Незалежны журналіст апытаны ўчастковым пра журналістаў “Белсату”

2013 2013-05-02T11:46:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vyrvich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Незалежны журналіст Барыс Вырвіч

Незалежны журналіст Барыс Вырвіч

Раніцай 2 траўня ў прыватны дом у аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна да незалежнага журналіста Барыса Вырвіча завітаў участковы інспектар Бялыніцкага РАУС, лейтэнант міліцыі Аляксандр Емельянаў. Асноўнай прычынай для візіта супрацоўнік міліцыі назваў высвятленне пытання, якім чынам на тэлеканале “Белсат” з’явіўся матэрыял пра СВК “Лебедзянка”, і ці з’яўляюцца незалежныя журналісты, якія здымалі гэты сюжэт, “сотрудниками телеканала “Белсат”.

“Участковы інспектар Бялыніцкага РАУС Аляксандр Емельянаў з’явіўся ў мой прыватны дом у аграгарадку Вялікая Машчаніца ў 9-40 раніцы, - распавядае Барыс Вырвіч. – Супрацоўнік міліцыі спрабаваў высветліць, ці пражываю я з сям’ёй, ці з’яўляюся выдаўцом газеты “Магілёўскі Выбар”. Фармальнай падставай для візіта паслужыла заява супрацоўніка СВК “Лебедзянка” Міхаіла Бялова, пляменніка былога старшыні гаспадаркі Пятра Бялова, аб паклёпе ў яго адрас, які быццам бы здзейсніў Валерый Вусік падчас наведвання з незалежнымі журналістамі фермы СВК “Лебедзянка” 28 лютага гэтага года. Матэрыял аб СВК “Лебедзянка” пазней з’явіўся на тэлеканале “Белсат”. Праўда, для мяне засталося абсалютна незразумелым, якія я маю адносіны да заявы і гэтага матэрыяла, бо я не прысутнічаў пры яго здымках, як і тое, адкуль знянацку ўзялася гэтая заява Міхаіла Бялова.

Здзівіла мяне і тое, што асноўныя пытанні, якія цікавілі Аляксандра Емельянава – гэта тое, з якога часу выдаецца газета “Магілёўскі Выбар” і хто праводзіў здымкі на ферме СВК “Лебедзянка”, і якім чынам матэрыялы гэтых здымкаў з’явіліся на “Белсаце”. Таксама ўчастковага інспектара вельмі цікавіла, ці не ведаю я, ці з’яўляюцца незалежныя журналісты, якія здымалі гэты сюжэт, “сотрудниками телеканала “Белсат”. Дзіўна неяк – пры чым газета “Магілёўскі Выбар” і я асабіста да здымкаў на жывёлагадоўчай ферме СВК “Лебедзянка”, дзе я асабіста быў шмат гадоў таму.

Наогул, у мяне склалася ўражанне, што найбольш цікавілі супрацоўніка міліцыі якраз незалежныя журналісты, якія праводзілі здымкі, і іх магчымае супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”, на гэту тэму гучалі ўсе асноўныя пытанні, якія ён задаваў. На большасць з іх я адказаў проста – я не ведаю. Аляксандр Емельянаў у 10-20 скончыў складанне пратакола апытання і з’ехаў. Хачу таксама адзначыць, што, на мой погляд, пытанні, якія задаваў мне Аляксандр Емельянаў пры складанні пратакола, былі папярэдне падрыхтаваныя”.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international