viasna on patreon

Салігорск: Праваабаронцы пра забарону на выезд за неаплату "жыровак" (фота)

2013 2013-04-26T16:10:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saligorsk-zabarona-vyezd.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні сталіцу шахцёраў, а пасля і ўвесь байнэт, абляцела навіна пра стварэнне салігорскімі камунальнымі службамі спісаў “невыязных”. У іх мусяць уключацца асобы, якія болей за адзін месяц не аплочвалі камунальныя паслугі.

Паводле абвесткі, змешчанай у апошняй “жыроўцы” Разлікова-касавага цэнтру Салігорска, спісы неплацельшчыкаў “будуць накіроўвацца ў Дзяржаўны памежны камітэт для ўключэння ў пералік асобаў, якім часова забаронены выезд за мяжу”. Як ацэньваецца ноўхаў салігорскіх камунальнікаў, апавядаюць салігорскія праваабаронцы.

- Безумоўна, гэткія дзеянні камунальных службаў з’яўляюцца абсалютна неправавымі. З такім самым поспехам дворнік можа скласці спіс асобаў, якія кідаюць смецце паўз сметніцу і даслаць іх памежнікам. Такая абвестка скіравана выключна на запалохванне спажыўцоў камунальных паслуг, - лічыць мясцовы прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Леанід Мархотка.

Права пакідаць любую краіну, у тым ліку і ўласную, змацавана ў артыкуле 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама ў артыкуле 30 Канстытуцыі Беларусі. Зрэшты, гэтае права не з’яўляецца абсалютным і ў пэўных выпадках можа быць абмежавана. Гаворка вядзецца пра заканадаўча замацаваныя абмежаванні, неабходныя для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маралі насельніцтва ці правоў і свабод іншых. У нашай краіне гэтае права рэгулюецца Законам “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”.

Па словах салігорскага праваабаронцы Аляксея Валабуева, згодна заканадаўству самастойна накіроўваць такія спісы ў Памежны камітэт, як гэта сцвярджаецца ў абвестцы, камунальныя службы не могуць. Часовае абмежаванне на выезд у дадзеным выпадку можа быць накладзена толькі па вызначэнні суда.

- Каб у адносінах да даўжніка было вынесена рашэнне аб унясенні яго ў банк дадзеных невыязных, камунальнай службе ці Разлікова-касаваму цэнтру спачатку давядзецца звярнуцца ў суд з адпаведнай заявай з выкладаннем падставаў для яго ўнясення і доказаў, якія пацвярджаюць гэтыя падставы. Між іншым, вядзеннем гэтага банка дадзеных займаецца Міністэрства ўнутраных спраў, а не Дзяржаўны памежны камітэт,  - кажа праваабаронца.

Каб канчаткова паставіць усе кропкі над “і”, мясцовае прадстаўніцтва Беларускага Хельсінскага камітэта накіруе па факце змяшчэння ў салігорскіх “жыроўках” дадзенай абвесткі запыт у пракуратуру з патрабаваннем правядзення праверкі яе законнасці.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства