viasna on patreon

Выданне газеты па-беларуску – “ушчамленне раўнапраўя дзяржаўных моваў”?

2013 2013-05-02T16:22:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/slonimski-vesnik-kand.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Раённая газета “Слонімскі веснік”

Раённая газета “Слонімскі веснік”

У лютым сябры слонімскай суполкі БХД у Слоніме сабралі 39 подпісаў пад зваротам да галоўнага рэдактара раённай газеты «Слонімскі веснік» Кірылу Ляшчанку з патрабаваннем вярнуць на старонкі раёнкі родную мову, якую галоўны рэдактар поўнасцю знішчыў, замяніўшы яе на рускую. З 1939 года Слонімская раённая газета заўсёды выходзіла па-беларуску. З прыходам у рэдакцыю рэдактара Ляшчанкі «Слонімскі веснік» амаль цалкам стаў выдавацца па-руску. На беларускай мове застаўся толькі загаловак газеты, і толькі адзін журналіст Васіль Афанасік піша на роднай мове.

Рэдактар «Слонімскага весніка” Кірыл Ляшчанка даслаў адказ на зварот старшыні слонімскай суполкі БХД Івану Бедку. Спадар Ляшчанка спасылаецца на вынікі рэферэндуму ад 15 мая 1995 года, “пасля якога ў нас сталі дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская”. Далей рэдактар паведамляе, што, маўляў, рэдакцыя праводзіла апытанне наконт мовы газеты, дзе большасць чытачоў выказалася за тое, каб раёнка выдавалася па-руску. Хаця такога апытання за час рэдактарства Ляшчанкі на старонках «Слонімскага весніка» не было.

А яшчэ рэдактар слонімскай раёнкі хоча парадаваць слонімцаў, «бо пасля перарэгістрацыі СМІ ў 2010 годзе назва выдання мэтанакіравана не была перайменавана на русскую мову».

Такім адказам сябры слонімскай суполкі БХД засталіся незадаволеныя. Слонімец Барыс Кучынскі звярнуўся з пісьмовым зваротам да рэдактара “Слонімскага весніка” Кірыла Ляшчанкі. У звароце ён патрабуе апублікаваць на старонках раёнкі зварот слонімцаў (39 подпісаў) і побач апублікаваць адказ на іх зварот, які даслаў Ляшчанка.

Спадар Ляшчанка на такое патрабаванне-зварот зноў даслаў пісьмовы адказ, на гэты раз асабіста Барысу Кучынскаму.  У ім галоўны рэдактар раёнкі паведамляе, што не жадае выдаваць газету па-беларуску, бо “дзейнасць “Слонімскага весніка” не накіравана на ўшчамленне раўнапраўя дзяржаўных моваў, а таксама моваў іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы”.

Адносна просьбы надрукаваць калектыўны зварот і адказ на яго, спадар рэдактар паведамляе, што “рэдакцыя сродка масавай інфармацыі мае права згодна са сваім пунктам гледжання адбіраць і распаўсюджвацьу сродку масавай інфармацыі адрасаваныя ёй лісты…Ніхто не мае права абавязаць юрыдычную асобу, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродка масавай інфармацыі, распаўсюджваць адхіленыя ёю інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы…”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства