ў падтрымку дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Змены адбыліся і ў некаторых іншых матэрыялах. Цягам 30 хвілінаў супрацоўнікам інфармацыйнай службы “Вясны” ўдалося перадухіліць наступныя атакі і выправіць фальшывую інфармацыю..

25 красавіка гарадзенскага праваабаронцу і журналіста Уладзіміра Хільмановіча выклікалі ва Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці на 14 гадзін 26 красавіка.  Прадстаўнік КДБ растлумачыў прычыну выкліку наступным чынам: «у межах кампетэнцыі дзейнасці ўпраўлення КДБ». Уладзімір Хільмановіч атрымаў вуснае папярэджанне за асобныя артыкулы. КДБ лічыць, што некаторыя матэрыялы мяжуюць з дыскрэдытацыяй Беларусі. Падставай для папярэджання сталі публікацыі ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва”.

29 красавіка назіральнік-праваабаронца Вячаслаў Дашкевіч, затрыманы ў Мінску ўвечары 26 красавіка пасля санкцыянаванай уладамі акцыі "Чарнобыльскі шлях", быў асуджаны да пяці сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прыняў суддзя суда Савецкага раёна Дзмітрый Паўлючэнка. Назіральнік быў затрыманы, калі кіраваўся да РУУС Савецкага раёна Мінска, каб адсочваць дастаўку туды затрыманых удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”. В. Дашкевіч, згодна з пастановай суда, прызнаны вінаватым у непадпарадкаванні законным патрабаванням службовых асоб (ст.23.4 Адміністрацыйнага кодэкса).

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

25 красавіка наваполацкага актывіста Яўгена Парчынскага чалавек, які не прадставіўся, па тэлефоне выклікаў на "прафілактычную гутарку". Актывісту прапанавалі сустрэцца на вуліцы, а потым папрасілі сесці ў легкавую машыну, дзе ўжо знаходзіліся двое мужчын, а трэці прагульваўся вакол машыны. Ніводзін з трох сябе не назваў, нягледзячы на настойлівыя патрабаванні. Па словах спадара Парчынскага, з боку невядомых было шмат пытанняў пра іншых наваполацкіх апазіцыянераў і пра тое, якія мэты ў грамадскага аб'яднання "Свабодны рэгіён". Напрыканцы размовы актывіста папярэдзілі пра крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і за змест артыкулаў на сайце http://freeregion.info – у тым выпадку, калі там будуць размяшчацца матэрыялы зневажальнага ды паклёпніцкага зместу ў дачыненні Рэспублікі Беларусь. Я. Парчынскага таксама папярэдзілі пра адміністрацыйную адказнасць, калі будзе арганізавана нейкая акцыя да гадавіны Чарнобыльскай аварыі. Па словах актывіста, ён пазнаў аднаго з суразмоўцаў. Той часта наведваўся на розныя акцыі ў Наваполацку, але ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычнага руху не быў з ім знаёмы. Таму ў актывістаў ужо даўно склалася меркаванне, што ён – прадстаўнік спецслужбаў. Спадар Парчынскі паведаміў, што ніякіх дакументаў падчас гутаркі з асобамі ў цывільным не складалася, ніякіх афіцыйных папер яму падпісваць не прапаноўвалі.

29 красавіка актывіст БХД Алег Аксёнаў атрымаў другое папярэджанне ад Магілёўскага КДБ за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У гэты дзень раніцай актывісту патэлефанаваў следчы КДБ Махуноў, які запрасіў яго на сустрэчу ў будынак КДБ. Праз некалькі хвілін актывісту была дастаўлена позва. Старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Дзмітрыю Салаўёву было адмоўлена быць грамадскім прадстаўніком Алега Аксёнава падчас размовы ў КДБ. Гутарка са следчым КДБ Махуновым працягвалася каля гадзіны. Супрацоўнік спецслужбы паведаміў Алегу Аксёнаву, што нагодай для пастаноўкі на прафілактычны ўлік з’яўляецца дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – партыі БХД, а таксама дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацый – кампаніі па назіранню за выбарамі “За справядлівыя выбары” і Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл. У якасці доказу Махуноў прадаставіў раздрукоўкі з розных сайтаў, дзе ўзгадвалася прозвішча Аксёнава. Актывіст спрабаваў пераканаць следчага, што партыя БХД дзейнічае ад імя свайго аргкамітэта, аднак ён гэта адмовіўся разумець”. Акрамя Алега Аксёнава на прафілактычным уліку ў Магілёўскай абласной управе КДБ знаходзяцца актывістка БХД Тацяна Шамбалава і  старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў.

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

3 красавіка ў Слонімскі РАУС былі выкліканы сябры слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Бедка і Іван Шэга. Позву Івану Шэгу ўручылі на працы, а Івану Бедку прынеслі дадому. Маёр міліцыі Аляксандр Худзьо сказаў, што неабходна напісаць тлумачэнні адносна запуску на Дзень Волі шарыкаў. Іван Бедка і Іван Шэга адмовіліся пісаць тлумачэнні. 18 красавіка ў Слонімскім РАУС па факце ўдзелу ў святкаванні Дня Волі маёрам міліцыі Вадзімам Шчурскім былі дапытаны мясцовыя актывісты АГП браты Сяргей і Андрэй Бялько. Пісаць тлумачэнні адносна ўдзел у святкаванні сябры АГП адмовіліся. Па справе святкавання Дня Волі ў міліцыю быў выкліканы таксама пенсіянер Мікалай Барысік, якога дапытваў маёр міліцыі Ігар Клыбік. Мікалай Барысік адмовіўся ад усіх тлумачэнняў, адзначыўшы, што святкаванне Дня Волі – гэта яго асабістая справа. 22 красавіка ў Слонімскі РАУС выклікалі і дапыталі яшчэ двух чалавек за ўдзел у Дні Волі. Маёр міліцыі Ігар Клыбік дапытаў сяброў Віктара Марчыка і Альберта Глінніка. Пісаць пісьмовыя тлумачэнні Віктар Марчык і Альберт Гліннік адмовіліся. Усе ўдзельнікі святкавання Дня Волі былі ідэнтыфікаваны міліцыяй па здымках, якія з’явіліся ў інтэрнэце пасля мерапрыемства.  

4 красавіка былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які толькі 9 лютага быў вызвалены з арыштнага дома Баранавіцкага  следчага ізалятару №6, дзе адбываў пакаранне ў выглядзе 6 месяцаў пазбаўлення волі за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду, быў зноў абвінавачаны ў парушэнні ўстаноўленага судом нагляду. Суддзя Першамайскага суду Мінска Юрый Гарбатоўскі пакараў актывіста штрафам у памеры 8 базавых велічынь.

4 красавіка камісія па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста вынесла рашэнне аб накладанні штрафу на 18-гадовага Уладзіслава Бароўскага ў памеры 0,5 базавай велічыні. Такое рашэнне прынята камісіяй пасля разгляду матэрыялаў адміністрацыйнай справы адносна У.Бароўскага на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства). У. Бароўскі разам з актывістамі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгенам Хазіахметавым і Андрэем Шарэндам былі затрыманы  супрацоўнікамі міліцыі 18 сакавіка на вуліцы Маскоўскай побач з паркам Воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе ў гэты дзень быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг на ўстаноўленым на пастаменце бронетранспарцёры.

5 красавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска адбыўся чарговы суд над былым палітвязнем, актывістам “Маладога Фронту” Уладзімірам Яроменкам па абвінавачанні ў парушэнні ўмоў прэвентыўнага нагляду, устаноўленага судом. Паводле судовай пастановы, Уладзімір Яроменак не знаходзіўся ў сябе дома ў  прамежак часу з 21 гадзіны вечара да 6 гадзін раніцы 24 лютага. Справу разглядаў суддзя Юры Гарбатоўскі. Уладзімір Яроменак не прысутнічаў на працэсе, бо не быў праінфармаваны пра яго загадзя. 23 красавіка актывісту патэлефанаваў участковы інспектар і прапанаваў прыйсці да яго ў апорны пункт, патлумачыўшы, што ён асуджаны на 15 сутак арышту. 24 красавіка Уладзіміра Яроменка адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў адбыць пакаранне.

5 красавіка ў Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова на рашэнне суду Кастрычніцкага раёну, згодна з якім 25 сакавіка суддзя Іна Грабоўская пакарала яго пяццю суткамі арышту за быццам бы парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Правапарушэннем суддзя расцаніла раздачу Леанідам Аўтуховым разам з аднапартыйцам  Кастусём Смолікавым бюлетэня «Магістрат», прысвечанага Дню Волі. Скаргу  разглядала суддзя Ірына Смалякова. Леанід Аўтухоў хадайнічаў, каб разгляд адбываўся на беларускай мове, аднак суддзя гэтае хадайніцтва адхіліла. Як і пазнейшае хадайніцтва пра адвод суду, з якім выступіў актывіст. Суддзя Смалякова  пакінула рашэнне суду першай інстанцыі без зменаў.

9 красавіка актывіста руха «За свабоду» Яна Мельнікава, які пад бел-чырвона-белым сцягам віншаваў мінакоў з Днём Волі 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа сталіцы, выклікалі ў РУУС Савецкага раёна Мінска і склалі там адміністратыўны пратакол па ч. 2 арт. 23.34 КаАП (арганізацыя  несанкцыянаванай акцыі). 10 красавіка суддзя суду Савецкага  раёна Аксана Рэлява вынесла рашэнне аб накладанні штрафу ў памеры 22 базавых велічынь.

10 красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў грамадскую актывістку Ніну Багінскую  вінаватай у правядзенні несанкцыянаванай акцыі і аштрафаваў на 25 базавых велічынь. Актывістку затрымалі 25 сакавіка падчас малітвы каля Чырвонага касцёла сталіцы, калі жанчына разгарнула бел-чырвона-белы сцяг. Пастанову вынесла суддзя Таццяна Мотыль.

12 красавіка ў памяшканні ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама быў затрыманы мясцовы актывіст Пётр Іваноў. Перад гэтым ён у абласным ДАІ ў якасці сведкі даваў тлумачэнні палкоўніку Сцяпанаву па справе аб затрыманьні 16 лютага за акцыю (трымалі плякат са словамі "Свабоду" ў цэнтры Віцебску) сябраў БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава. Пры гэтым Іваноў прасіў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія ўдзельнічалі ў затрыманні (за парушэнне правіл дарожнага руху). За гэта на Пятра Іванова склалі адміністрацыйны пратакол за быццам бы свядома фальшывае паведамленне. Іванова прывезлі да будынку суду Першамайскага раёна, аднак затым міліцэйская машына  развярнуліся і паехала зноў у РАУС Першамайскага раёну Віцебску, дзе на яго склалі яшчэ адзін пратакол -- за парушэньне артыкулу 23.4 КаАП – непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы падчас выканання ёй службовых паўнамоцтваў. Судовы працэс пачаўся 15 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску. Суддзя Андрэй Прэйс задаволіў хадайніцтва Пятра Іванова аб удзеле ў працэсе адваката і перанёс разгляд справы. 17 красавіка актывіст атрымаў штраф у памеры 20 базавых велічынь па абвінавачанні ў паведамленіі непраўдзівых звестак у скарзе на парушэнне кіроўцам міліцэйскага аўтамабіля правілаў дарожнага руху. Другі штраф таксама ў памеры 20 базавых велічын – за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, якія гвалтам цягнулі яго ў суд за ілжэсведчанні. Ні ў першым, ні ў другім выпадку  Пётр Іваноў не прызнаў свае віны.

12 красавіка старшыня Мінскага гарадскога суда Уладзімір Пуціла  адмовіў лідэру АГП Анатолю Лябедзьку ў задавальненні касацыйнай скаргі на пастанову суддзі суда Савецкага раёна Мінска Дзмітрыя Паўлючэнкі, які завочна вынес рашэнне аб накладанні на яго штрафу яшчэ 15 студзеня.Тады палітыка аштрафавалі за раздачу грамадзянам інфармацыйных улётак з інфармацыяй аб адносінах АГП і яе прыхільнікаў да прыватызацыі дзяржуласнасці. Анатоль Лябедзька абскардзіў дадзенае рашэнне ў гарадскім судзе, аднак суддзя Валерый Камісараў 15 лютага  пакінуў скаргу без задавальнення. Пазіцыю сваіх калег падтрымаў і старшыня Мінскага гарадскога суда.

17 красавіка Віктару Івашкевічу забаранілі выезд з краіны ў сувязі са справай траўня 2012 года, калі работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка падала на яго ў суд за заклікі да еўрапейскіх кампаній байкатаваць беларускія нафтапрадукты. Тады суд абавязаў В.Івашкевіча выплаціць работніцы Мазырскага НПЗ 500 тысяч рублёў і абвергнуць заявы на сайце «Хартыі'97» з заклікам увесці эканамічныя санкцыі. Віктар Івашкевіч заплаціў «кампенсацыю» рабочай і праз паўгода яму быў дазволены выезд за межы краіны, аднак цяпер судовы выканаўца па гэтай справе паведаміў, што выезд палітыку зноў абмежаваны, паколькі ён да гэтага часу не абверг свае заявы ў СМІ.

17 красавіка віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі. Рашэнне Першамайскага райсуду, якое спрабаваў абскардзіць віцебскі актывіст КХП БНФ, засталося без зменаў – Сяргей Каваленка мусіць выплаціць 1 мільён штрафу, прысуджанага яму за дробнае хуліганства. Суддзя абласнога суду Ірына Смалякова падтрымала рашэнне суддзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісмярошкінай. Судом былі без пярэчанняў прынятыя факты, выкладзеныя ў міліцэйскіх пратаколах, у якіх указвалася, што Каваленка ішоў па праезжай частцы вуліцы 2-ая  Прадольная, і гэта парушэнне правіл дарожнага руху заўважыў міліцэйскі патруль, які пад'ехаў на машыне і зрабіў заўвагу. Сяргей Каваленка нібыта ў нецэнзурнай форме адмовіўся сысці на ходнік.

22 красавіка быў затрыманы актывіст моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» — «Zmena» Павел Вінаградаў, які напярэдадні вывесіў бел-чырвона-белы сцяг і партрэт палітвязня Мікалая Статкевіча над уваходам на станцыю метро «Няміга» ў Мінску. 23 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы П. Вінаградава па абвінавачанні ў парушэнні арт. 23.34. КаАП РП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла пастанову аб адміністрацыйным арышце П.Вінаградава тэрмінам 12 сутак.

26 красавіка у горадзе Астраўцы Гарадзенскай вобласці, дзе будуецца АЭС, двойчы быў затрыманы лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і журналісты Аляксандр Баразенка і Наста Яўмен, якія ехалі з палітыкам рабіць рэпартажы.

26 красавіка ў Мінску адбылася штогадовая мемарыяльная акцыя да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дэманстрацыя была дазволена Мінгарвыканкамам і праходзіла мірна. Аднак прадстаўнікі праваахоўных органаў не ўстрымаліся ад перашкодаў, і мерапрыемства суправаджалася затрыманнямі журналістаў і грамадскіх актывістаў. Прэвентыўна каля сваіх дамоў былі затрыманы старшыня Рады ГА «Экадом» Ірына Сухій, а таксама актывісты Васіль Сінюхін, Канстанцін Кірыленка, Вольга Каскевіч. Іх пратрымалі ў Першамайскім РУУС 3 гадзіны і адпусцілі, калі «Чарнобыльскі Шлях» завершыўся. Яшчэ некалькі эколагаў былі блакаваны ў сваіх кватэрах і не змаглі прыйсці на акцыю. Каля РУУС Савецкага раёна, куды прывезлі частку затрыманых пасля акцыі, быў затрыманы назіральнік-праваабаронца Вячаслаў Дашкевіч. Пасля «Чарнобыльскага шляху» быў жорстка збіты да крыві чатырма сілавікамі ў цывільным і затрыманы актывіст анархісцкага руху Ігар Трухановіч. Журналісткі «Нашай Нівы»  Ірына Арахоўская і Аксана Рудовіч , якія здымалі збіццё, былі затрыманы і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёна, адкуль праз некалькі гадзін былі вызвалены. У 21.45 былі затрыманы Алена Вітко (пазней вызвалена), Ян Мельнікаў (вызвалены позна ўвечары), Інна Казлоўская (непаўнагадовая, забралі бацькі) і дзяўчына Наста (прозвішча невядомае). Позна ўвечары былі затрыманы журналісты беларускага “Радыё Рацыя” Аляксандр Ярашэвіч і Генадзь Барбарыч, якія былі дастаўленыя ў Савецкі РУУС. За ўдзел у акцыі былі таксама затрыманыя актывісты “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандр Тарнагурскі і Дзмітрый Чарняк. Да суда ўсе затрыманыя ўтрымліваліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. 29 красавіка ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыліся судовыя працэсы. Журналісты Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч былі асуджаныя на трое сутак арышту кожны за «непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі» (артыкул 23.4 КаАП РБ), пастановы былі вынесены суддзёй Кірылам Палулехам. Праваабаронца Вячаслаў Дашкевіч быў асуджаны да пяці сутак адміністрацыйнага арышту па тых жа абвінавачваннях, пастанова была прынята суддзёй Дзмітрыем Паўлічэнкам. Актывіста Ігара Трухановіча асудзілі да дзесяці сутак арышту па абвінавачванні ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (суддзя Аксана Рэлява). Дзмітрый Чарняк і Аляксандр Тарнагурскі былі асуджаныя да дзесяці сутак арышту кожны па аналагічных абвінавачаннях суддзямі Аксанай Рэлява і Дзмітрыем Паўлючэнкам адпаведна.

30 красавіка на віцебскага сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава быў складзены пратакол пра парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.  Міліцыянты выклікалі яго ў Кастрычніцкі РАУС, каб зафіксаваць правапарушэнне, якога яны на свае вочы не бачылі – пратакол быў складзены на падставе здымкаў, выкладзеных у інтэрнэце. 26 красавіка Ян Дзяржаўцаў з аднапартыйцам  Віталем  Каваленкам выйшлі на вуліцу Замкавую і да помніка П. Машэраву з плакатамі "Будаваць АЭС без згоды народу можа толькі вораг Беларусі" і "Дыктатар, пабудуеш Астравец — пажнеш Чарнобыль". Верагодна, нехта з мінакоў выклікаў міліцыю.  Аднак  міліцэйская машына  пад'ехала ўжо тады, калі актывісты згарнулі плакаты і збіраліся сыходзіць. Акцыю мінакі здымалі на мабільныя тэлефоны, і ўжо ў абед фотаздымкі з’явіліся на розных інтэрнэт-сайтах. Паводле міліцыянтаў, гэта будзе выкарыстана як доказ на судовым працэсе.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

29 сакавіка суд Бялыніцкага раёна пакараў штрафам у памеры 50 базавых велічынь жыхара вёскі Лебедзянка Валерыя Вусіка нібыта за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова (30 базавых велічынь) і за распаўсюд незалежнай газеты “Магілёўскі Выбар” (20 базавых велічынь). Вёў судовае паседжанне старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз. Суддзя не задаволіў хадайніцтва Валерыя Вусіка аб удзеле ў разглядзе адміністрацыйнага працэса яго адваката, а таксама не прыняў да ўвагі пісьмовыя сведчанні шэрагу жыхароў вёскі Лебедзянкі, якія пацвярджалі, што факты парушэнняў у дзейнасці СВК “Лебедзянка”, выкладзеныя у артыкуле Валерыя Вусіка “Што змянілася за апошнія некалькі год у СВК “Лебедзянка”?” у газеце “Магілёўскі Выбар”, сапраўды мелі месца. Пры гэтым суддзя спасылаўся на тое, што супрацоўнікі Бялыніцкага РАУС прынялі пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах адміністрацыі СВК “Лебедзянка”, бо факты, выкладзеныя ў скаргах Валерыя Вусіка, не пацвердзіліся. Не прыняў да ўвагі суд і сведчанні выдаўца газеты “Магілёўскі Выбар” Барыс Вырвіча, што газета выдаецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам аб СМІ.

11 красавіка экс-рэдактару часопіса «ARCHE-Пачатак» Валеру Булгакаву прыйшоў афіцыйны адказ на яго запыт ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў (УДФР) па Мінскай вобл. і г. Мінску. Намеснік кіраўніка УДФР Бацэвічус паведаміў, што «па выніках праверкі, праведзенай УДФР КДК РБ па Мінскай вобласці і г. Мінску, у завядзенні крымінальнай справы па арт. 243 КК РБ у дачыненні да Вас… адмоўлена». У лісце Валерыю Булгакаву таксама было прапанавана з’явіцца ва УДФР па Мінскай вобл. і г. Мінску «для вырашэння лёсу выданняў», якія яму належаць. Аналагічны ліст сп. Бацэвічус адрасаваў ТАА «Інбелкульт» (былы выдавец часопіса, ад імя якога таксама быў зроблены запыт). Абедзве паперы датаваныя 9-м красавіка. 23 красавіка Міністэрства інфармацыі чарговы раз адмовіла часопісу «ARCHE-Пачатак» ва ўнясенні зменаў у звесткі аб рэгістрацыі выдання, што паставіла пад пытанне захаванне часопіса. У рашэнні за подпісам намесніка міністра інфармацыі Уладзіміра Матусевіча адзначана, што рэдакцыя нібыта не ўказала інфармацыю аб перапрызначэнні галоўным рэдактарам Валера Булгакава. У сваю чаргу аўтары часопісу назвалі рашэнне накіраваным на знішчэнне выдання.

17 красавіка ў Ашмянскім раённым судзе пачаўся разгляд справы, ініцыяванай ўпраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці, аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў альбома “Прэс-фота Беларусі – 2011”. Чатыры дзесяткі экзэмпляраў альбома было канфіскавана ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 года пры перасячэнні мяжы на памежным пераходзе “Каменны Лог”. Суддзя -- Аляксандр Давыдаў. У якасці "зацікаўленых асоб" па справе праходзілі фатографы Юлія Дарашкевіч, Аляксандр Васюковіч і Вадзім Заміроўскі, які разам з Ю.Дарашкевіч з'яўляецца арганізатарам конкурсу "Прэс-фота Беларусі". З даведкі, прадстаўленай адвакату Дарашкевіч, вынікала, што экспертная камісія, прызначаная рашэннем Гродзенскага аблвыканкама, зрабіла выснову аб тым, што ў альбоме “змяшчаюцца наўмысна скажоныя, не адпавядаючыя рэчаіснасці матэрыялы аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь”. У пачатку працэсу адвакаты заявілі хадайніцтва аб тым, каб была праведзена альтэрнатыўная экспертыза фотаальбома, але яно было адхілена. 18 красавіка суд Ашмянскага раёну прызнаў “Прэс-фота Беларусі – 2011” экстрэмісцкім і пастанавіў знішчыць 41 асобнік выдання, раней канфіскаваны беларускай мытняй. У гэты ж дзень ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказала нязгоду з рашэннем суда, адзначаючы, што “сам факт разгляду гэтай справы ў судзе выглядаў абсурдна, і менавіта ён, а не змест альбома, здольны “падарваць давер да органаў улады”. У ранейшым сваім звароце да органаў КДБ з заклікам адклікаць судовы іск БАЖ адзначала, што “фотаздымкі гэтага альбома не ўтрымліваюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і не прапагандуюць яе. Фотаздымкі не ствараюць, а толькі адлюстроўваюць рэчаіснасць. Яны па вызначэнні не могуць “утрымліваць свядома скажоных, не адпаведных рэчаіснасці домыслаў пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь”. Тое, што прэтэнзіі экспертнай групы выклікала “падборка матэрыялаў фотаальбома ў сукупнасці”, сведчыць пра перадузятае стаўленне саміх экспертаў, а не стваральнікаў альбома”. 26 красавіка журналістамі была накіравана касацыйная скарга ў Гродненскі абласны суд на рашэнне Ашмянскага раённага суда.

19 красавіка журналіст Радыё Свабода Алег Груздзіловіч і відэаапэратар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Сяргей Сацюк былі затрыманы ў Мінску падчас асвятленн акцыі пратэсту, якую ладзіла грамадзкая ініцыятыва «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» на плошчы Незалежнасці. Журналісты былі дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна, адкуль праз некалькі гадзін адпушчаны. Ім вярнулі відэапаратуру, але ўсе запісы знішчылі.

24 красавіка прыблізна ў 11.50 часова перастаў працаваць сайт«Еўрапейскага радыё для Беларусі» – замест галоўнай старонкі карыстальнікі маглі бачыць толькі абвестку пра тэхнічныя працы на сайце. «Літаральна 15 хвілін таму на сайце з’явілася надзвычайная колькасць канэктаў, – адзначыў галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк. – Магчыма гэта была тэхнічная накладка, а, магчыма, спланаваная DDOS-атака». Пасля 12-й гадзіны сайт запрацаваў у звычайным рэжыме.

24 красавіка старшыню віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова выклікалі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі Віцебска, дзе азнаёмілі з пратаколам пра парушэнне заканадаўства аб СМІ. Л. Аўтухова абвінавацілі ў тым, што была перавышана колькасць асобнікаў партыйнага бюлетэня «Магістрат», падчас раздачы якога Л.Аўтухоў быў затрыманы 22 сакавіка ў гандлёвым цэнтры "Эвіком” і за што ўжо быў асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (у бюлетэні ўтрымлівалася інфармацыя пра запланаванае святкаванне Дня Волі). Пры гэтым падчас канфіскацыі асобнікі бюллетэня не падлічваліся ў прысутнасці Л.Аўтухова, і адкуль узялася выніковая лічба, яму невядома.

25 красавіка хакеры размясцілі на галоўнай старонцы сайта belaruspartisan.org пасланне:“Мы маглі б заваліць і вас, і “Хартыю”, і “Вясну”, і многіх іншых яшчэ даўно, але мы даем вам магчымасць існаваць пад нашым кантролем. Чаму мы гэта не рабілі? Проста цікава, хто, адкуль і ШТО кажа. А цяпер у нас ёсць спіс гаваруноў, якіх папярэджваем ў апошні раз: кажыце, пішыце, але не зарывайцеся, не трэба ліць бруд і абражаць АСОБУ”.  Як адзначыла рэдакцыя сайта, гэта справа рук "хакераў у пагонах". Невядомыя, якія змясцілі на сайце заяву, прадставіліся "паслядоўнікамі групы" Анонимус ". Некалькімі днямі раней DDoS-нападу падвергнуўся сайт "Хартыя-97", яго праца была заблакаваная на гадзіну. Рэдакцыя сайта заявіла, што ў нападзе выявіўся "расійска-беларуска-ўкраінскі след (больш за 60% IP былі з Украіны, 30% - з Беларусі)".
Варта адзначыць, што сайты "Беларускі партызан", "Хартыя-97" і Праваабарончага цэнтра "Вясна" унесеныя ў так званыя “чорныя спісы” і забаронены для прагляду ў дзяржустановах.

26 красавіка падчас наведвання пляцоўкі пад будаўніцтва Астравецкай АЭС былі затрыманыя незалежныя журналісты Аляксандр Баразенка і Настасся Яўмен. Затрыманых даставілі ў мясцовы РАУС, адкуль праз некаторы час адпусцілі. Журналісты рабілі рэпартаж наведвання Астраўца з лідарам АГП Анатолем Лябедзькам і актывістамі Іванам Круком і Мікалаем Уласевічам.

26 красавіка пасля правядзення дазволенага ўладамі “Чарнобыльскага шляху” ў Мінску былі затрыманы журналісткі "Нашай Нівы"  Ірына Арахоўская і Аксана Рудовіч, якія здымалі на відэа збіццё актывіста анархісцкага руху Ігара Трухановіча. Журналісткі былі дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна, адкуль у 21. 30 былі вызвалены. Пасля заканчэння акцыі былі затрыманы журналісты Радыё Рацыя Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёна. Пасля 23 гадзіны ўвечары іх перавезлі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Раніцай 27 красавіка ў ізалятары адмовіліся для іх прыняць перадачу. Журналісты былі абвінавачаны ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (артыкул 23.4 КаАП РБ) і 29 красавіка асуджаны на 3 сутак адміністрацыйнага арышту кожны згодна з рашэннем суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірыла Палулеха.

26 красавіка быў атакаваны сайт ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” www.baj.by. DDos-атака пачалася праз 30 хвілін пасля таго, як на сайце быў размешчаны матэрыял пра спосабы абараніцца ад віртуальных нападаў на сайты. «Мы ўзялі парады ў дасведчаных IT-шнікаў, напісалі, як засцерагчыся ад узломаў і DDoS-атак, аднак самі трапілі пад прыцэл невядомых. Нашыя праграмісты спрабуюць утаймаваць атаку, аднак гэта вельмі складана, таму даводзіцца проста чакаць, пакуль яна скончыцца», — паведаміў прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі. Праз гадзіну праца сайта была ўзноўлена. 

30 красавіка тэлеканалу «Белсат» было адмоўлена ў акрэдытацыі Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Беларусь. Чыноўнікі спаслаліся на тое, што беларускія журналісты ўжо неаднаразова парушалі заканадаўства, калі супрацоўнічалі з тэлеканалам. Гэта ўжо трэцяя адмова уладаў Беларусі ў акрэдытацыі. Раней улады спасылаліся на іншыя фармальныя прычыны.

Абмежаванне свабоды сходаў

9 красавіка гомельскія ўлады забаранілі акцыю, запланаваную на 1 траўня актывістамі партыі левых “Справядлівы свет”. Заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства была накіравана ў гарвыканкам яшчэ ў сакавіку. Заяўляльнікі паспрабавалі загадзя заключыць дамовы з адпаведнымі структурамі. Але не ўдалося - бо міліцыя спаслалася на тое, што нельга заключыць дамову, пакуль няма рашэння гарвыканкаму аб дазволе на мітынг,  гарвыканкам дазволу не дае, пакуль міліцыя не заключыць дамову. Апазіцыянеры плануюць звярнуцца за тлумачэннем ў гарвыканкам, каб ім распавялі – як можна на практыцы выканаць іх рашэнне.

12 красавіка віцебскія актывісты Аляксей Гаўруцікаў, аднапартыец палітвязня Мікалая Статкевіча, і кіраўнік абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў планавалі правесці пікет салідарнасці з палітзняволенымі, а таксама супраць збяднення беларускага насельніцтва. Заяўку падалі ў Першамайскую раённую адміністрацыю, бо хацелі правесці акцыю ў адмыслова вызначаным для гэтага месцы – Парку 30-годдзя ВЛКСМ на тэрыторыі Першамайскага раёна. Раённая адміністрацыя адмовіла, спаслаўшыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму, згодна з якім, акцыі дазваляюцца толькі ў тым выпадку, калі заключаны дамовы з ЖКГ, лекарамі і супрацоўнікамі міліцыі. Служба хуткай дапамогі ўхілілася ад гэтага, напісаўшы, што "брыгадамі будзе ажыццяўляцца  абслугоўванне рэспубліканскай універсіяды  па боксу".

17 красавіка суддзя Жанна Андрэйчык (суд Цэнтральнага раёна Гомеля) разгледзела скаргу актывіста Кастуся Жукоўскага на адмоўнае рашэнне гарвыканкаму аб дазволе ў правядзенні пікета. Актывіст з паплечнікамі планавалі 1 красавіка правесці пікет «Гомельскі гарвыканкам! Прэч ад гісторыі» з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да знішчэння ўнікальнай драўлянай забудовы ў цэнтры Гомеля. Гарвыканкам не даў дазвол на правядзенне пікета, спаслаўшыся на невыкананне рашэння «Аб масавых мерапрыемствах»: не былі заключаны дамовы з міліцыяй, камунальнымі службамі і «хуткай дапамогай». Разам з тым, спробы заяўнікаў пікетаў заключыць такія дамовы натыкаліся на адмову – з боку тых жа службаў: міліцыі, «хуткай», камунальнікаў. Службы спасылаліся, што без дазволу гарвыканкаму яны не могуць заключыць дамову, гарвыканкам жа не даваў дазвол без дамоў. Гэта патлумачыў на судзе і Кастусь Жукоўскі, дадаўшы, што забарона гарвыканкаму на правядзенне пікету парушае яго канстытуцыйныя правы, а рашэнне гарвыканкаму аказваецца на практыцы невыканальным. Суд вынес рашэнне: пакінуць скаргу без задавальнення.

22 красавіка стала вядома, што ў Віцебску забаранілі дзве акцыі да ўгодкаў аварыі ў Чарнобылі. Мітынг, прысвечаны памяці Чарнобыльскай трагедыі, збіраўся арганізаваць кіраўнік абласной структуры Руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў. Імпрэзу ў Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ забараніла правесці Першамайская раённая адміністрацыя. Афіцыйная прычына – адсутнасць дамоваў з медыкамі і міліцыяй на абслугоўванне акцыі. Дамову ўдалося заключыць толькі з камунальнікамі, астатнія адказныя структуры праігнаравалі зварот дэмакратычных актывістаў. Такім чынам, арганізатары акцыі зноў паўсталі перад праблемай невыканальнага рашэння Віцебскага гарвыканкаму № 881, бо яно вымагае ад арганізатараў масавых мерапрыемстваў перад падачай заявак  заключаць дамовы на абслугоўванне  з медыкамі, камунальнікамі і міліцыяй, але ад супрацоўніцтва згаданыя структуры  адмаўляюцца. Паводле тае самае прычыны  атрымаў адмову ад Чыгуначнай раённай адміністрацыі  і кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў. Ён падаваў заяўку на правядзенне мітынга да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.

23 красавіка ў Віцебску забаранілі пікет з-за «сезонных захворванняў». Сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў ужо трэці раз не змог заключыць дамову з медыкамі на абслугоўванне масавай акцыі . Пікет, прысвечаны ўгодкам Чарнобыльскай трагедыі, быў забаронены мясцовымі ўладамі на падставе таго, што няма дамоўленасцяў з паліклінікай і міліцэйскай управай. Спадар Дзяржаўцаў адзначае, што і раней міліцыя адмаўлялася заключаць з ім дамовы, але па розных прычынах. А гарадская паліклініка над варыянтамі не раздумвае: ён там адзіны.

25 красавіка магілёўскім актывістам АГП было адмоўлена ў правядзенні пікета памяці зніклага палітыка і генерала Юрыя Захаранкі. Афіцыйна магілёўскі гарвыканкам патлумачыў адмову ў правядзенні масавага мерапрыемства тым, што заяўка пададзена на нявызначанае ўладамі месца. Актывісты АГП хацелі правесці пікет у цэнтры горада каля будынка Магілёўскага абласнога дыягнастычнага цэнтра 7-га траўня з нагоды чатырнаццатай гадавіна знікнення Юрыя Захаранкі. 1 сакавіка на гэтым месцы праводзілі свой пікет актывісты БРСМ без ніякага афіцыйнага дазволу.

25 красавіка Мінгарвыканкам не дазволіў Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) правесці 1 траўня мітынг у абарону правоў працоўных. БКДП звярнуўся да сталічных уладаў з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу ў парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. З тэлефоннай размовы з начальнікам аддзела грамадска-масавай работы Мінгарвыканкама Юрыем Уральскім лідэр БКДП Аляксандр Ярашук даведаўся: адказ выканкама ўжо высланы і ў ім адзначаецца, што "1 траўня ва ўсіх пяці паркавых зонах Мінска будуць праводзіцца афіцыйныя масавыя гулянні, таму праводзіць якія-альбо дадатковыя мерапрыемствы немэтазгодна".

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

1 красавіка Вярхоўны суд пачаў разглядаць іск Міністэрства юстыцыі супраць міжнароднага грамадскага аб’яднання «Добрая воля». Праверка арганізацыі Мінюстам пачалася са скаргі Міністэрства адукацыі, якое абвінаваціла «Добрую волю» ў нестатутнай дзейнасці (прававая падтрымка сіратаў і шматдзетных сем’яў) і выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі (паштовых канвертаў з надпісам «Добрая Воля»). Пазней Мінадукацыі адклікала свае прэтэнзіі, але Мінюст выявіў парушэнні ў дзейнасці арганізацыі (вялікая літара «В» замест малой на пячатцы, «незарэгістраваныя» канверты, памылка ў назве арганізацыі, якая бязвыплатна здае «Добрай волі» офіс у Ратамцы і інш.). Гэтых «літараў закона» хапіла, каб спыніць дзейнасць арганізацыі з 26 лістапада 2012 года па 27 студзеня 2013.У іску на ліквідацыю Мінюст прадставіў абвінавачанняў на 16 пунктах. 3 красавіка Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі «Добрай волі». Суд прызнаў, што арганізацыя нясвоечасова ўнесла змены ў статут, не прыпыніла дзейнасці ў адпаведнасці з рашэннем рэгіструючага органа, не пацвердзіла свайго міжнароднага статуса, мела хібы ў справаводстве, не падавала Мінюсту запатрабаваных звестак. Таксама арганізацыя павінна выплаціць дзяржпошліну ў памеры 300 тысяч рублёў.

1 красавіка загадам генеральнага дырэктара РУВП «Граніт» Эдуарда Гаўрылковіча з прадпрыемства ў Мікашэвічах быў звольнены Анатоль Літвінка, адзін з ініцыятараў стварэння незалежнай прафсаюзнай суполкі. Сакратару-скарбніку арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на «Граніце» (менавіта на гэтую пасаду быў абраны Анатоль Літвінка) уручылі апавяшчэнне, у якім было сказана пра скасаванне працоўнага кантракту з-за нібыта  «сістэматычнага невыканання працоўных абавязкаў». Год таму з «Граніту» была звольненая жонка Анатоля - Людміла Літвінка, якая пасля доўгі час не змагла знайсці працу ў Мікашэвічах. Акрамя таго, на працягу мінулага года былі звольнены практычна ўсе актывісты, якія знаходзіліся ля вытокаў стварэння арганізацыі - Алег Стахаевич, Мікалай Карышаў, Віталь Пашэчка, Генадзь Паўлоўскі. Пад пагрозай звальнення застаецца яшчэ адзін актывіст - Леанід Дубаносаў.

18 красавіка пракуратура Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобласці вынесла папярэджанне за дзейнасць  ад імя незарэгістраванай арганізацыі актывісту грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Аляксандру Кузьміну.  Афіцыйнае папярэджанне актывіст атрымаў за подпісам пракурора Бярозаўскага раёна, малодшага дарадцы юстыцыі Д.А. Дзярабіна. У пракуратуры яму і яго адвакату не дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі па справе, сказаўшы, што адашлюць яе кур’ерам у Бярозаўскі РАУС, і там можна будзе з імі азнаёміцца. Актывіст “Гавары праўду” паведаміў, што ў міліцыю з пісьмовым запытам даць прававую ацэнку ягоным дзеянням на тэрыторыі рэгіёна звярнуўся старшыня Белаазёрскага раёна. Аляксандр Кузьмін звязвае вынясенне папярэджаньня са сваёй актыўнай дзейнасцю вакол сітуацыі з прыватызацыяй кватэр у адным з дамоў Белаазёрска.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international